№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Стывен Крэйн (Stephen Crane)

1871 - 1900

Стывен Крэйн
Амерыканскі празаік, паэт і журналіст. Сучасныя крытыкі лічаць яго адным з самых навацыйных пісьменнікаў свайго часу.

Стывен Крэйн быў чатырнаццатым і апошнім дзіцем у сям’і святара і дачкі царкоўніка. Чацвёра іх дзяцей, што нарадзіліся да “Стыві”, як яго празвалі ў сям’і, паміралі не пражыўшы і году. Збольшага хлопчыка выхоўвала яго сястра Агнэса, старэйшая на 15 гадоў.

Стывен Крэйн пачаў пісаць у чатыры гады і ўжо ў 16-гадовым узросце меў некалькі друкаваных артыкулаў.

Калі хлопчыку было 10 гадоў, памёр яго бацька, а ў 1891 годзе памерла маці. Крэйн пераехаў у Нью-Ёрк, дзе зняў пакойчык у бедным гатэлі і ўладкаваўся на працу газетным рэпарцёрам. Яго мастацтва нарысіста адзначылі многія, і ён узяўся за напісанне свайго першага вялікага твора – аповесці пра жыццё насельнікаў нью-ёркскіх мэбляваных пакояў. Яго кніга “Maggie: A Girl of the Streets” (1893), гісторыя маладой дзяўчыны, якая праз абыякавасць сваіх блізкіх мусіла пайсці на панэль, была спачатку адрынутая выдаўцамі. Пісьменнік выдаў яе за свой кошт пад псеўданімам Джонстан Сміт (Johnston Smith). Прадавалася яна кепска, але знайшла падтрымку ў некаторых вядомых літаратараў, якім Крэйн даслаў экзэмпляры аповесці. На кнігу з’явіліся шматлікія рэцэнзіі, аўтар атрымаў вядомасць. Крэйн знаёміцца з Маркам Твэнам і Фрэнсісам Брэтам Гартам.

Тады ж пісьменнік пачаў працаваць над вершамі, натхнёны творчасцю Эмілі Дыкінсан.

Адначасова з вершамі Крэйн піша кнігу, якая пасля прынесла яму сусветную славу, – “Пунсовы знак адвагі” (The Red Badge of Courage). Раман і дагэтуль лічыцца найлепшай кнігай пра Грамадзянскую вайну ў ЗША. У перыёдыцы раман з’явіўся ў 1894 годзе, а ўжо ў 1895-м асобная кніга забяспечыла яму фінансавы поспех. У 1895 годзе Крэйн выправіўся ў вандроўку па ЗША і Мексіцы, у выніку якой былі напісаныя яго знакамітыя апавяданні “Блакітны гатэль” (The Blue Hotel) і “Як маладая прыехала ў Елаў-Скай” (The Bride Comes to Yellow Sky).

Пры канцы 1896 году Крэйн паехаў на Кубу. 2 студзеня 1897 году яго карабель патануў, і ён цудам дабраўся да берагу. Пазней гэты выпадак пісьменнік адлюстраваў у адным з самых знакамітых сваіх апавяданняў – “Лодка ў адкрытым моры” (The Open Boat). У тым жа годзе выйшлі яго раманы “Маці Джорджа” (George's Mother, 1896) і “Трэцяя фіялка” (The Third Violet, 1896).

У 1897 годзе Крэйн выправіўся на поле бітвы грэцка-турэцкай вайны, адкуль дасылаў рэпартажы ў амерыканскія газеты. Пасля сканчэння вайны ён пасяліўся ў Англіі. Там жа пасябраваў з Генры Джэймсам, Джозэфам Конрадам і Гербертам Ўэлсам. У 1898 годзе выходзіць зборнік яго апавяданняў “Лодка ў адкрытым моры і іншыя прыгодніцкія гісторыі” (The Open Boat and Other Tales of Adventure). У наступным годзе – зборнік паэзіі “Добрая вайна” (War is kind).

Апошнія гады жыцця пісьменніка былі азмрочаныя хваробай на сухоты. Да таго ж ён ніяк не мог вызваліцца ад пазыкаў, якія прымушалі яго ўвесь час працаваць. Ён надрукаваў раман “Пачвара і іншыя апавяданні” (The Monster and Other Stories, 1899), “Раны пад дажджом” (Wounds in the Rain, 1900), “Ўіламвільскія гісторыі” (Whilomville Stories, 1900). У 1900 годзе ён у асноўным дыктаваў свае апавяданні і новы раман “О’Рудзі” (The O'Ruddy, 1903), які быў завершаны Р. Барам пасля смерці Крэйна.

Стывен Крэйн памёр 5 чэрвеня 1900 году ў Германіі.

Чытайце таксама

Ульф Старк

Ульф Старк

Шведскі пісьменнік і сцэнарыст

Алег Шынкарэнка

Алег Шынкарэнка

Нарадзіўся ў Запарожжы

Шолам-Алейхем

Шолам-Алейхем

Габрэйскі пісьменнік, драматург і асветнік, адзін з пачынальнікаў літаратуры на ідыш

Гейр Гуліксэн

Гейр Гуліксэн

Нарвежскі паэт, раманіст, эсэіст, драматург, дзіцячы пісьменнік, выдавец.

1599