№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Албэрту Каэйру (Alberto Caeiro)

1889 - 1915

Албэрту Каэйру
Албэрту Каэйру да Сілва нарадзіўся у Лісабоне … красавіка 1889 г. і памёр тамсама ад сухотаў … (дня) 1915 г. Ягонае жыццё, аднак, прайшло амаль цалкам на хутары ў Рыбатэжу, толькі апошнія месяцы ён правёў у родным горадзе. На хутары былі напісаныя амаль усе яго вершы, якія ўвайшлі ў кнігу “Пастух” (O Guardador de Rebanhos), і якія ўвайшлі ў кнігу, так бы мовіць, няскончаную, пад назвай “Закаханы пастыр” (O Pastor Amoroso), і тыя першыя, якія я сам, атрымаўшы ў спадчыну для публікацыі, разам з іншымі сабраў пад тытулам, які мне ласкава падказаў Алвару ды Кампуш, – “Разрозненыя вершы” (Poemas Inconjuntos). Гэтыя вершы з’яўляюцца плёнам апошняга перыяду жыцця аўтара, які зноў пасяліўся ў Лісабоне. Лічу сваім абавязкам звярнуць увагу на гэтую невялікую акалічнасць, таму што некаторыя з апошніх вершаў праз наступствы хваробы праяўляюць новыя рысы і выбіваюцца з агульнага характару творчасці, як па сваёй сутнасці, так і па кірунку.

Жыццё Каэйру нельга апісаць, бо ў ім няма чаго апісваць. У яго жыцці былі толькі яго вершы. Больш нічога не здаралася, няма пра што расказваць. Адзіны кароткі эпізод, няўдалы і бязглузды, які спарадзіў “Закаханага пастыра”, быў не здарэннем, а хучэй, так бы мовіць, забыццём.

Творчасць Каэйру ўяўляе сабой поўнае аднаўленне паганства ў яго абсалютнай сутнасці, такое, якім не маглі яго зрабіць ні грэкі, ні рымляне, хаця і жылі ў ім, але не задумваліся пра яго. Творы Каэйру, між іншым, і яго паганства, якое раней не маглі ні ўявіць, ні спазнаць, бралі выток з таго, што знаходзіцца ў глыбіні нас саміх, глыбей за свядомасць і розум. Сказаць больш азначала б нявартую спробу тлумачэння, сцвярждаць меншае было б хлуснёй. Уся яго творчасць сама гаворыць за сябе, толькі ёй уласцівым голасам, на той мове, на якой яна нарадзілася ў галаве, і калі хтосьці не разумее – ён і не можа зразумець, таму няма чаго тлумачыць. Гэта як давесці нешта на іншай мове таму, хто не размаўляе на ёй.

Няведанне жыцця і амаль поўнае няведанне літаратуры, адрыў ад культуры дазволілі Каэйру зрабіць у творчасці незаўважны і сур’ёзны зрух наперад, накшталт таго, які кіруе лагічным развіццём цывілізацый праз несвядомую свядомасць чалавека. Гэта быў зрух у адчуваннях, ці, хутчэй, у спосабах адчуваць, асабістая эвалюцыя разважанняў, якія спараджаліся гэтымі новымі адчуваннямі. Са звышчалавечай інтуіцыяй, уласцівай тым, хто засноўвае рэлігіі, але не ставячы сабе гэта за мэту, таму што адмаўляе ўсякую рэлігію і ўсякую метафізіку, гэты чалавек апісаў свет, не разважаючы пра яго, і сварыў канцэпцыю сусвету, у якой няма месца інтэрпрэтацыі.

Рыкарду Рэйш


Перакладзена з выдання: Páginas Íntimas e de Auto-Interpretação. Fernando Pessoa. (Textos estabelecidos e prefaciados por Georg Rudolf Lind e Jacinto do Prado Coelho.) Lisboa: Ática, 1996.

пераклад з партугальскай – Наста Гвоздзева

Чытайце таксама

Томас Эспедал

Томас Эспедал

Нарвежскі пісьменнік.

Міхай Эмінэску

Міхай Эмінэску

Найвядомейшы ў свеце румынскі пісьменнік, класік румынскага рамантызму

Жоржы ды Сэна

Жоржы ды Сэна

Партугальскі празаік, паэт, драматург, крытык, эсэіст, перакладчык

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

1349