№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эмілі Дыкінсан (Emily Dickinson)

1830 - 1886

Эмілі Дыкінсан
Амерыканская паэтка Эмілі Дыкінсан пры жыцці надрукавала не больш за дзесяць вершаў і цягам ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў не разглядалася крытыкамі як сур’ёзны творца. Першае выданне вершаў Дыкінсан амаль без рэдагавання выйшла толькі ў 1955 годзе (выдавец Томас Джонсан) – у ранейшых выданнях рэдактары імкнуліся прывесці незвычайную форму вершаў паэткі (кароткія радкі, незвычайная пунктуацыя, частае ўжыванне вялікіх літараў, адсутнасць назвы) да паэтычных нормаў свайго часу. На сённяшні дзень Эмілі Дыкінсан называюць адным з самых значных амерыканскіх паэтаў.

Нарадзілася будучая паэтка ў Новай Англіі (Амхерст, штат Масачусэтс), 10 снежня 1830 году, у сям’і Эдварда Дыкінсана, юрыста і палітыка, што доўгі час уваходзіў у палату прадстаўнікоў і сенат штата, а таксама быў кангрэсмэнам ЗША, і Эмілі Дыкінсан (у дзявоцтве Норкрас). У сям’і было трое дзяцей: старэйшы сын Ўільям Остын, Эмілі Элізабэт і Лавінія. У доме, дзе нарадзілася Эмілі, сёння знаходзіцца яе мемарыяльны музей.

Паводле ўспамінаў розных людзей, Эмілі была спакойным дзіцем з добрымі паводзінамі; цётка будучай паэткі Лавінія так апісвала двухгадовую Эмілі: “Яна цудоўная і задаволеная… вельмі харошае дзіця, якое стварае вельмі мала праблемаў”. Тая ж цётка Лавінія пазней згадвала пра цікавасць дзяўчынкі да музыкі і пра яе талент у гранні на фартэпіяна.

Дыкінсан атрымала цалкам звычайную для віктарыянскай дзяўчынкі адукацыю – спачатку наведвала пачатковую школу, пасля, 7 верасня 1840 году, разам з сястрой Лавініяй паступіла ў амхерсцкі каледж, які толькі за два гады да гэтага пачаў прымаць дзяўчат, дзе правяла сем гадоў, вывучаючы ангельскую і лацінскую мовы і класічную літаратуру, батаніку, геалогію, гісторыю, арыфметыку.

У 1844 годзе памерла ад тыфу стрыечная сястра Эмілі Сафія Холанд, і смерць гэтая моцна траўмавала будучую паэтку. На некаторы час ёй давялося перарваць навучанне і выправіцца ў Бостан, каб паправіцца. У далейшым тэма смерці стала вельмі важнай у яе творчасці.

Скончыўшы 10 жніўня 1847 году каледж, Эмілі пачала наведваць жаночую семінарыю, але праз дзесяць месяцаў кінула яе і вярнулася дадому.

Калі Эмілі было васямнаццаць, яна пазнаёмілася з маладым адвакатам Бэнджамінам Франклінам Ньютанам, які стаў сябрам сям’і, а для паэткі – адным з тых старэйшых за яе мужчынаў, якія моцна на яе паўплывалі і якіх яна лічыла сваімі настаўнікамі. Ньютан пазнаёміў яе з вершамі Ўільяма Ўордсварта, падарыў кнігу вершаў Ральфа Ўолда Эмерсана і вельмі паважаў яе паэтычны талент: паміраючы ад туберкулёзу, ён пісаў ёй, кажучы, што хацеў бы дажыць да часу, калі яна дасягне той велічы, якую ён прадбачыць.

Вясной 1855 году Эмілі Дыкінсан разам з маці і сястрой выпраўляецца ў сваё самае далёкае падарожжа – яна праводзіць тры тыдні ў Вашынгтоне, дзе яе бацька прадстаўляе штат Масачусэтс у Кангрэсе. Пасля яны на два тыдні затрымліваюцца ў Філадэльфіі, каб наведаць родных. У Філадэльфіі Эмілі знаёміцца з Чарлзам Ўэдсвартам, знакамітым святаром, з якім у яе завязваецца цеснае сяброўства да самай яго смерці ў 1882 годзе. Нягледзячы на тое, што яны бачыліся толькі двойчы пасля 1855 году, Дыкінсан называе яго ў лістах “мая Філадэльфія”, “мой святар”, “мой самы дарагі ў свеце сябра”.

Пачынаючы з сярэдзіны 1850-х, маці Эмілі пачынае моцна хварэць (хварэла да самай сваёй смерці ў 1882 годзе), і значная частка хатніх абавязкаў перайшла да паэткі. Праз чатырнаццаць гадоў Лавінія зазначыла, што, улічваючы хранічную хваробу маці, адна з яе дачок мусіць заўжды быць пры ёй. Гэтую ролю ўзяла на сябе Эмілі.

Усё больш і больш аддаляючыся ад свету, улетку 1858 году Эмілі пачала ствараць корпус вершаў, якія цяпер лічацца самай значнай часткай яе спадчыны, старанна перапісваючы вершы і складаючы іх у рукапісныя кнігі. Пра існаванне гэтых кніг ніхто да яе смерці не ведаў. Але самым прадуктыўным часам яе творчасці лічыцца першая палова 1860-х гадоў.

У красавіку 1862 году Дыкінсан пазнаёмілася з літаратурным крытыкам Томасам Ўэнтвартам Хігінсанам (якому напісала ліст, прачытаўшы яго эсэ ў The Atlantic Monthly). Між імі завязалася ліставанне. Хігінсан захапляўся яе творчасцю, але думаў, што яна не хоча, каб яе вершы трапілі ў друк (не ведаючы, што асобныя яе творы ўжо былі надрукаваныя ў часопісе Springfield Republican у канцы 1850-х дзякуючы спрыянню яго рэдактара Сэмюэла Боўлза). Яна і сама ўпэўнівала яго, што думка пра выданне яе вершаў “чужая для яе, як небасхіл – для плаўніка рыбы”, аднак дадавала: “Калі слава належыць мне, я не змагу пазбегнуць яе”.

Дыкінсан падабалася апісваць сябе ў лістах да Хігінсана самым таямнічым чынам: “Я маленькая, як птушачка, мае валасы непаслухмяныя, як калючкі на каштанах, а мае вочы падобныя да херасу, які госці пакідаюць на донцы шклянкі”. Дыкінсан вельмі цаніла парады Хігінсана, з часам пачаўшы называць яго “дарагі сябра” і падпісвацца “Ваш гном” ці “Вашая вучаніца”. Яго цікавасць да яе творчасці моцна падтрымлівала Эмілі; праз шмат гадоў пасля знаёмства яна пісала, што ў 1862 годзе ён уратаваў ёй жыццё. Ліставаліся яны да самай смерці паэткі.

У другой палове 1860-х гадоў паводзіны Эмілі робяцца для іншых людзей усё больш дзіўнымі. Яна пакідае дом усё радзей і радзей і нават размаўляе з гасцямі праз дзверы, не выходзячы да іх. Амаль ніхто яе не бачыць, а калі і бачыць, то заўважае: Дыкінсан увесь час надзявае белую сукенку. З тымі нешматлікімі суседзямі, з якімі яна падтрымлівае стасункі, яна абменьваецца невялічкімі цыдулкамі. Нягледзячы на такую ізаляцыю, яна застаецца добразычлівай у дачыненні да іншых людзей: калі да сям’і прыходзілі госці, яна часта перадавала ім маленькія падаруначкі, вершы ці кветкі. Апроч гэтага, яна добра ўмела ладзіць з дзецьмі.

Сучаснікі лепш ведалі Дыкінсан-садоўніцу, чым Дыкінсан-паэтку. Яна вывучала батаніку з дзевяцігадовага ўзросту і разам з сястрой даглядала сад, які, на жаль, не захаваўся. Апроч гэтага, яна збірала гербарый, для якога сушыла расліны, а пасля класіфікавала іх паводле Лінэя. Часам Дыкінсан дасылала сябрам букеты кветак з уласнымі вершамі, але, паводле біёграфаў, кветкі цанілі больш за паэзію.

15 чэрвеня 1874 году бацька паэткі, знаходзячыся ў Бостане, памёр ад інсульту. Роўна праз год, 15 чэрвеня 1875 году, з маці Дыкінсан таксама здарыўся ўдар, што пацягнула за сабой частковы паралюш і пагаршэнне памяці. Пакутуючы ад няшчасцяў, што напаткалі сям’ю, Дыкінсан пісала: “Дом так далёка ад Дому”.

У апошнія гады жыцця Дыкінсан працягвала пісаць, але ўжо нічога больш не выдавала і не ўпарадкоўвала свае творы. Яна папрасіла сястру спаліць пасля яе смерці ўсе яе паперы. Лавінія, якая таксама ніколі не выйшла замуж, так і жыла ў Хомстэдзе да сваёй смерці ў 1899 годзе.

У 1872–1873 гадах Дыкінсан пазнаёмілася з Отысам Філіпсам Лордам, масачусэцкім суддзём. Мяркуецца, што пасля смерці яго жонкі ў 1877 годзе стасункі паміж Лордам і паэткай сталі больш блізкімі, аднак амаль усё іх ліставанне было знішчанае. У 1884 годзе Лорд памёр пасля доўгай і працяглай хваробы. Дыкінсан назвала яго сваёй апошняй стратай, бо незадоўга да гэтага, 1 красавіка 1882 году памёр (таксама пасля доўгай хваробы) яшчэ адзін блізкі ёй чалавек – Чарлз Ўэдсварт, а 14 лістапада 1882 году – маці паэткі (хаця Дыкінсан пасля пісала, што блізкімі яны ніколі не былі).

У канцы 1884 году Дыкінсан пісала: “Гэтыя Смерці занадта цяжкія для мяне, і варта мне толькі ўзняць сваё Сэрца пасля адной, як адразу ж прыходзіць другая”. Здароўе яе пагоршылася. У лістападзе 1885 году слабасць зрабілася такой відавочнай, што брат адмяніў сваю паездку ў Бостан. Некалькі месяцаў паэтка была прыкутая да ложку, але вясной яшчэ здолела разаслаць сябрам лісты. 15 траўня 1886 году яна памерла. Прычынай смерці пазначылі хранічны нефрыт, які доўжыўся каля двух з паловай гадоў. На пахавальнай службе Хігінсан прачытаў верш Эмілі Бронтэ “Мая баязлівая душа” – любімы верш паэткі.

Пасля смерці Эмілі Лавінія стрымала сваё абяцанне і спаліла большую частку карэспандэнцыі паэткі. Але вершы, запісаныя ў нататнікі, былі захаваныя. На сённяшні дзень яна лічыцца значным творцам амерыканскай літаратуры, і многія крытыкі лічаць яе разам з Ўолтам Ўітмэнам, Ўолесам Стывенсам, Робертам Фростам, Томасам Стэрнзам Эліятам і Хартам Крэйнам адным з самых значных паэтаў, якіх толькі нараджала амерыканская зямля.

Чытайце таксама

Сэфі Ата

Сэфі Ата

Нігерыйская пісьменніца, драматург. Жыве ў ЗША, піша па-ангельску

Мікалай Гогаль

Мікалай Гогаль

Рускі празаік, драматург, паэт, крытык, публіцыст украінскага паходжання

Святлана Макаравіч

Святлана Макаравіч

Адна з найбольш яскравых і спрэчных постацяў у сучаснай славенскай літаратуры

Дзіна Кампана

Дзіна Кампана

Італьянскі паэт

1769