№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Кейт Шапэн (Kate Chopin)

1850 - 1904

Кейт Шапэн
Амерыканская пісьменніца. Некаторыя навукоўцы лічаць яе прадвесніцай фемінісцкай літаратуры ХХ стагоддзя.

Кейт Шапэн (у дзявоцтве Кейт О’Флаэрці) нарадзілася ў горадзе Сэнт-Луіс у штаце Місуры. Яе бацька быў паспяховым бізнэсоўцам-эмігрантам з Ірландыі, маці мела французскія карані. З дзяцінства дзяўчынка размаўляла на дзвюх мовах: ангельскай і французскай. Але фармаванне яе асобы праходзіла не толькі ва ўмовах білінгвізму, але і бікультуралізму – уплыў французскага светапогляду, а таксама французскай літаратуры на яе жыццё і творчасць вельмі значны.

З 1867 па 1870 год Кейт вядзе “дзённік”, куды запісвае як свае думкі, так і цытаты з літаратурных твораў. У 1869 годзе яна піша невялікую зацемку “Вызваленне: Казка з жыцця” (Emancipation: A Life Fable).

У дзевятнаццацігадовым узросце Кейт сустракае Оскара Шапэна з Луізіяны і ў 1870 годзе выходзіць за яго замуж. Пасля вясельнага падарожжа па ЗША і Еўропе Шапэны пасяляюцца ў Новым Арлеане, дзе Оскар займаецца баваўняным бізнэсам.

Да дваццацідзевяцігадовага ўзросту Кейт нарадзіла пяць сыноў і дачку. У 1879 годзе, пасля краху бізнэсу Оскара ў Новым Арлеане, сям’я пераязджае ў невялікую французскую вёсачку Клотэрвіль на паўночным захадзе Луізіяны. У 1882 годзе ад малярыі памірае яе муж, пакінуўшы па сабе пазыку ў 12 000 даляраў (каля 263 432 даляраў у пераліку на грошы 2009 г.), і Кейт застаецца ўдавою з шасцю дзецьмі на руках. Паўторна замуж цягам свайго жыцця яна не выйшла.

Шапэн спрабавала працягваць справу мужа і кіраваць плантацыяй і крамай, якой той валодаў, але без асаблівага поспеху. Таму праз два гады яна прадае маёмасць і вяртаецца ў свой родны горад Сэнт-Луіс. З дапамогай маці фінансавыя праблемы сканчаюцца. Але праз год маці памірае.

Разбітая смерцю мужа і маці, Шапэн паглыбляецца ў дэпрэсію. Яе акушэр і сябра сям’і заклікаў жанчыну пачаць пісаць. Пісьменніцтва магло б, з аднаго боку, дапамагчы ёй выкараскацца з прыгнечанага эмацыйнага стану, а з другога – стаць крыніцай пэўнага прыбытку. І пад уплывам Гі дэ Мапасана і іншых французскіх і амерыканскіх аўтараў Кейт пачынае пісьменніцкую дзейнасць.

У 1889 годзе яе першае апавяданне з’яўляецца ў газеце St. Louis Post Dispatch. А ў 1890 годзе выходзіць яе першы раман At Fault. Раман апавядае гісторыю трыццацігадовай удавы-каталічкі, якая кахае разведзенага мужчыну. З аднаго боку, як каталічка яна не можа прыняць ідэю разводу, але з другога – не ў стане адрынуць чалавека, якога кахае. Раман At Fault нясе ў сабе адлюстраванне таго, што непакоіла Шапэн у пачатку яе пісьменніцкай кар’еры.

Крыху пазней яна заканчвае свой другі раман Young Dr. Gosse and Théo, але, так і не здолеўшы знайсці для яго выдаўца, знішчае рукапіс.

У гэты час яна робіцца заўважнай у мясцовых літаратурных і культурных колах Луізіяны. Цягам наступнага дзесяцігоддзя, хоць і не адрынаючы сацыяльнае жыццё, яна заглыбляецца ў пісьменства і вядзе строгі ўлік таго, калі яна напісала кожнае з прыкладна сотні сваіх апавяданняў, у якія часопісы іх даслала, калі яе творы прынялі (ці адрынулі) і надрукавалі і колькі ёй за іх заплацілі.

У 1891 годзе яна піша A No-Account Creole і іншыя апавяданні. У 1892 – Désirée’s Baby, апавяданне At the 'Cadian Ball, друкуе Two Tales, і яшчэ восем апавяданняў выходзяць у друк. У наступным годзе ў перыёдыцы з’яўляюцца трынаццаць яе апавяданняў. Шапэн едзе ў Бостан і Нью-Ёрк у пошуках выдаўца для сваіх апавяданняў і раману.

У 1894 годзе яна піша Lilacs. У часопісе Vogue з’яўляюцца “Гісторыя адной гадзіны” (The Story of an Hour) і A Respectable Woman. Таксама ў выдавецтве Houghton Mifflin выходзіць яе першы зборнік з дваццаці трох апавяданняў Bayou Folk.

Яе першы зборнік карыстаўся поспехам. Па сведчаннях самой Шапэн, яна налічыла сотню згадак пра яго ў прэсе. Сярод самых значных выданняў, якія звярнулі на яго ўвагу, – New York Times і Atlantic. Большасць крытыкаў лічылі яе апавяданні прыемнымі і панаднымі.

У 1895 годзе яна піша Athénaïse, і ў перыёдыцы з’яўляюцца дванаццаць яе апавяданняў. У 1896 годзе Шапэн стварае апавяданне “Пара ядвабных панчохаў” (A Pair of Silk Stockings). А ў 1897 годзе ў чыкагскім выдавецтве Way and Williams пабачыў свет другі зборнік апавяданняў Кейт Шапэн Night in Acadie.

Як і Bayou Folk, другі яе зборнік тагачасныя крытыкі сустрэлі ўхвальна. Сучасныя крытыкі лічаць яго выдатным прыкладам амерыканскай літаратуры ХІХ стагоддзя.

У 1897 годзе памірае яе бабуля. Тады Шапэн працуе над сваім новым раманам“Абуджэнне” (The Awakening), які сканчвае ў 1898 годзе. У той жа час яна піша апавяданне The Storm, працяг апавядання At the 'Cadian Ball’, але, натуральна, праз яго сэксуальны кантэкст не спрабуе яго надрукаваць. Ды і наўрад ці хоць адзін вядомы амерыканскі выдавец узяўся б гэта зрабіць. У 1899 у выдавецтве Herbert S. Stone выходзіць раман The Awakening.

Менавіта праз гэты раман Кейт Шапэн і вядомая цяпер ва ўсім свеце. Але ў той час толькі некаторыя крытыкі станоўча ацанілі The Awakening. Большасць жа закляйміла яго як “гідкі”, “брыдкі”, “непрыемны”, “нездаровы” і “атрутны”.

Раман апавядае гісторыю Эдны Пантылье і яе спробу паўстаць супраць асноваў тагачаснага патрыярхальнага грамадства амерыканскага Поўдня.

Новае прачытанне, а за ім прызнанне раман атрымаў толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.

Нядобразычлівыя водгукі пра раман моцна расстроілі Кейт Шапэн, і яна вырашыла сканцэнтравацца на апавяданнях.

У 1900 годзе Vogue друкуе два яе творы. Шапэн рыхтуе да друку трэці зборнік A Vocation and a Voice, які з невядомых прычынаў выдавец Herbert S. Stone у выніку адмаўляецца выпускаць. У 1902 годзе ў часопісе Youth's Companion з’яўляецца апошняе яе апавяданне.

20 жніўня 1904 году пасля Сусветнага кірмашу ў Сэнт-Луісе Кейт Шапэн вяртаецца дахаты моцна стомленая, скардзіцца сыну на галаўны боль. На наступны дзень страчвае прытомнасць і 22 жніўня памірае. Дактары ставяць дыягназ “кровазліццё ў мозг”. Пахаваная Кейт Шапэн на могілках у Сэнт-Луісе

Чытайце таксама

Сабіна Брыло

Сабіна Брыло

Беларуская паэтка, журналістка.

Аркадзь Аверчанка

Аркадзь Аверчанка

Рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пасля рэвалюцыі жыў на эміграцыі

Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

Чэшскі драматург, эсэіст, дысідэнт, першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі

Джэйн Остэн

Джэйн Остэн

“Першая лэдзі” ангельскай літаратуры, якая запачаткавала сямейны раман

1421