№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марыя Французская ( Marie de France)

канец ХІІ - пачатак ХІІІ ст.

Марыя Французская

Марыя Французская – паэтка, якая, як мяркуецца, нарадзілася ў Францыі ў канцы ХІІ ст. жыла ў Англіі, аднак пра жыццё яе амаль нічога не вядома. Адзін з найлепшых старафранцузскіх паэтаў ХІІ ст., яна не толькі пісала ўласныя творы, але і рабіла пераклады з лаціны, а таксама стварыла пераказы баек Эзопа.

Нават сапраўднае імя паэткі невядомае; сама яна пісала пра сябе: “Маё імя Марыя, і я з Францыі”. У тыя часы Францыяй называлі сённяшнія землі Іль-дэ-Франса. Менавіта зыходзячы са згаданых словаў Марыяй Французскай паэтку назваў яе першы выдавец, Жан-Батыст дэ Ракфор, у 1820 годзе. Існуе меркаванне (яго, у прыватнасці, трымаўся Джон Фаўлз), што Марыя была пазашлюбнай сястрой ангельскага караля Генрыха ІІ. У бацькі Генрыха, Жафруа Плантагенэта, была дачка Марыя, якая стала абатысай Шэфтсберыйскага абацтва прыкладна ў 1180 годзе, – менавіта з ёй часам атаясамліваюць Марыю Французскую. У такім выпадку Марыя Шэфтсберы-Французская нарадзілася да 1150 году і памерла ў 1216 годзе. Апроч абатысы Шэфтсберы Марыяй Французскай маглі быць Марыя, абатыса Рэдынгскага абацтва, Марыя Булонская, Марыя, абатыса Баркінгскага абацтва і Марыя Меланская, жонка Х’ю Толбата.

Марыі Французскай прыпісваюць наступныя творы: зборнік, які складаецца з 12 лэ, зборнік 102 “эзопаўскіх” баек, пераказ бачання святога Патрыка “Легенда пра чысцец” і “Жыццё святога Адрэ” (то бок святога Этэльрэда). Навукоўцы датуюць творы Марыі Французскай ад 1160 да 1215 году, але найбольш верагодна, што яны былі напісаныя паміж 1170 і 1205 гадамі. Адзін з яе зборнікаў, лэ, прысвечаны “высакароднаму каралю”, другі – “графу Ўільяму”. Лічыцца, што кароль, да якога скіраванае прысвячэнне, – гэта альбо Генрых ІІ Ангельскі, альбо яго старэйшы сын Генрых Малады Кароль. Граф Ўільям, найбольш верагодна, – гэта альбо Ўільям дэ Мандэвіль, альбо Ўільям Маршал. З гэтага робіцца выснова, што яна бывала пры англа-нармандскім двары і, магчыма, прыбыла ў Англію ў складзе двара Элеаноры Аквітанскай. Пра тое, што яна нарадзілася ў Францыі, сведчыць яе нармандскі дыялект.

Ангельскі паэт-манах Дэні Пірамус у “Жыцці святога Эдмунда, караля” (Vie Seint Edmund le rei, пасля 1170) называе паэтку “дамай Марыяй”, падкрэсліваючы яе высакароднае паходжанне, і досыць з’едліва гаворыць пра папулярнасць яе лэ. Першая згадка пра яе як пра Марыю Французскую прысутнічае ў зборніку “Пра паходжанне французкай мовы паэзіі” (Recueil de l’origine de la langue et poésie françoise, 1581) Клода Фашэ. У 1816 годзе ангельская паэтка Матыльда Бэтам напісала пра яе паэму “Падман Марыі”, а апавяданне “Элідзюк” Джона Фаўлза прысвечанае аднайменнаму лэ.

Чытайце таксама

Фрыдрых Дзюрэнмат

Фрыдрых Дзюрэнмат

Швейцарскі пісьменнік, драматург і мастак, лаўрэат мноства прэміяў

Кацярына Маціеўская

Кацярына Маціеўская

Перакладае з французскай, ангельскай, польскай, нідэрландскай, афрыкаанс

Ян Вагнэр

Ян Вагнэр

Нямецкі паэт і перакладчык

Антоні Эдвард Адынец

Антоні Эдвард Адынец

Беларускі польскамоўны паэт, перакладчык і драматург, сябра Таварыства філарэтаў

1089