Роберт Вальзэр (Robert Walser)
1878 - 1956
Будучы пісьменнік нарадзіўся 15 красавіка 1878 году ў шматдзетнай сям’і, быў з маладых гадоў апантаны тэатрам (перш за ўсё – драмамі Фрыдрыха Шылера), у 14 гадоў кінуў школу, у 17 – бацькоўскі дом. Ніколі падоўгу не сядзеў на адным месцы, зарабляў на жыццё ў Берне, Базэлі, Штутгарце, Цюрыху самымі рознымі заняткамі (хатні служка, сакратар у адвакацкай канторы, службовец страхавой кампаніі, прадавец у кніжнай лаўцы, банкаўскі клерк). З 1905 году жыў у Берліне ў брата, вядомага жывапісца і афармляльніка Карла Вальзэра, зблізіўся там з мастакамі Берлінскага Сецэсіёну (мастацкае аб’яднанне берлінскіх мастакоў і скульптараў канца ХІХ ст., што адмаўлялі даміноўнае тады акадэмічнае мастацтва), выдаўцом Бруна Касірэрам (братам філосафа Эрнста Касірэра). У 1913 годзе вярнуўся ў Швейцарыю, жыў у Б’ене, затым у Берне, шмат пісаў для газетаў і часопісаў і падарожнічаў пешшу. У гэты час адзін з яго братоў, Эрнст, памёр у 1916 годзе ў псіхіятрычнай клініцы, другі, Герман, у 1919 годзе скончыў жыццё самагубствам.
Роберт Вальзэр дэбютаваў у 1898 г. на старонках бернскай газеты Der Bund як паэт, пасля зблізіўся з колам мадэрнісцкага часопіса Die Insel (там выдаваліся Гафмансталь, Ведэкінд, Метэрлінк, Рыльке, Стрындберг і інш), дзе публікаваў свае вершы і апавяданні. У 1904 у выдавецтве Insel выйшаў яго першы раман “Сачыненні Фрыца Кохера” (Fritz Kochers Aufsätze).
Творы Вальзэра прыцягнулі ўвагу К. Маргенштэрна, К. Тухольскага, Р. Музіля, Г. Гесэ, Ф. Кафкі, Т. Мана і іншых найбуйнейшых нямецкамоўных пісьменнікаў эпохі.
Вальзэр напісаў аўтабіяграфічныя раманы “Суўдзельнік” (Der Gehülfe, 1908, экранізаваны ў 1976), “Якаб фон Гунтэн” (Jacob von Gunten, 1909, экранізаваны ў 1971 П. Ліліенталем, у 1995 – братамі Куай), шэраг навелаў і мініяцюраў, якія былі высока ацэненыя іншымі пісьменнікамі, але не знайшлі шырокага чытацкага прызнання.
У 1929 годзе Вальзэра, у якога пачалі ўсё часцей і часцей з’яўляцца слыхавыя галюцынацыі і прыступы хвалявання, па патрабаванні сястры змясцілі ў псіхіятрычную клініку Вальдаў, дзе раней знаходзіўся яго брат Эрнст. Роберт Вальзэр і там працягваў пісаць вершы і прозу, перайшоўшы на асаблівае мікраграматычнае пісьмо (гэтыя запісы былі расшыфраваныя нашмат пазней).
Толькі ў 1933 годзе, пасля гвалтоўнага пераводу ў клініку для псіхічна хворых у Херызаў ён цалкам парваў з літаратурай. З 1936 году яго пачаў рэгулярна наведваць пісьменнік і журналіст Карл Зэліг (што пасля напіша кнігу “Шпацыры з Робертам Вальзэрам” – Wanderungen mit Robert Walser), які пасля смерці сваякоў у 1943 і 1944 гадах стаў яго пастаянным спадарожнікам у пешых вандроўках, суразмоўцам і захавальнікам яго спадчыны. 25 снежня 1956, напярэдадні Калядаў, пасля цэлага дня шпацыраў з Карлам Зэлігам, Роберт Вальзэр памёр ад інфаркту на заснежаным полі пад Херызаў.
Творы Вальзэра неаднаразова экранізаваліся (у тым ліку – сродкамі анімацыйнага кіно), некалькі дакументальных і гульнявых фільмаў знятыя пра яго самога, прызнанне яго ва ўсім свеце год ад году расце.