№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Готфрыд Бэн (Gottfried Benn)

1886 - 1956

Готфрыд Бэн
Нямецкі паэт, эсэіст, навеліст, публіцыст, тэарэтык мастацтва. З’яўляючыся доктарам медыцынскіх навук, быў спачатку прыхільнікам, а затым крытыкам Нацыянал-сацыялістычнай рэвалюцыі. Бэн зрабіў вялікі ўплыў на нямецкую літаратуру да- і паслянацысцкага перыяду. Лаўрэат прэміі Георга Бюхнера.

Готфрыд Бэн нарадзіўся 2 траўня 1886 году ў Путліцы ў сям’і лютэранскага пастара. Перш чым паступіць на тэалагічны факультэт Марбургскага ўніверсітэта і ў берлінскую Вайскова-медыцынскую акадэмію, ён вучыўся ў Зэліне і Франкфурце-на-Одэры.

Бэн атрымаў вядомасць паэта-экспрэсіяніста яшчэ да Першай сусветнай вайны, выдаўшы невялікі зборнік вершаў “Морг” (Morgue und andere Gedichte, 1912), дзе выкарыстаў вобразы, звязаныя з гніеннем трупаў, за што падвяргаўся нападкам з боку маралістаў.

У войска Бэн быў залічаны ў 1914 годзе, служыў кароткі час на бельгійскім фронце ваенным доктарам. Пасля вайны яго вершы былі ўключаныя ў легендарную экспрэсіянісцкую анталогію “Прыцемкі чалавецтва” (Menschheitsdämmerung, 1919).

Бэн варожа ставіўся да Веймарскай Рэспублікі, ігнараваў марксізм і амерыканізм. Нядоўгі час ён сімпатызаваў нацыянал-сацыялізму, лічачы яго адзінай надзеяй на выратаванне чалавецтва, аднак неўзабаве прызнаў абсурднасць ідэі і пачаў пісаць у нямецкія газеты антынацысцкія артыкулы, за што ягоныя творы былі забаронены да друку.

Бэн быў улучаны ў склад паэтычнай секцыі прускай Акадэміі ў 1932 годзе і прызначаны яе кіраўніком ў лютым 1933-га. Аднак ён не апраўдаў чаканняў нацыянал-сацыялістаў, за што быў выключаны з яе ў чэрвені таго ж году. Ашаломлены “Ноччу доўгіх нажоў”, Бэн адразу ж адмовіўся ад нацысцкай ідэалогіі. У траўні 1936 году корпус часопіса «SS Das Schwarze» прызнаў яго экспрэсіянісцкую і эксперыментальную паэзію выраджанай, габрэйскай і гомасэксуальнай. Улетку 1937 году Вольфганг Вільрых, сябра СС, высмеяў Бэна ў сваёй кнізе “Чыстка храмаў мастацтва” (Säuberung DES Kunsttempels); Генрых Гімлер, аднак, зрабіў Вілрыху вымову і падтрымаў Бэна, які з 1933 году меў добрую рэпутацыю (ранняя яго творчасць не мела для Гімлера ніякага значэння). У 1938 годзе Нацыянал-сацыялістычная асацыяцыя аўтараў (Reichsschrifttumskammer) забараніла Бэну пісаць.

Падчас Другой сусветнай вайны Бэна адправілі ў гарнізоны Усходняй Германіі, дзе ён пісаў вершы і эсэ. Пасля вайны саюзнікі забаранілі яго творы праз яго першапачатковую падтрымку Гітлера. Доўгая творчая паўза скончылася ў 1948 годзе, калі Бэн выдаў зборнік “Статычныя вершы” (Statische Gedichte), а на наступны год – сюррэалістычны раман “Пталямеец” (Der Ptolemäer: Berliner Novelle 1947). У 1951 годзе Бэн атрымаў прэмію Георга Бюхнера.

Готфрыд Бэн памёр 7 ліпеня 1956 году ў Заходнім Берліне ад раку касцей. Пахаваны на могілках Вальдфрыдхоф (ням. Waldfriedhof, Лясныя могілкі) у Далеме.

Чытайце таксама

Эльфрыдэ Елінэк

Эльфрыдэ Елінэк

Аўстрыйская пісьменніца, паэтка, эсэістка, драматург, літаратурны крытык. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2004).

Фэрнанду Пэсоа

Фэрнанду Пэсоа

Cамы знакаміты партугальскі паэт XX стагоддзя

Айн Рэнд

Айн Рэнд

Амерыканская пісьменніца і філосаф, стваральніца філасофскага кірунку "аб'ектывізм"

Тадэвуш Бароўскі

Тадэвуш Бароўскі

Польскі паэт, адзін з самых уплывовых празаікаў паваеннага часу

1283