№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Анатоль Франс (Anatole France)

1844 - 1924

Анатоль Франс
Анатоль Франс (сапраўднае імя Франсуа-Анатоль Тыбо) – французскі пісьменнік і літаратурны крытык.

Нарадзіўся 16 красавіка 1844 году ў Парыжы. Яго бацька быў уладальнікам кніжнае крамы, што спецыялізавалася на літаратуры, прысвечанай гісторыі Вялікай французскай рэвалюцыі. Анатоль Франс з цяжкасцю скончыў езуіцкі каледж, дзе вучыўся вельмі неахвотна, і, праваліўшы некалькі разоў выпускныя экзамены, здаў іх толькі ва ўзросце 20 гадоў.

У 1866 годзе Анатоль Франс вымушаны быў сам зарабляць на жыццё і пачаў кар’еру бібліёграфам. Паступова ён пазнаёміўся з літаратурным жыццём таго часу і зрабіўся адным са значных удзельнікаў парнаскай школы.

Падчас Франка-прускай вайны 1870–1871 гг. Франс некаторы час служыў у войску, а пасля дэмабілізацыі працягваў пісаць і выконваць рэдактарскую працу.

У 1875 годзе ў яго з’явілася першая сапраўдная магчымасць праявіць сябе ў якасці журналіста, калі Парыжская газета Le Temps замовіла яму серыю крытычных артыкулаў пра сучасных пісьменнікаў. Ужо ў наступным годзе ён зрабіўся самым значным літаратурным крытыкам гэтай газеты і пачаў весці ўласную рубрыку пад назвай “Літаратурнае жыццё”.

У 1876 годзе яго прызначылі намеснікам дырэктара бібліятэкі французскага Сената, і цягам наступных чатырнаццаці гадоў ён займаў гэтую пасаду, што давала яму магчымасць і сродкі займацца літаратурай. Вядомасць яму прынёс раман “Злачынства Сільвестра Банара” (Le Crime de Silvestre Bonnard), апублікаваны ў 1881, – сатыра, дзе аддаецца перавага легкадумнасці і дабрыні, а не суровай дабрадзейнасці.

У наступных аповесцях і апавяданнях Франс з вялікай эрудыцыяй і тонкім псіхалагічным чуццём узнаўляе дух розных гістарычных эпохаў. “Харчэўня каралевы Гусіныя лапкі” (La Rôtisserie de la Reine Pedauque, 1893) – сатырычная аповесць у гусце XVIII стагоддзя з арыгінальнай цэнтральнай фігурай абата Жэрома Куаньяра: ён пабожны, але вядзе грахоўнае жыццё і апраўдвае сваё “падзенне” тым, што яно ўзмацняе ў ім дух пакоры. Таго ж абата Франс выводзіць у рамане “Меркаванні Жэрома Куаньяра” (Les Opinions de Jérôme Coignard», 1893).

У шэрагу апавяданняў, у прыватнасці, у зборніку “Маціцовы куфэрак” (L'Etui de nacre, 1892), выяўляецца яркая фантазія Франса. Яго любімая тэма – супастаўленне паганскага і хрысціянскага светабачання ў апавяданнях пра першыя стагоддзі хрысціянства ці ранняе Адраджэнне; такія творы паўплывалі на творчасць Дзмітрыя Меражкоўскага. Найлепшы ўзор такога твору – “Святы сатыр” (Saint Satyr).

У 1896 годзе Франса абралі сябрам Французскай акадэміі.

У 1898 годзе ён узяў самы актыўны ўдзел у справе Дрэйфуса. Пад уплывам Марсэля Пруста Франс першым падпісаў знакаміты ліст-маніфест Эміля Заля “Я абвінавачваю” (J’accuse). З гэтага часу Франс стаў значным дзеячам рэфармісцкага, а пазней – сацыялістычнага лагера, удзельнічаў у арганізацыі народных універсітэтаў, чытаў лекцыі працоўным, браў удзел у мітынгах, арганізаваных левымі сіламі. Франс зрабіўся блізкім сябрам лідэра сацыялістаў Жана Жарэса і літаратурным мэтрам Французскай сацыялістычнай партыі.

У пазнейшы перыяд творчасці Франс пачаў серыю своеасаблівых вострапалітычных па змесце раманаў пад агульным загалоўкам “Сучасная гісторыя” (Histoire Contemporaine). Выдуманая фабула пераплятаецца ў гэтых раманах з сапраўднымі грамадскімі падзеямі, з выяўленнем выбарчай агітацыі, інтрыгаў правінцыйнай бюракратыі, інцыдэнтаў працэсу Дрэйфуса, вулічных маніфестацыяў. Разам з гэтым, апісваюцца навуковыя пошукі і адцягненыя тэорыі кабінетнага навукоўца, бязладзіца ў яго хатнім жыцці, здрада жонкі, псіхалогія збянтэжанага і досыць блізарукага ў жыццёвых справах мысляра.

У цэнтры падзей, якія чаргуюцца ў раманах гэтай серыі, стаіць адна і тая ж асоба –гісторык Бержэрэ, што ўвасабляе філасофскі ідэал аўтара: паблажліва-скептычнае стаўленне да рэчаіснасці, іранічна-спакойнае меркаванне пра ўчынкі людзей навокал.

Наступны твор пісьменніка, двухтомная гістарычная праца “Жыццё Жанны д’Арк” (Vie de Jeanne d'Arc, 1908), напісаная пад уплывам гісторыка Эрнэста Рэнана, была дрэнна прынятая публікай. Клерыкалы абураліся дэмістыфікацыяй Жанны, а гісторыкі палічылі, што кніга недастаткова адпавядае першакрыніцам.

Затое пародыя на французскую гісторыю “Востраў пінгвінаў” (L'Ile de pingouins), апублікаваная таксама ў 1908 годзе, была прынятая з вялікім энтузіязмам. У “Востраве пінгвінаў” блізарукі абат Маэль памылкова прыняў пінгвінаў за людзей і ахрысціў іх, чым выклікаў масу складанасцяў на зямлі і на нябёсах. Франс апісвае ўзнікненне прыватнай уласнасці і дзяржавы, з’яўленне першай каралеўскай дынастыі, Сярэднявечча і Адраджэнне. Большая частка кнігі прысвечаная сучасным падзеям: спробе перавароту Ж. Буланжэ, клерыкальнай рэакцыі, справе Дрэйфуса і г.д. У канцы даюцца змрочныя прадказанні будучага: улада фінансавых манаполіяў і атамны тэрарызм, што разбураюць цывілізацыю.

Наступны вялікі мастацкі твор пісьменніка, раман “Багі прагнуць” (Les Dieux ont soif, 1912), прысвечаны французскай рэвалюцыі. Раман “Паўстанне анёлаў” (La Revolte des Anges, 1914) – гэта сацыяльная сатыра, напісаная з элементамі гульнёвай містыкі. На нябёсах пануе не ўсявышні Бог, а злы і недасканалы Дэміюрг, і сатана вымушаны падняць супраць яго паўстанне, якое ёсць свайго роду адлюстраваннем сацыяльнага рэвалюцыйнага руху на Зямлі.

Пасля гэтай кнігі Франс цалкам звяртаецца да аўтабіяграфічнай тэмы і піша нарысы пра дзяцінства і юнацтва, якія пазней увайшлі ў раманы “Маленькі П’ер” (Le Petit Pierre, 1918) і “Жыццё ў квецені” (La Vie en fleur, 1922).

У 1921 годзе ён атрымлівае Нобелеўскую прэмію па літаратуры (“У прызнанне бліскучых літаратурных дасягненняў, адзначаных як высакароднасцю стылю, так і глыбокай сімпатыяй да чалавека, вытанчанасцю і нязменным гальскім тэмпераментам”). Таксама быў сябрам Французскага геаграфічнага таварыства.

У 1922 годзе яго творы былі ўключаныя ў каталіцкі “Індэкс забароненых кніг”.

Анатоль Франс памёр у Сэн-Сір-сюр-Луары 12 кастрычніка 1924 году.

Чытайце таксама

Мэцью Грэгары Льюіс

Мэцью Грэгары Льюіс

Ангельскі раманіст і драматург, стаў знакамітым дзякуючы раману “Манах”, напісанаму ў 19 гадоў

Генрых Кіршбаўм

Генрых Кіршбаўм

Паэт, літаратуразнаўца.

Гейр Гуліксэн

Гейр Гуліксэн

Нарвежскі паэт, раманіст, эсэіст, драматург, дзіцячы пісьменнік, выдавец.

Роберт Энтан Ўілсан

Роберт Энтан Ўілсан

Амерыканскі раманіст, эсэіст, філосаф, псіхолаг, анархіст

1315