№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Станіслаў Бараньчак (Stanisław Barańczak)

1946 -

Станіслаў Бараньчак
Польскі паэт, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, эсэіст, перакладчык.

Нарадзіўся 13 лістапада 1946 году ў Познані.

У 1965 годзе пасля заканчэння ліцэя паступіў на аддзяленне паланістыкі Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані. Падчас навучання ва ўніверсітэце кіраваў студэнцкім тэатрам Восьмага Дня, быў сябрам літаратурнай суполкі “Спробы” (Próby, 1964 – 1968).

Дэбютаваў у 1965 годзе ў штомесячніку “Одра” (Odra).

У 1968 годзе стаў навуковым супрацоўнікам кафедры тэорыі літаратуры Інстытута польскай філалогіі.

Першая паэтычная кніга Станіслава Бараньчака “Карэкцыя твару” (Korekta twarzy) выйшла ў 1968 годзе і сталася адным з маніфестаў Пакалення’68 – Новай Хвалі (Nowa Fala). Прадстаўнік лінгвістычнага крыла Новай Хвалі, Бараньчак засяроджвае ўвагу на праблеме ісціны ў таталітарным грамадстве, непасрэдна звязанай з механізмам функцыянавання мовы як інструмента маніпулявання калектыўнай свядомасцю. На яго думку, задача паэзіі заключаецца ў выкрыцці сфальсіфікаванай газетнай рэчаіснасці і фармаванні ў чытача новай свядомасці, заснаванай на самастойным мысленні: “Ёсць шанец стварыць з паэзіі першы плацдарм барацьбы за сапраўдны вобраз свету, у якім мы жывем: акурат таму, што паэзія звяртаецца не да пасіўнага адрасата, які разваліўся перад тэлевізарам ці перагортвае старонкі газеты, а да чалавека, які, напэўна, прагне думаць, калі ён наогул узяў паэтычную кнігу ў рукі. <…> Паэзія павінная быць недаверам. Крытыцызмам. Выкрывальніцтвам. Павінная быць усім гэтым да таго моманту, пакуль з гэтай Зямлі не знікне апошняя хлусня, апошняя дэмагогія і апошні акт гвалту” (“Некалькі думак на тэму сучаснай паэзіі” (Parę przypuszczeń na temat poezji współczesnej, 1970)).

У 1973 годзе Станіслаў Бараньчак абараніў дысертацыю, прысвечаную творчасці Мірона Бялашэўскага.

У 1976 годзе выступіў адным з заснавальнікаў Камітэта абароны рабочых – арганізацыі, якая адыграла значную ролю ў барацьбе з таталітарызмам.

У лютым 1977 году на заказным судовым працэсе Станіслаў Бараньчак, абвінавачаны ў хабарніцтве, быў асуджаны на адзін год пазбаўлення волі ўмоўна, звольнены з працы і афіцыйна пазбаўлены права друкавацца.

Пасля суда выкладаў у падпольным Лятучым універсітэце, створаным для таго, каб распаўсюджваць свабодныя ад цэнзуры гуманітарныя веды.

З 1980 году – актыўны дзеяч Салідарнасці.

У сакавіку 1981 году выехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі чытаць лекцыі пра польскую літаратуру. Пасля ўвядзення ваеннага становішча быў вымушаны застацца ў Амерыцы. Выкладаў славістыку ў Гарвардскім універсітэце.

Жыве ў Ньютанвілі, штат Масачусэтс.

Станіслаў Бараньчак – аўтар некалькіх манаграфій, прысвечаных польскай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя: “Іронія і гармонія. Нарысы пра найноўшую польскую літаратуру” (Ironia i harmonia. Szkice o najnowszej literaturze polskiej, 1973), “Недаверлівыя і саманадзейныя: Рамантызм і класіцызм ў маладой паэзіі шасцідзясятых гадоў” (Nieufni i zadufani. Romantyzm i klasycyzm w młodej poezji lat sześćdziesiątych, 1972), “Этыка і паэтыка” (Etyka i poetyka, 1979), “Недзеяздольны чытач. Пераконванне ў масавай літаратурнай культуры ПНР” (Czytelnik ubezwłasnowolniony. Perswazje w masowej kulturze literackiej PRL, 1983), “Уцякач з Утопіі. Пра паэзію Збігнева Герберта” (Uciekinier z Utopii. O poezji Zbigniewa Herberta, 1984), – а таксама даследавання тэорыі і практыкі паэтычнага перакладу – “Уратаванае пры перакладзе: нарысы пра майстэрню перакладчыка паэзіі з дадаткам малой анталогіі праблемных перакладаў” (Ocalone w tłumaczeniu: szkice o warsztacie tłumacza poezji z dodatkiem małej antologii przekładów-problemów, 2004).

Станіслаў Бараньчак – найвыдатнейшы польскі перакладчык Ўільяма Шэкспіра і Джона Дона, Джорджа Герберта і Эмілі Дыкінсан, Элізабэт Бішап і Джона Кітса, Шэймаса Хіні і Роберта Фроста, Томаса Стэрнса Эліята і Ўінстана Х’ю Одэна, Томаса Гардзі і Дылана Томаса, укладальнік чатырох анталогій ангельскай і амерыканскай паэзіі: “Анталогія ангельскай метафізічнай паэзіі XVII стагоддзя” (Antologia angielskiej poezji metafizycznej XVII stulecia, 1991), “Каханне – гэта ўсё, што існуе: 300 найвядомейшых ангельскіх і амерыканскіх мілосных вершаў» (Miłość jest wszystkim, co istnieje: 300 najsławniejszych angielskich i amerykańskich wierszy miłosnych, 1992), “З Табой – значыць з Усім: 222 шэдэўры ангельскай і амерыканскай рэлігійнай лірыкі” (Z Tobą więc ze Wszystkim: 222 arcydzieła angielskiej i amerykańskiej liryki religijnej, 1992), “Ад Ўолта Ўітмэна да Боба Дылана: анталогія амерыканскай паэзіі” (Od Walta Whitmana do Boba Dylana – antologia poezji amerykańskiej, 1998) “Фіялетавая карова: анталогія ангельскай і амерыканскай несур’ёзнай паэзіі” (Fioletowa krowa: antologia angielskiej i amerykańskiej poezji niepoważnej, 2007).

Чытайце таксама

Павел Шыдэл

Павел Шыдэл

Польскі паэт, празаік, рэдактар.

Аксана Данільчык

Аксана Данільчык

Паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца італьянскай літаратуры на беларускую мову

Ладзіслаў Кліма

Ладзіслаў Кліма

Чэшскі празаік, паэт, драматург і перш за ўсё філосаф

Лаянэл Джонсан

Лаянэл Джонсан

Ангельскі паэт, эсэіст і літаратурны крытык.

1903