Габрыэле Д’Анунцыё (сапраўднае прозвішча Рапаньета) нарадзіўся 12 сакавіка 1863 году ў горадзе Пескара (вобласць Абруца) і паходзіў са старажытнага арыстакратычнага роду. Стаў вядомым адразу пасля публікацыі першага паэтычнага зборніка, а еўрапейскую славу пісьменніка склалі кнігі “Пескарскія апавяданні”, “Джавані Эпіскапа”, “Цнатлівы”, “Непераможны”, п’еса “Трыюмф смерці”, раман “Асалода” і многія іншыя. Творы Д’Анунцыё насычаныя гераічнымі, эратычнымі, эпікурэйскімі матывамі. Да Першай сусветнай вайны ён быў найбольш вядомым і папулярным італьянскім пісьменнікам.
У 1915 —1918 гг. удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, спачатку ў авіяцыі, потым у пяхоце. Пасля вайны стаў адным з лідараў нацыяналістычнага руху, звязанага з фашысцкімі арганізацыямі. З 1919 году падтрымліваў Мусаліні, вітаў ваенныя акцыі італьянскага фашызму, славіў яго каланіяльныя захопы (пра што сведчыць зборнік артыкулаў і выступленняў “Іду да цябе, Афрыка”, 1936). У 1921 годзе Д’Анунцыё набывае вілу на беразе возера Гарда і апошнія гады свайго жыцця праводзіць там. У 1924 годзе атрымаў тытул князя, у 1937 узначаліў Каралеўскую акадэмію навук. Пісьменнік абагаўляў прыгажосць і з пагардай ставіўся да ўсяго брыдкага ці невыразнага, таму вельмі балюча перажываў уласную старасць. Прычына была яшчэ і ў тым, што Мусаліні, па сутнасці, перахапіў ініцыятыву ў кіраванні фашысцкім рухам і цалкам аддаліў Д’Анунцыё ад актыўнага палітычнага жыцця, акаляючы яго пры гэтым усімі магчымымі пашанамі. Памёр Д’Анунцыё 1 сакавіка 1938 году ў сваім маёнтку Вітарыяле на возеры Гарда ў Ламбардыі. Рэжым Мусаліні зладзіў яму ўрачыстае пахаванне.
Аксана Данільчык