Джозэф Конрад (Joseph Conrad)
1857 - 1924
Конрад лічыцца адным з найлепшых ангельскіх пісьменнікаў, нягледзячы на тое, што ён навучыўся вольна гаварыць па-ангельску, калі яму было ўжо больш за дваццаць, а заўважнага польскага акцэнту так і не пазбавіўся да канца жыцця.
Конрад быў майстрам празаічнай стылізацыі, які прынёс у ангельскую літаратуру неўласцівую ёй трагічную чуллівасць. Хоць некаторыя з яго работ маюць налёт рамантызму, сам ён лічыцца прадвеснікам мадэрнісцкай літаратуры. Яго стыль аповеду і антыгераічныя персанажы зрабілі ўплыў на многіх аўтараў.
Джозэф Конрад нарадзіўся ў Бердычаве (цяпер Украіна) у вельмі патрыятычнай польскай сям’і, якая паходзіла з збяднелага шляхецкага роду герба Налэнч. Яго бацька, Апалон Кажанёўскі, пісаў п’есы на палітычныя тэмы і перакладаў Альфрэда дэ Віньі ды Віктора Гюго з французскай і Чарлза Дыкенса ды Шэкспіра з ангельскай. Ён заахвочваў сына чытаць па-польску і па-французску.
У 1861 годзе старэйшага Кажанёўскага арыштавалі расійскія імператарскія ўлады ў Варшаве за дапамогу ў арганізацыі паўстання 1863—1864 гг. і саслалі ў Волагду.
Яго жонка, Эвеліна Кажанёўска (народжаная Баброўска), і чатырохгадовы сын выправіліся ў высылку следам за ім. Праз кепскае здароўе Эвеліны Апалону ў 1865 годзе дазволілі пераехаць у Чарнігаў, дзе праз некалькіх тыдняў Эвеліна памерла ад сухотаў. Праз чатыры гады ў Кракаве памёр і Апалон; так Конрад у адзінаццаць гадоў застаўся сіратой.
У Кракаве маладога Конрада ўзяў пад апеку яго дзядзька па маці Тадэвуш Баброўскі. Калі Конраду было шаснаццаць, Баброўскі дазволіў яму паехаць у Марсэль і ўладкавацца мараком. Конраду на той момант адмовілі ў аўстра-венгерскім грамадзянстве, і на ім заставалася расійская воінская павіннасць.
Жыццё Конрада было багатае на прыгоды. Ён займаўся кантрабандай зброі і ўдзельнічаў у палітычных змовах — гэтыя падзеі леглі ў аснову рамана “Залатая страла” (The Arrow of Gold, 1919). Падарожжа па ўзбярэжжы Калумбіі дало матэрыял для “Настрома” (Nostromo, 1904), а першы памочнік капітана на судне Конрада стаў прататыпам героя рамана. Прыгоды карабля “Палестына”, які загарэўся непадалёк ад Явы, апісваюцца ў вядомым апавяданні Конрада “Юнацтва” (Youth), назва карабля ў якім змененая на “Юдэю”. Гэтае падарожжа стала першай і лёсавызначальнай сустрэчай Конрада з экзатычным Усходам, месцам падзеяў многіх яго пазнейшых твораў.
У 1883 годзе ў Бамбеі Конрад уладкаваўся на судна “Нарцыс”, і гэты рэйс натхніў яго на раман “Чарнамазы з “Нарцыса” (The Nigger of the 'Narcissus', 1897). У 1886 годзе ён атрымаў пасведчанне капітана гандлёвага судна і брытанскае грамадзянства, афіцыйна змяніўшы імя на Джозэф Конрад. Да сканчэння сваёй марской кар’еры ў 1894 годзе Конрад адслужыў у гандлёвым флоце шаснаццаць гадоў.
Дзіцячая мара наведаць Цэнтральную Афрыку збылася ў 1889 годзе, калі Конрад вырашыў дабрацца да Вольнай дзяржавы Конга. Ён зрабіўся капітанам кангалезскага парахода, і зверствы, сведкам якіх ён стаў, а таксама атрыманы там досвед не толькі былі крыніцай інфармацыі для яго самага славутага і глыбокага твора “Сэрца цемры” (Heart of Darkness, 1899), але і дапамаглі выкрышталізавацца ўласнаму бачанню чалавечай прыроды ўвогуле і ўяўленням пра самога сябе. На іх у пэўнай меры паўплывала пажыццёвая хвароба, падхопленая там жа.
У сакавіку 1896 Конрад ажаніўся з англічанкай Джэсі Джордж, і яны разам пераехалі ў маленькі дом на Вікторыя-роўд, Стэнфард-ле- Хоўп, што ў Эсэксе, а затым у сярэднявечны дом на хутары “Айві-Ўолз” на Білет-лэйн. Пазней яны жылі ў Лондане і ў графстве Кент, паблізу Кентэрберы. У іх былі два сыны, Джон і Борыс.
Што да палітычных сімпатый, то Конрад найчасцей схіляўся да кансерватызму. Ён адчуваў глыбокую агіду да сацыялізму (“пякельнай дактрыны, народжанай на задворках кантынента”) і дэмакратыі (“дэмакратыя не ў маімі гусце”), а да простых людзей ставіўся паблажліва. Некаторыя крытыкі сцвярджаюць, што ён пагарджаў роўнасцю і такімі ліберальнымі каштоўнасцямі, як пацыфізм і гуманізм. Пра гэта, аднак, можна спрачацца, улічваючы, што вялікая часціна яго працы факусуецца на выкрыванні жорсткіх паводзінаў людзей і іх наступствах.
У 1894 годзе ва ўзросце 36 гадоў Конрад неахвотна адмовіўся ад марской кар’еры, часткова праз кепскае здароўе, часткова праз захапленне пісьменніцтвам, і прыняў рашэнне прысвяціць сябе літаратурнай справе. Яго першы раман “Вар’яцтва Алмаера” (Almayer's Folly), падзеі якога адбываюцца на ўсходнім узбярэжжы вострава Барнэа, апублікавалі ў 1895 годзе. Выхад рамана стаў першым выпадкам, калі пісьменнік выкарыстаў псеўданім Джозэф Конрад. Конрад — яго трэцяе польскае імя, але ў ім таксама бачаць алюзію на паэму “Конрад Валенрод” Адама Міцкевіча.
За выключэннем некалькіх адпачынкаў у Францыі і Італіі, падарожжа ў родную Польшчу ў 1914 годзе і візіту ў Злучаныя Штаты ў 1923 г., рэшту свайго жыцця Конрад пражыў у Англіі.
Фінансавы поспех доўга не прыходзіў да Конрада, хоць яго і падтрымлівала пенсійнае забяспечанне ў 100 фунтаў стэрлінгаў у год паводле цывільнага ліста, а таксама калекцыянеры, якія пачалі купляць яго рукапісы. Талент Конрада прызнала англійская інтэлектуальная эліта, але масавы поспех не прыходзіў аж да публікацыі “Шанцу” (Chance) у 1913 г., што парадаксальна, бо цяпер гэтаму раману асаблівага значэння не надаюць.
Да канца свайго жыцця Конрад карыстаўся большай увагай і папулярнасцю, чым любы іншы ангельскі пісьменнік таго часу. Конрад быў геніяльным суразмоўцам, і ў кола яго сяброў уваходзілі такія таленавітыя аўтары, як Стывен Крэйн і Генры Джэймс. У пачатку 1900-х ён напісаў кароткую серыю раманаў у суаўтарстве з Фордам Мэдаксам Фордам.
У красавіку 1924 году Конрад, які меў спадчынны польскі шляхецкі тытул і герб, адмовіўся ад брытанскага рыцарскага тытулу, прапанаванага прэм'ер-міністрам Рэмсі Макдональдам.
Неўзабаве пасля гэтага, 3 жніўня 1924 году, Конрад памёр ад сардэчнага прыступу. Ён пахаваны на Кентэрберыйскіх могілках у Англіі пад сваім сапраўдным прозвішчам — Кажанёўскі.