№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Рышард Капусціньскі (Ryszard Kapuściński)

1932 - 2007

Рышард Капусціньскі
Польскі рэпарцёр, журналіст, празаік, паэт, фатограф, аўтар, якога называюць “імператарам рэпартажу”.

Нарадзіўся ў Пінску 4 сакавіка 1932 году ў сям’і польскіх настаўнікаў. Бацька ваяваў у рангу паручніка ў верасні 1939 у войску Палесся. Трапіў у савецкі палон. Разам з калегамі здолеў уцячы з-пад Смаленска і вярнуцца дахаты ў Пінск. Ратуючыся ад дэпартацыі ў Казахстан, Капусціньскія неўзабаве выехалі да сваякоў у Перамышль, а пасля ў глыб акупаванай немцамі Польшчы. Частку акупацыі перажылі ў Серакове, Кампіноскай пушчы, каля вёскі Пальміры. Пасля Капусціньскі часта казаў: “Я заўсёды шукаў мой дом, шукаў Пінск — у Афрыцы, у Азіі, у Лацінскай Амерыцы”.

Капусціньскі дэбютаваў як паэт у 17 гадоў у тыднёвіку Dziś i Jutro. У 1950 годзе здаў экзамены на атэстат сталасці ў варшаўскай гімназіі імя Станіслава Сташуца. У 1953—1981 гадах быў сябрам Польскай аб’яднанай працоўнай партыі (PZPR). У 1956 годзе скончыў гістарычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Працу пачаў як кур’ер у моладзевым выданні Sztandar Młodych. У 1956 годзе атрымаў першую ўзнагароду — Залаты крыж заслугі (Złoty Krzyż Zasługi) — за рэпартаж “Гэта таксама праўда пра Новую Гуту” (To też jest prawda o Nowej Hucie), дзе апісаў цяжкія ўмовы жыцця працоўных на будоўлі металургічнага камбіната. У тым самым годзе паехаў у сваё першае замежнае падарожжа — у Індыю. Сышоў з газеты ў 1958 годзе праз дасланыя матэрыялы ў крытычны ў дачыненні да ўладаў тыднёвік Po Prostu.

Перайшоў працаваць у часопіс Polityka. З 1962 году працаваў для Польскага прэсавага агенцтва (PAP) як сталы замежны карэспандэнт у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі. Дакументаваў заняпад манархіі ў Эфіопіі і Іране. З 1974 году працаваў у варшаўскім тыднёвіку Kultura. Пераклаў на польскую мову “Дзённік з Балівіі” (Dziennik z Boliwii) Чэ Гевары. Быў добра знаёмы з Сальвадорам Альендэ.

У 1981 годзе Капусціньскі далучыўся да руху Салідарнасці і пазбавіўся працы ў афіцыйнай прэсе, але працягваў пісаць эсэ для замежных СМІ, у тым ліку для амерыканскіх газет і часопісаў.

У 1987 годзе тэатр “Роял Корт” у Лондане паставіў сцэнічную адаптацыю яго кнігі “Імператар”, якая апісвала заняпад рэжыму Хайле Сэлас’е І у Эфіопіі. У 1989 годзе праехаў “праз увесь Савецкі Саюз”. Пабываў і ў Якуціі. У 1996 годзе адзначаны ўзнагародаю імя Яна Парандоўскага, у 1999 годзе атрымаў “Ікара”. У Журналісцкім аб’яднанні абраны журналістам стагоддзя ў плебісцыце штомесячніка Press. Лаўрэат узнагароды імя Дарыюша Фікуса за 2004 год.

Доктар honoris causa Сілезскага (17 кастрычніка 1997), Уроцлаўскага (2001), Ягелонскага (2004) і Гданьскага (29 студзеня 2004) ўніверсітэтаў. Агулам атрымаў каля 40 узнагародаў. Быў сябрам Саюза польскіх пісьменнікаў.

Двойчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію. Ягоныя шанцы букмекерская кантора Лэдброкс вызначала як 5:1. Вышэйшы рэйтынг меў толькі Архан Памук (5:2), які і атрымаў прэмію. “Адзін Капусціньскі варты тысяч пісакаў, што скуголяць і выдумляюць”, — напісаў Салман Рушдзі.

Памёр 23 студзеня 2007 ад інфаркту міякарда ў кардыяхірургічным аддзяленні шпіталя пры вуліцы Банаха ў Варшаве.

У Пінску на доме, дзе жыў Капусціньскі, усталяваная мемарыяльная дошка.

На беларускую мову перакладзеныя наступныя творы Капусціньскага: раманы “Падарожжа з Герадотам” (пераклад Алены Пятровіч), “Імперыя” (пераклад Яўгена Салейчука), “Імператар” (пераклад Алеся Пяткевіча), аповесць “Шахіншах” (пераклад Яўгена Салейчука), зборнік вершаў “Вяртанне”.

Чытайце таксама

Станіслаў Бараньчак

Станіслаў Бараньчак

Польскі паэт, літаратуразнаўца, крытык, эсэіст, перакладчык, актыўны дзеяч Салідарнасці

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Мінску

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

Хаім Нахман Бялік

Хаім Нахман Бялік

Габрэйскі паэт і празаік, класік сучаснай паэзіі на іўрыце і ідышы.

1327