№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Альбэр Камю (Albert Camus)

1913 - 1960

Альбэр Камю
Французскі пісьменнік і філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму, якога пры жыцці называлі “сумленнем Захаду”. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1957 году.

Нарадзіўся 7 лістапада 1913 году ў франка-алжырскай сям'і ў Алжыры, на ферме “Сан-Поль” у мястэчку Мандаві. Яго бацька Люсьен Камю, эльзасец з паходжання, быў наглядчыкам віннага склепа на вінаробнай фірме. Падчас Першай сусветнай вайны ён служыў у лёгкай пяхоце, быў смяротна паранены ў бітве на Марне (5 верасня 1914) і памёр у лазарэце. Маці Камю, гішпанка Кутрын Сантэ, напаўглухая і непісьменная, пераехала з Альбэрам і яго старэйшым братам Люсьенам у сталіцу Алжыра. Сям’я жыла ў беднасці пад уладай свавольнай бабулі. Кутрын, каб утрымліваць сям’ю, працавала спачатку на фабрыцы, затым прыбіральніцай.

У 1923 годзе настаўнік пачатковай школы з цяжкасцю пераканаў маці і бабулю ў неабходнасці працягнуць адукацыю Альбэра і падрыхтаваў адоранага хлопчыка да паступлення ў ліцэй. У ліцэі Альбер сур'ёзна захапляецца футболам і гуляе за юнацкую каманду клуба Racing Universitaire d'Alger. У 1930 годзе ў Камю выявілі туберкулёз, ён быў вымушаны перапыніць адукацыю і назаўсёды адмовіцца ад заняткаў спортам. Камю некалькі месяцаў правёў у санаторыі, але нягледзячы на ​ папраўку, ён доўгія гады пакутаваў ад наступстваў перанесенай хваробы. Пазней па стане здароўя яму было адмоўлена ў паслядыпломнай адукацыі, з той самай прычыны ён не быў прызваны ў войска.

У 1932—1937 гадах Альбэр Камю вывучаў філасофію ў Алжырскім універсітэце. Падчас навучання шмат чытаў, пачаў весці дзённікі, пісаў эсэ. Яго сябрам зрабіўся выкладчык Жан Грэнье — пісьменнік і філосаф, які сур’ёзна паўплываў на маладога Альбэра. Адначасова Камю быў вымушаны працаваць і змяніў некалькі прафесій: прыватны настаўнік, прадавец запчастак, асістэнт у метэаралагічным інстытуце. У 1934 годзе ён ажаніўся з Сімонай Іе, экстравагантнай дзевятнаццацігадовай дзяўчынай, якая выявілася марфіністкай. У 1935 годзе Камю атрымаў ступень бакалаўра, а ў траўні 1936 году — ступень магістра філасофіі з працай “Неаплатанізм і хрысціянская думка” пра ўплыў ідэяў Плотына на тэалогію Аўрэлія Аўгустына. У гэты ж час ён пачаў працу над аповесцю “Шчаслівая смерць” (La Mort heureuse, 1938, выйшла пасмяротна ў 1971).

На старэйшых курсах універсітэта Камю захапіўся сацыялістычнымі ідэямі і ўвесну 1935 году ўступіў у Французскую камуністычную партыю, салідарызуючыся з паўстаннем у Астурыі. Быў сябрам мясцовай ячэйкі Французскай кампартыі больш за год, пакуль яго не выключылі за сувязі з Алжырскай народнай партыяй, абвінаваціўшы ў “трацкізме”. У 1936 годзе Камю стварыў самадзейны “Народны тэатр”, арганізаваў, у прыватнасці, пастаноўку “Братоў Карамазавых” паводле Дастаеўскага, граў Івана Карамазава. У 1936— 1937 гг. падарожнічаў па Францыі, Італіі і краінах Цэнтральнай Еўропы.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Камю некаторы час узначальваў Алжырскі дом культуры, у 1938 годзе быў рэдактарам часопіса “Узбярэжжа”, затым — леварадыкальных апазіцыйных газет. На старонках гэтых выданняў Камю выступаў за правядзенне дзяржавай сацыяльна-арыентаванай палітыкі і паляпшэнне становішча арабскага насельніцтва Алжыра. Газеты былі закрытыя ваеннай цэнзурай пасля пачатку Другой сусветнай вайны. У гэтыя гады Камю шмат піша, у асноўным эсэ і публіцыстычныя матэрыялы. У студзені 1939 году напісаны першы варыянт п'есы “Калігула” (Caligula, 1945).

У студзені 1940 году Камю з будучай жонкай Франсін Фор пераязджае ў Аран, дзе яны жывуць, даючы прыватныя ўрокі. Праз два месяцы яны пакідаюць Алжыр і перасяляюцца ў Парыж.

У Парыжы Камю ўладкаваўся тэхнічным рэдактарам у газету “Пары-Суар”. У траўні 1940 году ён скончыў раман “Чужаніца” (L’Étranger). У снежні таго ж году апазіцыйна настроенага Камю звальняюць з “Пары-Суар” і ён, не жадаючы жыць у акупаванай краіне, вяртаецца ў Аран, дзе выкладае французскую мову ў прыватнай школе. У лютым 1941 году ён заканчвае “Міф пра Сізіфа” (Le Mythe de Sisyphe).

Неўзабаве Камю ўступае ў шэрагі руху Супраціву, робіцца сябрам падпольнай арганізацыі “Комбі”, вяртаецца ў Парыж. У 1942 годзе выходзіць аповесць “Чужаніца”, у 1943 годзе — “Міф пра Сізіфа”. З канца 1943 году пачынае працаваць у выдавецтве “Галімар” (супрацоўнічаў з ім да канца жыцця). Падчас вайны публікуе пад псеўданімам “Лісты да нямецкага сябра” (пазней выйшлі асобным выданнем). У 1943 годзе знаёміцца ​ з Сартрам, удзельнічае ў пастаноўках яго п’ес (менавіта Камю ўпершыню вымавіў са сцэны фразу “Пекла — гэта іншыя”). У 1944 годзе быў напісаны раман “Чума” (La Peste, апублікаваны ў 1947).

Па заканчэнні вайны публікуюцца раней напісаныя творы Камю, якія прынеслі пісьменніку папулярнасць. У 1947 годзе пачынаецца яго паступовы разрыў з левым рухам і асабіста з Сартрам. Ён робіцца незалежным журналістам — піша публіцыстычныя артыкулы для розных выданняў (пазней апублікаваныя ў трох зборніках пад назвай “Надзённыя нататкі”). У гэты час ім ствараюцца п’есы “У стане аблогі” (L’État de siège, 1948) і “Праведнікі” (Les Justes, 1949).

У 1951 годзе ў анархісцкім часопісе “Лібертэр” выходзіць “Чалавек, які бунтуе” (L’Homme révolté), дзе Камю даследуе анатомію бунту чалавека супраць навакольнай і ўнутранай абсурднасці існавання. Левыя крытыкі, уключаючы Сартра, палічылі гэта адмовай ад палітычнай барацьбы за сацыялізм (якая, паводле Камю, вядзе да ўсталявання аўтарытарных рэжымаў накшталт сталінскага). Вялікую крытыку левых радыкалаў выклікала таксама падтрымка Камю французскай суполкі Алжыра пасля пачатай у 1954 годзе Алжырскай вайны. Некаторы час Камю супрацоўнічае з ЮНЕСКА, аднак пасля таго як у 1952 годзе сябрам гэтай арганізацыі робіцца Гішпанія на чале з Франкам, ён спыняе сваю працу там. Камю працягвае ўважліва сачыць за палітычным жыццём Еўропы, у сваіх дзённіках шкадуючы пра рост прасавецкіх настрояў у Францыі і гатоўнасці французскіх левых закрываць вочы на ​ ​ злачынствы камуністычных уладаў ва Усходняй Еўропе, іх нежаданне бачыць у спансаваным СССР “арабскім адраджэнні” экспансію не сацыялізму і справядлівасці, а гвалту і аўтарытарызму.

Яго ўсё больш захапляе тэатр, і з 1954 году ён пачынае ставіць п’есы паводле сваіх інсцэніровак, вядзе перамовы пра адкрыццё ў Парыжы эксперыментальнага тэатра. У 1956 годзе Камю піша аповесць “Падзенне” (La Chute), на наступны год выходзіць зборнік апавяданняў “Выгнанне і царства” (L'Exil et le royaume).

У 1957 годзе пісьменніку была прысуджаная Нобелеўская прэмія па літаратуры. У прамове з нагоды ўручэння прэміі, характарызуючы сваю жыццёвую пазіцыю, ён сказаў, што “занадта моцна прыкаваны да галеры свайго часу, каб не веславаць разам з іншымі, нават мяркуючы, што галера смярдзіць селядцом, што на ёй зашмат наглядчыкаў і што, акрамя ўсяго, узяты няправільны курс”. У апошнія гады жыцця Камю практычна нічога не

4 студзеня 1960 аўтамабіль “Facel-Vega”, у якім Альбэр Камю разам з сям’ёй свайго сябра Мішэля Галімара вяртаўся з Праванса ў Парыж, вылецеў з дарогі. Аварыя адбылася на шостай нацыянальнай дарозе (N6) за 102 кіламетры ад Парыжу, паміж гарадамі Лё-Пці-Шамон і Вільнёў-ла-Гвіяр, непадалёк ад павароту на гарадок Вільблевен. Альбэр Камю загінуў імгненна. Мішэль Галімар памёр у шпіталі праз два дні. Яго жонка і дачка выжылі. Сярод асабістых рэчаў пісьменніка быў знойдзены рукапіс няскончанай аповесці “Першы чалавек” (Le premier homme, надрукаваная ў 1994).

Альбэр Камю быў пахаваны ў мястэчку Лурмарэн у раёне Люберон на поўдні Францыі. У лістападзе 2009 году прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі прапанаваў перавесці прах пісьменніка ў Пантэон.

На беларускую мову асноўныя творы Альбэра Камю пераклаў Зміцер Колас: урывак з рамана “Чума” (“Крыніца”, № 11, 1994), аповесці “Чужаніца” і “Падзенне”, шэраг апавяданняў, п’есаў і эсэ (увайшлі ў “Выбраныя творы” Камю, 2005, а таксама ў зборнікі “Пры зачыненых дзвярах”, 1995 і “Бібліятэка французскай драматургіі. Т.2”, 2005).

Чытайце таксама

Міхаіл Валодзін

Міхаіл Валодзін

Артур Конан Дойл

Артур Конан Дойл

Шатландскі фізік і пісьменнік, аўтар дэтэктываў пра Шэрлака Холмса

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Аксана Данільчык

Аксана Данільчык

Паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца італьянскай літаратуры на беларускую мову

1695