№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Генрык Сянкевіч (Henryk Sienkiewicz)

1846 - 1916

Генрык Сянкевіч
Нарадзіўся 5 траўня 1846 году ў фальварку Воля-Акшэйска на тэрыторыі Польшчы, якая ў той час уваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Сям’я яго бацькі брала актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху, што адбілася на творчасці будучага пісьменніка. Цікавасць да гісторыі пісьменнік атрымаў у спадчыну ад родных па кудзелі.

Гімназічныя гады Сянкевіча прайшлі ў Варшаве. У 1866 годзе ён здаў экзамен на атэстат сталасці і прадоўжыў навучанне ў варшаўскай Галоўнай школе (пасля 1869 ператвораная ў Імператарскі ўніверсітэт) на філалагічным факультэце. У 1871 годзе пакінуў заняткі ва ўніверсітэце, бо не здаў заключнага экзамену па грэцкай мове.

Літаратурны талент Сянкевіча выявіўся яшчэ ў маладыя гады. У 1872 годзе была апублікаваная яго аповесць “Дарэмна” (Na marne). У гэты час пісьменнік супрацоўнічае адначасова з некалькімі газетамі. Свае апавяданні і фельетоны-хронікі ён падпісвае псеўданімам Літвас. Раннія творы Сянкевіча “Стары слуга” (Stary sługa, 1875), “Ганя” (Hania, 1876), “Селім Мірза” (Selim Mirza, 1877) склалі ў многім аўтабіяграфічную “Маленькую трылогію”.

Перыяд з 1876 па 1878 год Сянкевіч праводзіць у Амерыцы, у асноўным у Каліфорніі, а таксама ездзіць па еўрапейскіх краінах. Назіранні гэтых гадоў склалі цыкл “Лісты з дарогі”. Таксама пісьменнік выпускае некалькі твораў пра жыццё палякаў-эмігрантаў: “Па хлеб” (Za chlebem, 1880), “Дазорца маяка” (Latarnik, 1882), “Успамін з Марыпозы” (Wspomnienia z Maripozy, 1882).

Вярнуўшыся ў Польшчу, Сянкевіч паглыблена займаецца гістарычнымі даследаваннямі. Іх вынікам стала знакамітая трылогія, якая расказвае пра падзеі сярэдзіны сямнаццатага стагоддзя: “Агнём і мячом” (Ogniem i mieczem, 1883—1884), “Патоп” (Potop, 1884—1886) і “Пан Валадыёўскі” (Pan Wołodyjowski, 1887—1888).

У канцы 1880-х гадоў Сянкевіч звяртаецца да сучаснай тэматыкі і стварае раманы “Без догмы” (Bez dogmatu, 1889—1890) і “Сям’я Паланецкіх” (Rodzina Połanieckich, 1893—1894). У гэтыя гады пісьменнік шмат падарожнічае, лечыцца на замежных курортах, бывае ў еўрапейскіх сталіцах, наведвае Італію, Грэцыю, Гішпанію, Егіпет і востраў Занзібар. Польскія газеты ў 1891—1892 гадах друкуюць яго “Лісты з Афрыкі”.

У 1894—1896 гадах Сянкевіч публікуе свой самы знакаміты раман “Quo Vadis” пра пераслед хрысціян у часы Нерона.

Пяру пісьменніка належаць і такія раманы гістарычнай тэматыкі, як “Крыжакі” (Krzyżacy, 1897—1890), “На полі славы” (Na polu chwały, 1906). Яго апошнія працы — “Вір” (Wiry, 1910) і “У пустэльні і пушчы” (W pustyni i w puszczy, 1911) — прысвечаныя сучаснасці.

У 1900 годзе польская грамадскасць зладзіла ўрачыстае святкаванне юбілею Сянкевіча: адзначалася 25-годдзе яго літаратурнай дзейнасці. На сродкі, сабраныя юбілейным камітэтам, быў набыты радавы маёнтак Сянкевіча Абленгорак і паднесены пісьменніку ў падарунак. Ягелонскі ўніверсітэт, найстарэйшы ў Польшчы, абраў Сянкевіча ганаровым доктарам.

Вянком славы Сянкевіча стала прысуджэнне яму ў 1905 годзе Нобелеўскай прэміі.

У пачатку Першай сусветнай вайны пісьменнік накіроўваецца ў Вену, а затым — у Швейцарыю. Тут ён актыўна ўдзельнічае ў працы Камітэта дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы. Здароўе пісьменніка пагаршаецца. 15 лістапада 1916 Генрык Сянкевіч памёр. У 1924 годзе прах пісьменніка быў перанесены ў Варшаву і пахаваны ў кафедральным саборы Святога Яна.

Чытайце таксама

Іта Еліна

Іта Еліна

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

Арына Глінская

Арына Глінская

Беларуская паэтка, мастацтвазнаўца

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Аўтар адной кнігі — хто гэта? Былі выпадкі, калі пісьменнік напісаў адзін твор і замаўчаў

2829