№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эмі Лоўэл (Amy Lowell)

1874 - 1925

Эмі Лоўэл
Амерыканская паэтка, літаратурны крытык, выдавец.

Нарадзілася ў вядомай і заможнай сям’і. Яе брат Пэрсівал Лоўэл зрабіўся знакамітым астраномам, які прадказаў адкрыццё планеты Плутон, другі брат – Эбат Лоўрэнс Лоэўл – стаў рэктарам Гарвардскага універсітэта.

Да дзевяцігадовага ўзросту Эмі выхоўвалася дома, а пасля навучалася ў шэрагу прыватных школаў. У 1891 годзе, як і належыць маладой лэдзі з багатай сям’і, Эмі пачала наведваць балі. Але ўсё ж прапановы рукі і сэрца за меркаваны перыяд не атрымала. І ў сувязі з тым, што ў сям’і Лоўэлаў мець універсітэцкую адукацыю было непрымальным для жанчын, з 17-гадовага ўзросту яна актыўна занялася самаадукацыяй, засвойваючы сямітысячную бібліятэку свайго бацькі.

Цягам гэтага перыяду Эмі вяла актыўнае жыццё прадстаўніцы заможных колаў грамадства, а таксама занялася калекцыянаваннем кнігаў. Таксама ў гэты час яна прыняла шлюбную прапанову, але заручоны перадумаў і абраў іншую жанчыну. Каб перажыць душэўную траўму, Эмі ў 1897–1898 гг. выправілася ў падарожжа па Еўропе і Егіпце, прытрымліваючыся строгай дыеты, якая павінна была палепшыць яе здароўе (і дапамагчы пераадолець праблему празмернай вагі), але наадварот, самым шкодным чынам адбілася на яе самаадчуванні.

У 1900 годзе пасля смерці бацькоў Эмі Лоўэл набыла радавы маёнтак і пасялілася там, як і раней, працягваючы жыццё, поўнае пацехаў і баляў. Цягам гэтага часу Эмі захапялася пісьменствам, але яе спробы пяра ў драматычным жанры яе саму не задавальнялі. Між тым яна вельмі цікавілася тэатрам. У 1893 і 1896 гадах Эмі наведвала п’есы з удзелам актрысы Элеаноры Дзьюс (Eleonora Duse). Пабачыўшы актрысу ў 1902 годзе ў новым спектаклі, Эмі вярнулася дахаты і напісала белы верш-прысвячэнне актрысе. Пазней Лоўэл прызнавалася: “Я знайшла сапраўднае прызначэнне”. Ім стала паэзія.

У 1902 годзе яе першы верш надрукаваў Atlantic Monthly, праз два гады пабачыў свет яе першы зборнік “Палац з каляровага шкла” (A Dome of Many-Coloured Glass). У тым жа 1912 годзе Эмі Лоўэл пазнаёмілася з яшчэ адной актрысай – Адай Дуаер Расэл (Ada Dwyer Russell), што была на 11 гадоў старэйшай за паэтку. З 1914 годзе і да самай смерці Лоўэл яны жылі разам у так званым “бостанскім шлюбе”.

Эмі Лоўэл напісала мноства вершаў, прысвечаных Адзе. Спачатку паэтка старалася пісаць такім чынам, каб інтымны характар лірыкі быў не дужа заўважны, але ўжо ў пазнейшых сваіх зборніках яна ўсё менш і менш падвяргала вершы цэнзуры. Ці былі іх стасункі толькі платанічнымі, да канца невядома, бо пасля сваёй смерці Ада Расэл спаліла ўсю іх карэспандэнцыю, кіруючыся тэстаментам сяброўкі.

У студзені 1913 году ў часопісе Poetry Эмі пабачыла верш, падпісаны “H.D., Imagiste”. Аўтарам верша была ангельская паэтка-імажыстка Хільда Дулітл (Hilda Dolittle). Пазнаўшы ў ім свае ж прыёмы вершаскладання, Эмі вырашыла, што яна таксама імажыстка, і разам з Адай выправілася ў Еўропу, каб бліжэй пазнаёміцца з прадстаўнікамі гэтага літаратурнага кірунку. Праз год яна вярнулася ў ЗША, каб прадставіць імажызм на радзіме. Эзра Паўнд, “кіраўнік” імажыстаў у Англіі, быў моцна пакрыўджаны яе ўмяшальніцтвам, называючы яе версію імажызму “эміжызмам”. Пазней ён наагул пакінуў шэрагі гэтай літаратурнай плыні.

Эмі Лоўэл засяродзілася на напісанні паэзіі ў новым стылі, а таксама прасоўвала, а часам нават матэрыяльна падтрымлівала іншых паэтаў-імажыстаў.

У 1914 годзе пабачыў свет яе другі зборнік вершаў “Лёзы мяча і макавае зерне” (Sword Blades and Poppy Seeds). Шматлікія вершы з гэтага зборніка ўяўлялі сабой верлібры, некаторыя былі напісаныя ў форме “паліфанічнай прозы”, прыдуманай Лоўэл.

У 1915 годзе Эмі надрукавала анталогію імажысцкай паэзіі, услед за якой выйшлі анталогіі 1916 і 1917 гадоў. З 1915 году Лоўэл пачала выступаць з лекцыямі, падчас якіх яна гаварыла пра паэзію, а таксама чытала свае вершы. Яе лекцыі былі даволі папулярнымі. Магчыма, людзей прыцягвала навізна імажызму, а магчыма, гэтаму часткова садзейнічала яе слава эксцэнтрычнай асобы.

Маючы даволі мажны целасклад, апраналася яна па-мужчынску: у строгія гарнітуры і мужчынскія кашулі, насіла пенснэ і прычоску ў стылі пампадур, трымала аўчарак, праўда, пасля Першай сусветнай вайны ад іх давялося адмовіцца. Яна завешвала люстэркі і спыняла гадзіннікі. І – мабыць, самае абуральнае ў вачах публікі – яна паліла сігары, сцвярджаючы, што яны ў меншай ступені шкодзяць яе працы, чым цыгарэты, бо гараць даўжэй.

У 1915 годзе Эмі Лоўэл звярнулася да літаратурнай крытыкі і ў сваёй кнізе “Шэсць французскіх паэтаў” (Six French Poets) прадставіла амерыканскай чытацкай аўдыторыі французскіх паэтаў-сімвалістаў, да гэтага практычна не вядомых ў ЗША. У 1916 годзе выходзіць яе чарговы зборнік паэзіі “Мужчыны, жанчыны і духі” (Men, Women and Ghosts), у 1917 годзе – кніга яе лекцый “Тэндэнцыі сучаснай амерыканскай паэзіі” (Tendencies in Modern American Poetry), у 1918 годзе – зборнік вершаў “Замак Канграндэ” (Can Grande's Castle), а ў 1921 годзе – яе адаптацыя міфаў і легендаў у зборніку “Легенды” (Legends).

У наступныя гады Эмі Лоўэл працавала над саліднай біяграфіяй Джона Кітса, чые творы яна збірала з 1905 году. Кніга ўяўляла сабой ледзь не штодзённае апісанне жыцця знакамітага паэта. Але працуючы над ёй, Эмі Лоўэл практычна страціла здароўе: моцна пагоршыўся зрок, ды і грыжы не давалі спакою. У траўні 1925 году праз цяжкую грыжу ёй прадпісалі пасцельны рэжым. 12 траўня яна ўсё адно парушыла пасцельны рэжым і праз некалькі гадзін пасля ўнутрымазгавога кровазліцця памерла.

У 1926 годзе за зборнік “Колькі часу?” (What's O'Clock) пасмяротна атрымала Пуліцэраўскую прэмію.

Пасля яе смерці некалькі яе вершаў перыядычна траплялі ў паэтычныя анталогіі, аднак асоба і творчасць Эмі Лоўэл у большасці сваёй былі практычна забытыя. Паэтку адкрылі наноў толькі ў 70-я гады ХХ стагоддзя падчас ажыўлення жаночага руху і гендэрных даследаванняў.

Чытайце таксама

Мэцью Дзікман

Мэцью Дзікман

Амерыканскі паэт, лаўрэат American Poetry Review 2008 году

Андрыс Герардус Вісэр

Андрыс Герардус Вісэр

Адзін з самых значных паўднёваафрыканскіх паэтаў, што пісалі на афрыкаанс

Фрэнсіс Брэт Гарт

Фрэнсіс Брэт Гарт

Амерыканскі празаік, вядомы па творах пра каліфарнійскіх золаташукальнікаў

Андрэй Адамовіч

Андрэй Адамовіч

Беларускі паэт, аўтар зборніка "Дзень паэзіі смерці дзень". Перакладае з украінскай

1622