№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Багуслаў Радзівіл (Bogusław Radziwiłł)

1620 - 1669

Багуслаў Радзівіл
Бліскучы арыстакрат, адзін з самых багатых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, вядомы грамадска-палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў Гданьску ў сям’і князя Януша Радзівіла, віленскага кашталяна, і брандэнбургскай прынцэсы Лізаветы Сафіі Гагенцолерн. Рана страціўшы бацьку, сваё дзяцінства разам з маці правёў у бацькоўскіх маёнтках у Прусіі і Франконіі. У 1628 годзе маленькі князь вярнуўся ў Літву. Пад апекай свайго знакамітага дзядзькі Крыштафа Радзівіла (1585—1640), вялікага гетмана літоўскага, Багуслаў атрымаў бліскучую адукацыю ў кальвінісцкіх гімназіях Вільні і Кейдан. Тут ён навучаўся разам з еўрапейскімі арыстакратамі таго часу, такімі як сілезскі князь Хрысціян Легніцкі, якія лічылі за гонар атрымліваць веды ў ВКЛ. Адна з такіх гімназій, заснаваная бацькам Багуслава Радзівіла, дзейнічала і ў Слуцку.

У 1637—1648 Багуслаў Радзівіл працягнуў адукацыю падчас традыцыйнага для тагачасных арыстакратаў grand tour па Заходняй Еўропе, падарожнічаў па Нямеччыне, Нідэрландах, Францыі і Англіі. Князь навучаўся ў знакамітых універсітэтах Гронінгена, Франекера і Утрэхта, прыватных “рыцарскіх акадэміях” у Парыжы, браў удзел у ваенных выправах нідэрландскіх і французскіх войскаў супраць гішпанцаў. Багуслаў Радзівіл наладзіў сетку шчыльных кантактаў з прадстаўнікамі паноўных дамоў Еўропы: Гагенцолернамі, Аранскімі-Насаў, Бурбонамі, Пфальцамі, Сцюартамі, Гесэн-Касэлямі, Анхальтамі — сувязі, якія нярэдка былі падмацаваныя і дынастычным сваяцтвам. Так, нават знакаміты Людовік XIV “Кароль-Сонца”, звяртаўся да яго няйначай, як “наш даражэйшы і найулюбёнейшы кузэн”.

Пасля вяртання на радзіму ў 1648 годзе Радзівіл, займаючы пасаду канюшага ВКЛ, апынуўся ў віхуры падзей, звязаных з казацкім паўстаннем на Украіне, Трынаццацігадовай вайной з Расіяй, Кейданскай уніяй ВКЛ са Швецыяй, у якіх Багуслаў узяў самы актыўны ўдзел. У 1657 годзе яго сваяк, брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм Гагенцолерн, прызначыў Багуслава прускім генерал-губернатарам. У Кёнігсбергу ён стаў адным з першых еўрапейскіх архітэктараў абсалютызму, заклаўшы будучую веліч Прускай дзяржавы.

Багуслаў Радзівіл быў вялікім мецэнатам мастацтва і навукі свайго часу. Яго каласальны збор жывапісу ў Любчы налічваў каля тысячы твораў мастацтва, у якім толькі работы слыннага Лукаса Кранаха складалі 24 адзінкі, а ў кнігазборы князя пачэснае месца займаў і знакаміты “Радзівілаўскі” летапіс XV стагоддзя. Дзякуючы шчодрай падтрымцы і абароне князя ў той няпросты для прадстаўнікоў некаталіцкіх веравызнанняў час працавалі кальвінісцкія і праваслаўныя школы, фундаваліся зборы і цэрквы.

Пад нідэрландскім уплывам энергічны князь марыў пра стварэнне ў Слуцку збройных мануфактур і нават пра пабудову гандлёвага канала, каб злучыць рэкі Нёман і Случ, а значыць, басейны Балтыйскага і Чорнага мора. Гэта, безумоўна, зрабіла б горад адным з найбольш важкіх гандлёвых цэнтраў рэгіёну.

Сапраўдны свецкі леў, князь быў героем многіх амурных гісторый і адзюльтэраў, напрыклад, з тагачаснай французскай прыгажуняй герцагіняй Беатрыс дэ Кюзанс; будаваў вялікія матрыманіяльныя планы з замежнымі арыстакраткамі і прынцэсамі, у тым ліку і з паноўных дамоў: Шарлотай дэ Ла Форс, Маргарытай дэ Раган, Марыяй Сцюарт (дачка Карла І), Марыяй Насаў, Ганнай Даротай Гольштэйн-Гатарпскай, Марыяй Эльжбетай Саксонскай, Элеанорай Кацярынай Пфальц-Цвейбрукенскай (сястрой шведскага караля Карла Х Густава) і інш.

Але ў 1660-х гг. Багуслаў закахаўся ў сваю юную кузіну Ганну Марыю Радзівіл (1640—1667), адзіную дачку князя Януша ІІ Радзівіла, знакамітага літоўскага гетмана, ініцыятара Кейданскай уніі са Швецыяй. Нягледзячы на тое, што яе бацька быў пратэстант, Ганна Марыя была выхаваная сваёй маці Кацярынай з роду Патоцкіх як каталічка.

Гэта, а таксама вельмі блізкае кроўнае сваяцтва стала сур’ёзнай перашкодай у іх складаным каханні. Для шлюбу патрабавалася папская дыспенсія (дазвол), атрыманне якой было не самай лёгкай справай для перакананага кальвініста Багуслава, асабліва калі дзясяткі кавалераў настойліва, а часам абсалютна нетактоўна забягалі аб руцэ казачна багатай нявесты. Усё гэта адбывалася на фоне шматлікіх палітычных інтрыг, у якія так ці інакш быў уцягнуты князь Багуслаў, які бараніў інтарэсы пратэстанцкай лініі Радзівілаў.

Аднак закаханыя ўсё ж дамагліся свайго і пабраліся шлюбам 24 лістапада 1665 на сціплай цырымоніі ў Лібаве. Шчасце маладых было нядоўгім: праз два гады падчас родаў Ганна Марыя памерла, пакінуўшы самотнага князя разам з іх адзінай дачкой Людвікай Каралінай. У 1669 ад сардэчнага ўдару памёр і князь Багуслаў.

Некаторыя цікавыя старонкі гэтай рамантычнай гісторыі і раскрываюць дзесяць абраных перакладзеных лістоў з вялікай серыі амурнай карэспандэнцыі Багуслава да Ганны Марыі. Часам лірычныя, пяшчотныя, часам дзёрзкія і саркастычныя, лісты таленавітага князя ёсць цудоўным помнікам эпісталярнага жанру барочнай эпохі.

Кірыл Карлюк

Чытайце таксама

Хмарка

Хмарка

Беларуская паэтка

Тэрэза Вэйга

Тэрэза Вэйга

Партугальская пісьменніца, не дае інтэрв’ю і не раскрывае сваёй сапраўднай асобы

Чарлз Кослі

Чарлз Кослі

Брытанскі корнскі паэт і празаік, вядомы найперш дзякуючы простым апавяданням і вершам, у якіх часта выкарыстоўваюцца сюжэты з фальклору і многія з якіх звязаныя з Корнуэлам.

Эрнэст Сава

Эрнэст Сава

Франкамоўны пісьменнік беларускага паходжання

2449