Польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1980), юрыст і дыпламат. Даўняе Вялікае Княства Літоўскае, на землях якога Мілаш выхоўваўся, разам са сваёй шматкультурнай і талерантнай атмасферай моцна паўплывала на творчасць і светапогляд паэта. Мілаш вучыўся ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні, спачатку на гуманітарным факультэце, а праз некаторы час ён перайшоў на факультэт сацыяльных навук, каб вывучаць права.
Дэбютаваў у 1930 годзе на старонках універсітэцкага часопіса "Alma Mater Vilnensis" вершамі “Кампазіцыя” і “Падарожжа”. Уваходзіў у згуртаванне паэтаў-катастрафістаў “Жагары” (Żagary) і спрычыніўся да выдання аднайменнага часопіса. У гэты ж час Мілаш працаваў у віленскай рэдакцыі польскага радыё, аднак быў звольнены па абвінавачаннях у падтрымцы інтарэсаў літоўцаў і беларусаў.
У пачатку Другой сусветнай вайны, калі савецкая армія заняла Вільню, Мілаш вярнуўся ў родны горад (адкуль з’ехаў, адступаючы ад ваенных дзеянняў) і прыняў літоўскае грамадзянства. Аднак калі савецкія войскі занялі ўсю тэрыторыю Літвы, Мілаш выехаў у акупаваную немцамі Варшаву, дзе працаваў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы і ўдзельнічаў у падпольным літаратурным руху, апублікаваўшы ў 1940 годзе зборнік “Вершы” пад псеўданімам Ян Сыруць.
Пасля паразы варшаўскага паўстання Мілаш пераехаў у Кракаў, дзе і застаўся да канца 1945 году. Пасля вайны Мілаш працуе ў Міністэрстве замежных справаў Польскай Народнай Pэспублікі ў якасці аташэ па культуры ў Нью-Ёрку і Парыжы. У 1951 годзе паэт папрасіў у французскага ўраду палітычнага прытулку. У Парыжы Чэслаў Мілаш жыў да 1960 году, актыўна супрацоўнічаючы з часопісам “Культура” Ежы Гедройца.
У 1960 годзе Мілаш пераязджае ў ЗША, дзе выкладае славянскія літаратуры ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі і Гарвардзе. У Польшчы яго афіцыйна лічаць здраднікам і рэнегатам. Да 1980 году існавала цэнзарская забарона не толькі на публікацыю яго твораў, але і на яго прозвішча наогул. Кнігі Мілаша выдаваліся падпольна, а частка польскай эміграцыі абвінавачвала яго ў бальшавіцкіх поглядах. У 1980 годзе Мілаш атрымлівае Нобелеўскую прэмію, і акурат тады пачынае змяняцца стаўленне да “здрадніка” і ў Польшчы, і ў эмігранцкім асяродку. У 1993 годзе паэт вырашае вярнуцца ў Польшчу і пераязджае ў Кракаў, паводле яго сцверджання, “найбольш блізкі Вільні”. У 2011 годзе па ўсім свеце шырока адзначаецца стогадовы юбілей Чэслава Мілаша, да якога ў Беларусі прымеркаваны выхад чатырохтомніка пісьменніка.