№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мойшэ Кульбак (מוישע קולבאק)

1896 - 1937

Мойшэ Кульбак
Беларуска-габрэйскі пісьменнік і перакладчык, пісаў на мове ідыш. Нарадзіўся ў Смаргоні ў габрэйскай сям’і. Вучыўся спачатку ў габрэйска-рускай казённай школе, наведваючы па вечарах хедар, потым у Свянцянскай, Валожынскай і Мірскай ешывах, выкладаў у Смаргоні, Мінску, Вільні. Падчас Першай сусветнай вайны працаваў настаўнікам у габрэйскім доме сіротаў у Коўне.

Спачатку Кульбак пісаў вершы на іўрыце, аднак хутка перайшоў на ідыш. Першы надрукаваны верш пісьменніка “Зорачка” зрабіўся народнай песняй. У 1919 годзе Кульбак пераехаў з Мінска ў Вільню, дзе здаў у друк свой першы зборнік “Вершы” (выйшаў у 1920 годзе) і напісаў сімвалісцка-рамантычную паэму “Горад” (די שטאָט), надрукаваную ў альманаху “Вайтэрбух” у 1920 годзе.

У 1920 годзе Кульбак пераехаў у Берлін. У гэты час ён напісаў паэму “Беларусь” і падрыхтаваў зборнік “Новыя вершы” (надрукаваны ў Варшаве ў 1922). У 1923 ён выправіўся ў Вільню, якая была тады цэнтрам габрэйскай культуры, а ў канцы 1920-х зноў вярнуўся ў Мінск. У гэты час у яго творчасці з’яўляюцца гістарычныя творы з філасофскім падтэкстам: драма “Якаў Франк” (1923), раман “Месія, сын Эфраіма” (1924). Гістарычныя і бытавыя рэаліі афарбаваныя ў гэтых творах фантастычнымі тонамі габрэйскага містыцызму, фальклорнымі матывамі і экспрэсіянісцкім гратэскам.

У 1923—1928 Кульбак жыў у Вільні, выкладаў у габрэйскіх гімназіях і настаўніцкай семінарыі, часта выступаў з лекцыямі і артыкуламі пра габрэйскую літаратуру і быў абраны старшынём заснаванага ў 1927 годзе Сусветнага габрэйскага ПЭН-Клуба. Тэмай яго новага рамана “Панядзелак” (1926) зрабілася збянтэжанасць адчужанага ад народнага асяроддзя габрэя-інтэлігента перад падзеямі першых пасляваенных гадоў.

У 1928 годзе Кульбак пасяліўся ў Мінску, шмат перакладаў на ідыш (вершы беларускіх паэтаў, напрыклад, Янкі Купалы і Якуба Коласа, “Рэвізор” Гогаля). Першая частка вялікай аповесці Кульбака “Зельманцы” (1931) пра змены, якія адбыліся ў вернай традыцыям вялікай габрэйскай сям’і за гады савецкай улады, была кепска сустрэтая “пралетарскай” габрэйскай крытыкай за іронію і гратэск, за цёплае стаўленне аўтара да так званых “адмоўных герояў”, але асабліва — за напісаны хоць і добразычліва, але відавочна з адценнем сарказму партрэт цёмнага і пражэрлівага героя-камуніста. Спроба Кульбака ў другой частцы аповесці (1935) “выправіцца” не ўдалася — твор атрымаўся нечытэльным. Пра творчыя магчымасці пісьменніка ў гэты перыяд сведчыць яго сатырычная паэма пра Берлін 1920-х гадоў “Дзісненскі Чайлд Гарольд” (1933).

11 верасня 1937 Кульбак быў арыштаваны як “вораг народа” і 29 кастрычніка таго ж году расстраляны. Яго драматычная паэма “Разбойнік Бойтрэ” (1936), пастаўленая шэрагам габрэйскіх тэатраў, была знятая з рэпертуару, а п’еса “Беньямін Магідаў” (1937) пра маладога камандзіра партызанскага атрада, які вядзе барацьбу з польскімі легіянерамі ў Беларусі, не была дапушчаная да пастаноўкі ў Бірабіджанскім габрэйскім тэатры.

Чытайце таксама

Роберт Фэргюсан

Роберт Фэргюсан

Шатландскі паэт Роберт Фэргюсан нарадзіўся 5 верасня 1750 году ў сям’і Ўільяма Фэргюсана, бухгалтара банка брытанскай ільняной кампаніі ў Эдынбургу, і яго жонкі Маргарэт і быў адным з трох іх дзяцей, што засталіся ў жывых

Юльян Тувім

Юльян Тувім

Польскі паэт і перакладчык Юльян Тувім нарадзіўся ў горадзе Лодзь у польскай габрэйскай сям’і

Джэром Клапка Джэром

Джэром Клапка Джэром

Ангельскі пісьменнік-гумарыст, драматург, пастаянны супрацоўнік часопіса “Панч”.

Тадэвуш Бароўскі

Тадэвуш Бароўскі

Польскі паэт, адзін з самых уплывовых празаікаў паваеннага часу

2311