№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Шолам-Алейхем ( שלום עליכם)

1859 - 1916

Шолам-Алейхем

Габрэйскі пісьменнік, драматург і асветнік, адзін з пачынальнікаў літаратуры на ідыш, у тым ліку дзіцячай. Сапраўднае імя — Шолам Рабіновіч.

Нарадзіўся 2 сакавіка 1859 у Пераяслаўлі-Хмяльніцкім, на тэрыторыі цяперашняй Украіны. Ранняя біяграфія пісьменніка апісаная ў няскончаным аўтабіяграфічным рамане “З кірмашу” (1916). Калі Шоламу Рабіновічу было 15 гадоў, ён напісаў уласную версію аповесці “Рабінзон Круза” і вырашыў стаць пісьменнікам, узяўшы псеўданім Шолам-Алейхем (ад традыцыйнага габрэйскага вітання, якое абазначае “мір вам”).

Вучыўся ў хедары і Пераяслаўскай рускай павятовай вучэльні. Пасля заканчэння школы ў 1876 тры гады навучаў дачку багатага габрэйскага прадпрымальніка Голдэ (Вольгу) Лоеву і закахаўся ў яе. У той час багаты бацька каханай не быў гатовы да такога сацыяльна няроўнага шлюбу, і Шолам-Алейхем страціў працу ў доме Лоева. Толькі праз шэсць гадоў, у 1883, насуперак волі свайго бацькі, яна стала яго жонкай і нарадзіла яму шасцярых дзяцей. Пасля смерці цесця Шолам-Алейхем успадкаваў вялікія грошы, аднак яму не ўдалося выгадна імі распарадзіцца, каб павялічыць сямейны капітал. Шолам-Алейхем памяняў мноства зусім разнапланавых прафесій, пачынаючы ад вандроўнага рэпетытара, заканчваючы гульцом на біржы. Менавіта захапленне біржавымі спекуляцыямі, якому ён паддаўся ў Адэсе, падвяло пачаткоўца-фінансіста. Таксама Шолам-Алейхем спансаваў выпуск часопіса, які друкаваў мастацкія творы на ідышы (פאלקס־ביבליאטעק — “Габрэйская народная бібліятэка”), дапамагаў маладым аўтарам, плаціў ім вялікія ганарары. Такім чынам, неўзабаве вялізная спадчына была змарнаваная. Аднак да гэтага часу (пачатак XX ст.) ён набывае вядомасць як аўтар вершаваных твораў і празаічных тэкстаў на ідышы. Шолам-Алейхем любіў публічныя выступы, якія пастаянна арганізоўваў, без перабольшання, па ўсім свеце, таму ўжо ў хуткім часе ён прыдбаў славу пісьменніка з сусветным імем.

Друкаваўся з 1879. З 1883 пісаў амаль выключна на ідышы (за выключэннем некалькіх публікацый на рускай і іўрыце). Сваёй мэтай ён ставіў асвету простага народа, іўрыт жа ведалі нямногія. У раманах “Сэцдэр Бланк і яго сямейка” (1887), “Стэмпеню” (1888), “Ёселе-салавей” (1889), “Патоп” (1907), “Блукаючыя зоркі” (1909—1911), аповесцях, п'есах, цыклах апавяданняў, нарысах, сатырычных памфлетах крытыкаваў тагачасную рэчаіснасць, стварыў вобразы таленавітых людзей з народа, наследаваў дэмакратычным і асветніцкім традыцыям рускай і еўрапейскіх літаратураў. Крытыкі называлі яго габрэйскім Маркам Твэнам за падабенства стыляў і любоў да дзіцячай літаратуры. Пазней пры сустрэчы Марк Твэн заўважыў, што лічыць сябе амерыканскім Шолам-Алейхемам.

Пасля 1891 пісьменнік жыве ў Адэсе. Пасля пагромаў у 1905 з'язджае з сям'ёй у Швейцарыю, затым у Германію. Лічыцца, што Шолам-Алейхем перасек акіян чатыры разы. Аднак у першае дзесяцігоддзе ХХ ст. дала ведаць пра сябе невылечная ў той час хвароба пісьменніка — сухоты. У 1914 як расійскі падданы быў высланы з Германіі. Перабіраецца ў Нью-Ёрк, дзе пражыў апошнія гады жыцця. Памёр ад сухотаў у 1916 годзе ў Нью-Ёрку, пахаваны на Старых могілках (Old Mount Carmel) у Куінз (Нью-Ёрк, ЗША). Унучка Шолам-Алейхема — амерыканская пісьменніца і педагог Бэл Каўфман, аўтарка рамана “Уверх па лесвіцы, што вядзе ўніз”.

У 1908 і 1914 наведаў Беларусь. Падзеі, звязаныя з яго выступам у Баранавічах, знайшлі адлюстраванне ў апавяданні “Станцыя Баранавічы”.

На беларускую мову творы Шолам-Алейхема перакладалі З. Бядуля, А. Васілевіч, Ю. Канэ, І. Саламевіч, Г. Шупенька. У беларускім перакладзе выходзілі наступныя кнігі: “Хлопчык Мотка” (4 выд., Мінск, 1938), “Запіскі коміваяжора” (Мінск, 1939), “Дзіцячыя апавяданні” (Мінск, 1939), “Апавяданні” (Мінск, 1940), “Тэўе-малочнік: Аповесці, апавяданні, юн. раман” (Мінск: Мастацкая літаратура, 1992, “Скарбы сусветнай літаратуры”), “Блукаючыя зоркі” (Мінск: Беларуская навука, 1998, “Школьная бібліятэка”).

Чытайце таксама

Хмарка

Хмарка

Беларуская паэтка

Тэрэза Вэйга

Тэрэза Вэйга

Партугальская пісьменніца, не дае інтэрв’ю і не раскрывае сваёй сапраўднай асобы

Чарлз Кослі

Чарлз Кослі

Брытанскі корнскі паэт і празаік, вядомы найперш дзякуючы простым апавяданням і вершам, у якіх часта выкарыстоўваюцца сюжэты з фальклору і многія з якіх звязаныя з Корнуэлам.

Эрнэст Сава

Эрнэст Сава

Франкамоўны пісьменнік беларускага паходжання

1614