№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Васіль Быкаў (Васіль Быкаў)

1924 - 2003

Васіль Быкаў
Беларускі празаік. Нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 у в. Бычкі на Ушаччыне (Віцебская вобласць). З дзяцінства захапляўся маляваннем. У 1939 скончыў 8 класаў Кубліцкай СШ, паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскай мастацкай вучэльні. Аднак восенню 1940 у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям'і і адменай дзяржаўных стыпендый вымушаны быў пакінуць навучанне. Паступіў у Віцебскую школу ФЗН №5, дзе вучыўся да траўня 1941. У чэрвені 1941 экстэрнам здаў экзамены за дзясяты клас.

У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў мабілізаваны на абарончыя работы. У якасці байца інжынернага батальёна будаваў ваенныя аб'екты ад Гомеля да Варонежа. У зіму 1941—1942 жыў на ст. Салтыкоўка і ў Аткарску Саратаўскай вобласці, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе. Улетку 1942 быў прызваны ў Чырвоную Армію, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча (з 80 выпускнікоў у вайну ацалела толькі чацвёра). З 1943 ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Быў двойчы паранены, ляжаў у шпіталях. У 1944 бацькі В. Быкава атрымалі памылковае паведамленне, што іх сын мужна загінуў у баях каля Кіраваграда (гэта было засведчана на абеліску). З дзейнай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю — старшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі. Служыў на Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе.

Творчая біяграфія пісьменніка пачынаецца ў пасляваенныя гады. Пасля дэмабілізацыі Быкаў жыў у Гродне (з 1947), працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, у рэдакцыі абласной газеты “Гродзенская праўда” (1947—1949). У 1949—1955 зноў служыў у Савецкай Арміі. Канчаткова дэмабілізаваўшыся (маёр запасу), быў літаратурным супрацоўнікам, літаратурным кансультантам газеты “Гродзенская праўда” (1956—1972). Сябра СП СССР з 1959. Выступаў як журналіст. У абласным і рэспубліканскім друку пачалі з'яўляцца яго замалёўкі, фельетоны, нарысы. Быў абраны сакратаром Гродзенскага аддзялення СП БССР (1972—1978). У 1978-м пераехаў на сталае жыццё ў Мінск. З гэтага часу займаўся выключна творчай працай.

Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964, за аповесць “Трэцяя ракета”), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, за аповесці “Абеліск”, “Дажыць да світання”), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1978, за аповесці “Воўчая зграя”, “Яго батальён”), Ленінскай прэміі (1986, за аповесць “Знак бяды”). У 1980 атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі.

Бескампраміснасць прозы Быкава часта рабілася прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала пісьменніка ў ачарненні савецкага ладу. Адзін з аўтараў “Рыжскага звароту” (1990). Быў старшынём Беларускага ПЭН-Цэнтра. У 1990 абраны прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Нападкі на Васіля Быкава, якія зноў пачаліся на радзіме ў сярэдзіне 1990-х, і стан здароўя сталі прычынай выезду за мяжу. У снежні 2002 Васіль Быкаў пераехаў на жыхарства ў Чэхію, перад гэтым некалькі гадоў жыў у Германіі, а да гэтага ў Фінляндыі. У 2002 апублікаваў кнігу ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”. У Чэхіі перанёс аперацыю, пасля пагаршэння здароўя вярнуўся на Беларусь, дзе і памёр. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Раннія апавяданні, як і многія пазнейшыя творы Васіля Быкава, прысвечаныя падзеям вайны. Першыя апавяданні былі надрукаваныя ў часопісе “Вожык” (1947, “Дапякло”), газеце “Гродзенская праўда” (1949, “У першым баі”). Але сам Быкаў свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951, калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні “Смерць чалавека” і “Абознік”. Іх ён даслаў на водгук М. Лынькову. Нягледзячы на ўдалы творчы дэбют, Быкаў не быў перакананы ў тым, што літаратура — яго жыццёвае пакліканне. З героя апавядання “У першым баі” Мікалая Беражнога пачаліся быкаўскія героі — маладыя афіцэры і салдаты з трагічным франтавым лёсам.

Шырокая вядомасць прыйшла да Быкава пасля публікацыі аповесці “Трэцяя ракета” (1961). Тэма чалавека на вайне таксама праходзіць праз аповесці “Пастка” (1962), “Альпійская балада” (1963), “Праклятая вышыня” (1968). Аднак у застойныя гады афіцыйная крытыка непрымальна ставілася да бескампрамісных аповесцяў Быкава пра вайну. Адзін з найлепшым яго твораў “Мёртвым не баліць” (1965) убачыў свет у той час толькі ў часопісах “Маладосць” і “Новый мир” дзякуючы грамадзянскай мужнасці іх рэдактараў П. Панчанкі і А. Твардоўскага. Быкава абвінавачвалі, што ён не з тых пазіцый піша пра вайну, скажае праўду, ачарняе гераічных савецкіх воінаў. Па камандзе галоўных тады партыйных ідэолагаў былі арганізаваныя калектыўныя лісты “незадаволеных” быкаўскім адлюстраваннем падзеяў вайны. Нягледзячы на тое, што многія творчыя саюзы, выдавецтва “Мастацкая літаратура” і яго дырэктар М. Дубянецкі, шматлікія чытачы патрабавалі ўключыць “Мёртвым не баліць” у збор твораў Быкава, М. Суслаў, а пасля М. Зімянін загадалі ніколі яе не друкаваць і любыя размовы пра выданне спыніць, хоць у многіх краінах гэты твор ужо тады выйшаў асобнай кнігай. Грамадская думка перамагла: аповесць была ўключаная ў 4-ы том збору твораў пісьменніка.

У 1970-я гады Быкаў працягвае цыкл аповесцяў на ваенную тэму: “Сотнікаў” (1970), “Абеліск” (1971), “Дажыць да світання” (1972), “Воўчая зграя” (1974), “Яго батальён” (1975). У партызанскім цыкле аповесцяў (“Круглянскі мост” (1968), “Пайсці і не вярнуцца” (1978), “Знак бяды” (1982) з асаблівай сілай выявілася праблема трагічнага, адвечная тэма выбару ў складаных умовах акупаванай тэрыторыі і партызанскай барацьбы супраць фашыстаў. Не менш востра паказаў пісьменнік і падзеі калектывізацыі, да якіх упершыню звярнуўся ў аповесці “Знак бяды”, гэтую ж тэму пісьменнік працягвае даследаваць і ў аповесці “Аблава”.

Пераасэнсаванне мінулага стала галоўным напрамкам, па якім рухалася быкаўская думка ў 1980-я. Пісьменнік пераасэнсоўвае і прыкметна ўдакладняе многае з таго, што ўпэўнена сцвярджаў ў сваіх творах. У рамане “Кар'ер” (1985) паяднаныя сучаснасць і вайна. Складаны лёс чалавека ва ўмовах акупацыі пісьменнік паказвае ў аповесці “У тумане” (1988). “Аблава” (1989) мае рэальную жыццёвую аснову. Быкаў акцэнтуе ўвагу на злавесна-разбуральнай сутнасці часу і гаворыць пра катастрафізм духоўнага быцця ў цэлым.

У 1990-я В. Быкаў зноў звяртаецца да апавядання: “На чорных лядах”, “Бедныя людзі”, “Жоўты пясочак”, “Зенітчыца”, “Палкаводзец”, “Палітрук Каламіец”, “Падоранае жыццё”. Аповесць “Пакахай мяне, салдацік” (1996) тэматычна звязаная з цыклам “ваенных” апавяданняў. Аповесць “Ваўчыная яма” (1999) расказвае пра жыццё ў чарнобыльскай зоне. Надзвычай складаныя рэаліі ваеннай рэчаіснасці паўстаюць у аповесці "Балота" (2001).

Васіль Быкаў — аўтар “баек жыцця” з філасофска-алегарычным зместам: кнігі прозы “Сцяна” (1997), “Пахаджане” (1999). Быкаўскія прыпавесці ўвайшлі ў супольную з Р. Барадуліным кнігу “Калі рукаюцца душы” (2003). Працягвае тэму сяброўства кніга “Дажыць да зялёнай травы” (2008), якую В. Быкаў і Р. Барадулін пісалі 43 гады.

Паводле твораў Быкава зняты шэраг мастацкіх фільмаў: “Трэцяя ракета” (1963), “Альпійская балада” (1966), “Дажыць да світання” (1975), “Воўчая зграя” (1976), “Абеліск” (1977), “Узыходжанне” (1977, паводле “Сотнікава”), “Знак бяды” (1985) і інш.

Чытайце таксама

Лідзія Вадкерці-Гаварнікава

Лідзія Вадкерці-Гаварнікава

Славацкая паэтка і перакладчыца, аўтарка васьмі паэтычных зборнікаў

Тамаш Зан

Тамаш Зан

Польскі паэт-рамантык беларускага паходжання, філамат, сябра Адама Міцкевіча

Антоніё Табукі

Антоніё Табукі

Аўтар раманаў, апавяданняў, нарысаў, тэатральных сцэнараў, куратар італьянскага выдання твораў Фэрнанду Пэсоа.

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

12675