№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Янка Купала (Іван Луцэвіч)

1882 - 1942

Янка Купала
Беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН БССР (1928).

Янка Луцэвіч нарадзіўся ў фальварку Вязынка Вілейскага павета (цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць) у сям'і арандатара. У 1898 скончыў Беларускую народную вучэльню. Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, потым хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у памешчыка ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні (1904), практыкантам і памочнікам вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Мінскам, на бровары ў Яхімоўшчыне на Маладзечаншчыне, у маёнтку Дольны Сноў Наваградскага павета (1905—1908), супрацоўнікам “Нашай Нівы” і адначасова бібліятэкарам бібліятэкі “Веды” Б. Даніловіча (Вільня, 1908—1909). У пачатку снежня 1909 з рэкамендацыйным лістом У. Самойлы да Б. Эпімах-Шыпілы пераехаў у Пецярбург, дзе вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева (1909—1913), працаваў у Публічнай бібліятэцы, удзельнічаў у рабоце навукова-літаратурнага гуртка беларускіх студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. 3 кастрычніка 1913 зноў у Вільні: сакратар “Беларускага выдавецкага таварыства”, рэдактар «Нашай Нівы» (1914—1915). З набліжэннем фронту эвакуяваўся з Вільні, жыў у Арле, у верасні 1915 году выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце. Са студзеня 1916 быў на вайсковай службе: некалькі месяцаў служыў у Мінску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін, потым у Полацку, Смаленску. У 1916 годзе ажаніўся з Уладзіславай Луцэвіч. У ліпені 1918 году атрымаў пасаду агента па забяспечанні харчамі Заходняй вобласці. Разам з М. Гарэцкім быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1919 годзе, пасля абвяшчэння БССР, пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск. Працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопіс “Рунь” (1920) і “Вольны сцяг” (1920—1922). У час 1920—1922 цяжка хварэў, аднак, акрыяўшы, зноў вярнуўся да актыўнай грамадскай і літаратурнай дзейнасці. З пачатку 1921 — намеснік загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, уваходзіў у склад Акадэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі, чалец навукова-рэдакцыйнай калегіі Наркамасветы БССР, якая разглядала прадстаўленыя да друку творы (пазней яна называлася камісіяй, і Я. Купала быў яе старшынём); адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра (1920), БДУ (1921), Інбелкульта (з 1922 году яго правадзейны сябра), літаратурнага аб'яднання “Полымя”. Янка Купала ўдзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926).

Неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям. У 1921 годзе на паэта быў накладзены хатні арышт і канфіскаваныя рукапісы. У 1930 годзе былі раскулачаныя маці і сястра паэта. Летам 1930 году ў друку з'явіўся артыкул Л. Бэндэ “Шлях паэта”, у якім Купала абвяшчаўся “ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму”. Купалу выклікалі на допыты ў ДПУ; яму інкрымінавалася лідарства ў “Саюзе вызвалення Беларусі”. 20 лістапада 1930 пасля “гутарак” у ДПУ ён зрабіў спробу самагубства, але быў выратаваны. У снежні 1930 быў вымушаны апублікаваць у “Звяздзе” “пакаянны” ліст, у якім прызнаваўся ў “памылках” і “шкодных поглядах”, абяцаў парваць з “кулацкім нацыяналістычным адраджанізмам” і “аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву”. У 1930-я гады творы Купалы падвергліся значнай цэнзурнай праўцы, у т.л. творы са зборнікаў “Жалейка” і “Гусляр”. У 1937 годзе над паэтам чарговы раз навісла пагроза арышту — яго імя апынулася ў спісе меркаваных ахвяраў. Арышту ўдалося пазбегнуць.

Вялікая Айчынная вайна заспела яго у Коўне. У першыя дні вайны ў Мінску згарэлі яго архіў і бібліятэка. 30 чэрвеня 1941 з дачы ў Ляўках Янка Купала выехаў у Маскву. З лістапада 1941 ён жыў у пас. Пячышчы каля Казані. Як чалец прэзідыюма Усеславянскага антыфашысцкага камітэта Купала выступаў на антыфашысцкіх мітынгах, падпісаў адозву з заклікам узняцца на вызвольную барацьбу супраць фашызму, удзельнічаў у І Усеславянскім мітынгу і ў навуковай сесіі АН БССР (у Казані), дзе выступіў з дакладам “Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя”.

18 чэрвеня 1942 Купала прыехаў у Маскву і праз 10 дзён загінуў у гасцініцы “Масква” пры нявысветленых абставінах — упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха. Існуе тры версіі — няшчасны выпадак, самагубства, забойства. Быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве.

У ліпені 1962 урна з прахам Янкі Купалы была перавезеная ў Мінск і перапахаваная на Вайсковых могілках.

Янка Купала — класік беларускай літаратуры, традыцыі пісьменніка ўплывалі на беларускіх паэтаў розных пакаленняў. Асаблівае значэнне спадчына Янкі Купалы набыла ў канцы 1980-х, калі былі надрукаваныя раней забароненыя яго творы (паэмы “Калека”, “На Куццю” і інш.).

Янка Купала — прызнаны нацыянальны драматург. Аўтар драматычных паэм “Адвечная песня” (1910) і “Сон на кургане” (1912), п'есы “Паўлінка” (1913), драматычнай паэмы “На папасе” (1913), драмы “Раскіданае гняздо” (1919), сцэнічнага жарту “Прымакі” (1920), п'есы «Тутэйшыя» (1924), драматычнага абразка «На Куццю» (1928).

Янка Купала пераклаў на беларускую мову “Слова аб палку Ігаравым” (прозай і вершам), міжнародны пралетарскі гімн “Інтэрнацыянал”, польскі тэкст у п'есах В. Дуніна-Марцінкевіча “Ідылія” і “Залёты”, лібрэта оперы “Галька” С. Манюшкі, паэму А. Пушкіна “Медны коннік”, шэраг вершаў і паэмаў Т. Шаўчэнкі, асобныя творы М. Някрасава, І. Крылова, А. Кальцова, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, Ю. Крашэўскага, У. Бранеўскага, Е. Жулаўскага, П. Панча і інш.

Паводле Вікіпедыі.

Чытайце таксама

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Клаўс Элсбергс

Клаўс Элсбергс

Латышскі паэт і перакладчык

Фрэнк О’Хара

Фрэнк О’Хара

Амерыканскі празаік, паэт і мастацкі крытык.

Ізі Харык

Ізі Харык

Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт

2564