Максім Багдановіч (Максім Багдановіч)
1891 - 1917
У 1896 годзе Адам Багдановіч з дзецьмі пераехаў у Ніжні Ноўгарад. Ужо тады Максім спрабаваў пісаць вершы на беларускай мове. У 1902 годзе ён паступіў у гімназію. Падчас рэвалюцыі 1905 году ўзяў удзел у бунтах, зладжаных гімназістамі. У 1906 годзе хросная маці Максіма В. Сёмава выпісвала для яго “Нашу Долю”, а потым і “Нашу Ніву”. У канцы году Багдановіч дасылаў беларускія кнігі і газеты ў Ніжагародскую турму рэвалюцыянеру беларускага паходжання Сцяпану Зенчанку. З 1907 году ў “Нашай Ніве” пачалі з'яўляцца творы Багдановіча.
У чэрвені 1908 Багдановічы зноўку пераехалі — гэтым разам у Яраслаўль. У 1909 годзе Максім захварэў на сухоты. Скончыўшы ў 1911 годзе гімназію, ён наведаў радзіму, пазнаёміўся з Вацлавам Ластоўскім, братамі Луцкевічамі і іншымі дзеячамі беларускага Адраджэння. У тым жа годзе паступіў у Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. Падчас навучання працаваў у яраслаўскай газеце “Голос”, шмат пісаў, друкаваўся ў розных расійскіх і беларускіх выданнях, набыў вядомасць.
Улетку 1916 году, скончыўшы ліцэй, Багдановіч вярнуўся ў Мінск, дзе жыў на кватэры Змітрака Бядулі. Хоць ён быў ужо цяжка хворы, але ўладкаваўся на працу сакратаром у губернскую харчовую камісію, шмат працаваў, а ўвесь вольны час аддаваў літаратурнай творчасці. У пачатку 1914 году ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Багдановіча “Вянок” (на тытуле кнігі стаіць 1913 год, але ў тым годзе яе выдаць не паспелі).
У лютым 1917 сябры паэта сабралі грошы, каб ён мог ехаць у Крым лячыцца ад сухотаў. Лячэнне не дапамагло, і ў тым жа годзе ў Ялце Максім Багдановіч памёр. Пахаваны там жа, на Новых гарадскіх могілках; у 1924 годзе на яго магіле быў усталяваны помнік з чатырма радкамі з верша паэта “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…”
Архіў рукапісаў паэта захоўваўся ў яго бацькі, але падчас штурму Яраслаўля ў 1918 годзе пацярпеў ад пажару: хоць Адам Багдановіч здолеў уратаваць рукапісы ад поўнага знішчэння, частка іх значна абгарэла. У 1991—1995 гадах быў выдадзены збор твораў паэта ў трох тамах.
Максім Багдановіч — аўтар паэм “Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык” (1914), “Максім і Магдалена” (1915), “Страцім-лебедзь” (1916). Багдановіч упершыню ў беларускай літаратуры ўжыў формы санэту, трыялету, рандо і іншыя класічныя вершаваныя формы, верлібр. Выступаў у прэсе як публіцыст, друкаваў шматлікія крытычныя артыкулы і літаратурныя агляды. Перакладаў на беларускую мову вершы Поля Вэрлена, Эміля Верхарна, Генрыха Гайнэ, Аляксандра Пушкіна, Авідыя, Гарацыя і іншых замежных паэтаў, на рускую — творы Янкі Купалы, Тараса Шаўчэнкі, Івана Франка. На паэзію Багдановіча паўплывалі творы французскіх сімвалістаў, рускіх акмеістаў, аднак ён імкнуўся да стварэння ўласна беларускай паэзіі, арганічнага зліцця беларускіх ды іншаземных традыцый.
Паводле Вікіпедыі.