№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Рэймон Радыге (Raymond Radiguet)

1903 - 1923

Рэймон Радыге
Нарадзіўся 18 чэрвеня 1903 году ў сям’і мастака Марыса Радыге. У ліцэі вучыўся пасрэдна, увесь свой час аддаючы кнігам (мадам дэ Лафает, Стэндаль, Пруст, Вэрлен, Рэмбо, Малармэ, Латрэамон і многія іншыя).

Ва ўзросце 15 гадоў кідае навучанне і займаецца журналістыкай. Жыве то дома, то на Манпарнасе ў мастакоў, пісьменнікаў ці музыкаў. Сябруе з паэтамі Максам Жакобам, Андрэ Сальмонам, П’ерам Рэвэрдзі, мастакамі Пабла Пікаса, Хуанам Грысам, Амедэа Мадыльяні, музыкамі “Шасцёркі” Жоржам Арыкам, Дарыюсам Міё, Арцюрам Анэгерам і Франсісам Пуленкам. У 1918 годзе знаёміцца з Жанам Както. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце менавіта Радыге стаў своесаблівым літаратурным настаўнікам для Както і ягонага атачэння. “Ён <…> прыдумаў і прывіў нам дзівосна новую пазіцыю ў мастацтве, якая палягала на тым, каб не быць арыгінальным (ён называў гэта “ўменнем насіць новы касцюм”), <…> раіў нам “пісаць як усе”, бо ў такой манеры абсалютна немагчыма праявіць арыгінальнасць”, – зазначаў Както ў кнізе “Цяжар быцця”. Паводле Радыге, быць паперадзе авангарду – значыць пісаць у традыцыйнай манеры. Увасабленнем гэтых прынцыпаў з’яўляецца найперш галоўны твор Радыге – раман “Чорт у галаву” (Le diable au corps), напісаны ў 1921, выдадзены ў 1923 годзе Бернарам Грасэ з анатацыяй: “Першая кніга семнаццацігадовага пісьменніка”. Раман займеў неймаверны поспех, а яго аўтар атрымліваў віншаванні ад Макса Жакоба, Рэнэ Бэнжамэна, Поля Валеры і іншых вядомых пісьменнікаў.

Другі і апошні раман Радыге “Баль у графа д’Аржэля” (Le Bal du comte d’Orgel) з прадмовай Жана Както выйшаў пасмяротна ў наступным, 1924, годзе. Рэймон Радыге памёр ад тыфу 12 снежня 1923 году. Жан Както ўспамінаў: “Слухай, – сказаў ён мне 9 снежня, – праз тры дні мяне расстраляюць салдаты Бога”.

Рэймону Радыге таксама належаць чатыры паэтычныя зборнікі: “Палаючы твар” (Les joues en feu, 1920), “Заданні на вакацыі” (Devoirs de vacances, 1921), “Верлібры” (Vers libres, 1926) і “Нявінныя забавы” (Jeux innocents) – два апошнія выдадзеныя пасмяротна – і п’еса “Пеліканы” (Les Pélican), напісаная ў 1920 годзе.

Чытайце таксама

Албэрту Каэйру

Албэрту Каэйру

Непарыўна звязаны з Фэрнанду Пэсоа

Ія Ківа

Ія Ківа

Паэтка, перакладчыца, журналістка.

Ёзэф Чапэк

Ёзэф Чапэк

Чэшскі мастак, графік, фатограф, кніжны ілюстратар, эсэіст, брат Карэла Чапэка

Джузэпэ Джаакіна Бэлі

Джузэпэ Джаакіна Бэлі

Італьянскі паэт, аўтар шматлікіх санэтаў на “раманэска” — рымскім дыялекце

1201