№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Роберт ван Гулік (Robert van Gulik)

1910 - 1967

Роберт ван Гулік
Нідэрландскі ўсходазнаўца, дыпламат, музыка і ангельскамоўны пісьменнік, вядомы дзякуючы цыклу аповесцяў пра суддзю Дзі. Гэтага героя ён пазычыў з кітайскага дэтэктыўнага рамана XVIII ст. “Дзі Гун Ань”, які ў сваю чаргу заснаваны на біяграфіі рэальнай гістарычнай асобы, што жыла ў VII ст.

Роберт ван Гулік нарадзіўся 9 жніўня 1910 у сям’і ваеннага доктара, які служыў у каланіяльнай адміністрацыі ў Інданэзіі. Да 12 гадоў ён жыў з бацькамі ў Батавіі на востраве Ява, дзе і вырашыў зрабіцца ўсходазнаўцам. Ужо ў дзяцінстве ён валодаў гутарковай малайскай, яванскай і кітайскай мовамі, вельмі рана выявіўшы выбітныя лінгвістычныя здольнасці. У 1922 годзе ён прыехаў у Нідэрланды і паступіў у гімназію ў Нэймегене, дзе дадаткова займаўся санскрытам з вядомым лінгвістам К. К. Уленбэкам. У 1930 годзе яны сумесна выдалі “Англа-блэкфуцкі слоўнік на аснове матэрыялаў, сабраных у племені Чарнаногіх індзейцаў Мантаны” (A Blackfoot-English vocabulary based on material from the Southern Piegans), якіх Уленбэк наведаў летам 1911 году. Прыватным чынам Ван Гулік вывучыў і літаратурную кітайскую мову.

Першыя навуковыя публікацыі Ван Гуліка выйшлі ў 1928 годзе, яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт. Артыкулы былі прысвечаныя кітайскай паэзіі, але ніводны са сваіх паэтычных перакладаў Ван Гулік не апублікаваў. У 1934 годзе ён паступіў у Лейдэнскі ўніверсітэт, дзе займаўся індалогіяй, кітайскай і японскай мовамі. У 1934 годзе абараніў у Утрэхце доктарскую дысертацыю, прысвечаную конскаму боству Хаягрыва (Hayagriva, the Mantrayanic Aspect of Horse-Cult in China and Japan, with the Introduction on Horse-Cult in India and Tibet).

У 1935 годзе залічаны ў штат Міністэрства замежных справаў, прызначаны сакратаром амбасады Нідэрландаў у Токіё. У Японіі вызначаецца яго крэда як навукоўца: Ван Гулік быў абыякавы да магістральных кірункаў сіналогіі, аддаючы перавагу малавядомым аспектам матэрыяльнай і духоўнай культуры. У Японіі ён засвоіў кітайскую каліграфію і мастацтва гульні на цыне. Гэтаму інструменту ён прысвяціў 2 манаграфіі і шэраг артыкулаў.

У Японіі Ван Гулік увайшоў у навуковы савет Сафійскага каталіцкага ўніверсітэта ў Токіё і заснаваў адзін з самых прэстыжных японазнаўчых часопісаў “Monumenta Nipponica”.

У 1942 годзе ён быў высланы з Токіё і эвакуяваўся ў Кітай, дзе служыў сакратаром нідэрландскай місіі ў Чунцыне, упершыню апынуўшыся ў Кітаі — краіне, вывучэнню якой ён прысвяціў усё жыццё. У Кітаі ён падрыхтаваў да выдання зборнік твораў манаха Дун-Гао. У 1944 годзе Ван Гулік ажаніўся з дачкой буйнога саноўніка маньчжурскай дынастыі — Шуй Шыфан. У іх было чацвёра дзяцей, прычым старэйшы — Вілет — зрабіўся вядомым япаністам.

У 1945 годзе Ван Гулік быў адкліканы ў Гаагу і вярнуўся ў Лейдэнскі ўніверсітэт. У 1947 годзе накіраваны сакратаром амбасады ў Вашынгтон (ЗША), дзе быў уключаны ў камісію па праблемах акупацыі Японіі. У 1948 годзе Ван Гулік быў прыкамандзіраваны да ваеннай місіі ў Токіё. У гэты час ён захапіўся сярэднявечным кітайскім справаводствам і дэтэктыўнымі раманамі.

У 1951 годзе ў Токіё выходзіць яго альбом “Эратычныя гравюры эпохі Мін”. Праца была заснаваная на рэдкіх друкаваных клішэ XVII ст., набытых у японскіх антыквараў, і была выдадзеная іменным накладам 50 асобнікаў, разасланых найбуйнейшым кітаязнаўчым цэнтрам свету. У тым жа годзе Ван Гулік быў накіраваны ў Дэлі. Тут ён займаўся індалогіяй і перакладаў паэзію Калідасы, а таксама апублікаваў манаграфію пра тайнапіс “сідхам” (Siddham: An Essay on the History of Sanskrit Studies in China and Japan. Nagpur, 1956).

У 1953 годзе ён быў прызначаны паўнамоцным прадстаўніком Нідэрландаў на Блізкім Усходзе з рэзідэнцыяй у Бейруце. Ван Гулік адразу паступіў у бейруцкі ўніверсітэт вывучаць арабскую мову і літаратуру (сям’я навукоўца засталася ў Нідэрландах). У гэты час былі таксама падрыхтаваныя кніга “Кітайскае мастацтва вачыма знаўцы” (Рым, 1958) і пераклад кітайскага падручніка юрыспрудэнцыі XIII ст., дзе разглядаліся 144 справы, многія з якіх зрабіліся асновай для сюжэтаў яго дэтэктываў.

У 1959 годзе Ван Гулік робіцца амбасадарам Нідэрландаў у Куала-Лумпуры (Малайзія). Тут яго зацікавілі гібоны, і зацікаўленне гэтае прывяло да выдання ў 1967 годзе кнігі “Гібон у Кітаі”.

У 1961 годзе Лейдэнскае выдавецтва апублікавала фундаментальную манаграфію Ван Гуліка “Сэксуальнае жыццё Старажытнага Кітая”, якая зрабілася вяршыняй сіналагічнай творчасці Ван Гуліка. На шырокім матэрыяле Ван Гулік разглядаў шматлікія аспекты кітайскай эраталогіі, улучаючы сацыяльны і гендэрны статус замужніх жанчын, куртызанак, аспекты выкарыстання супрацьзачаткавых сродкаў і г.д. Выпушчаная ў гады “сэксуальнай рэвалюцыі”, манаграфія зрабілася асновай шматлікіх працаў у гэтай галіне. Зрэшты, самому даследчыку — чыноўніку высокага рангу — не хацелася звязваць сваё імя з “прапагандай парнаграфіі”, таму шэраг тэрмінаў і пераклады адпаведных тэкстаў былі дадзеныя ў лацінскім перакладзе, уключаным у ангельскі тэкст манаграфіі.

У 1963 годзе Ван Гулік быў адкліканы ў Нідэрланды, дзе служыў у МЗС. У 1965 годзе ён быў прызначаны амбасадарам у Японіі і Карэі, але 24 верасня 1967 памёр у Гаазе ад раку лёгкіх.

Славу Ван Гуліку як пісьменніку прынеслі аповесці пра суддзю Дзі. У 1949 годзе перакладзены ім раман “Дзі Гун Ань” быў апублікаваны ў Токіё. Галоўны герой рамана — суддзя Дзі, рэальны гістарычны персанаж (каля 630 — каля 700 гг. н.э.) дынастыі Тан (VII—X стст.), хоць у рамане выкарыстоўваецца мноства гістарычных элементаў з часоў дынастыі Мін (XIV—XVII стст.).

Гэтая праца надзвычай зацікавіла Ван Гуліка, і ён вырашыў напісаць уласны варыянт гісторыі пра суддзю Дзі. Першай аповесцю з удзелам суддзі Дзі і яго памочнікаў стала “Забойства на вуліцы Паўмесяца” (The Chinese Bell Murders, 1949—1950). У каментарах да аповесці пісьменнік адзначаў, што “хацеў паказаць сучасным кітайскім і японскім пісьменнікам-дэтэктыўшчыкам, што іх уласная старажытная літаратура змяшчае мноства каштоўнага матэрыялу, які можа служыць асновай для такіх гісторыяў”.

Ван Гулік старанна трымаўся традыцыі кітайскага дэтэктыўнага рамана ў сваіх аповесцях. Напрыклад, у большасці раманаў суддзя расследуе адначасова тры справы, як правіла, не звязаных паміж сабой. Уласна дэтэктыўны элемент таксама вытрыманы ў духу традыцыйных кітайскіх гісторыяў, хоць і прыстасаваны да густаў еўрапейскага чытача.

Роберт ван Гулік самастойна ілюстраваў свае аповесці. У большасці з іх прысутнічае як мінімум адзін малюнак аголенай жанчыны, што адлюстроўвае цікавасць пісьменніка да тэмы эротыкі і сэксу ў Старажытным Кітаі.

Шмат увагі, у адпаведнасці з кітайскай традыцыяй, надаецца методыцы вядзення следства, апісанню катаванняў (суддзя Дзі, які быў “лібералам”, звяртаецца да іх толькі ў скрайніх выпадках) і сцэнаў пакарання смерцю. Для кітайскіх чытачоў прынцыпова важна было ў дэталях убачыць працэдуру справядлівай адплаты за злачынства, і Ван Гулік па магчымасці захаваў гэтую спецыфіку ў сваіх раманах.

Перыядычна ў аповесцях можна сустрэць згадку пра распаўсюджанасць у Кітаі жаночага гомасэксуалізму (напрыклад, у раманах “Паэты і забойцы” або “Прывід у храме”), які меў добрую глебу для распаўсюду ў шматлікіх “зялёных дамах” (публічных установах) і палігамных кітайскіх сем’ях. Ёсць і невялікі фрагмент са згадваннем гомасэксуалізму мужчынскага (старэйшы пісар суду Тан у аповесці “Золата Буды”). З боку Ван Гуліка гэта зусім не было “данінай сучаснасці”, а адлюстроўвала досыць высокую ступень сэксуальнай разняволенасці ў старажытнакітайскай культуры і традыцыйную дыхатамію жаночых роляў на ўзор “жонкі-прастытуткі”.

Статут паводзінаў замужніх жанчын, асабліва ў найвышэйшым свеце кітайскага грамадства, быў жорстка рэгламентаваны. У аповесцях згадваецца, што жонкам суддзі забараняецца бачыцца з мужчынамі, што не належаць да сям’і, забараняецца наведваць гасцей без суправаджэння. Адзіны старонні мужчына, якому дазволена бачыцца з жонкамі суддзі, — радца Хон, прычым згадваецца, што ён вельмі ганарыцца такі прывілеем (“Прывід у храме”). Жонкі суддзі, выхаваныя ў звычцы да такога ладу жыцця, не наракаюць. Сам суддзя мяркуе, што такі сямейны ўклад спрыяе захаванню згоды ў сям’і, перадухіленню адзюльтэра і розных агідных злачынстваў.

У сваёй апошняй кнізе “Гібон у Кітаі: Эсэ на тэмы кітайскіх паданняў пра жывёл” (The gibbon in China. An essay in Chinese animal lore, 1967) Ван Гулік сабраў згадкі пра разнастайных малпаў у кітайскай літаратуры і выяўленчым мастацтве пачынаючы са старажытнай дынастыі Чжоў і паказаў, што са старажытных эпох і да тых часоў, пакуль у Кітаі не перавяліся гібоны (прыкладна да XIV ст.), слова 猿 (yuan, юань; таксама ў форме 猨) азначала менавіта гiбонаў. (У нашыя дні, калі гібоны не сустракаюцца ў Кітаі амаль нідзе, гэтае слова выкарыстоўваецца як агульнае абазначэнне чалавекападобных малпаў). На шматлікіх прыкладах з літаратуры Ван Гулік паказаў, што старажытныя кітайцы лічылі гібонаў, якія жылі высока на дрэвах і рэдка спускаліся на зямлю, арыстакратамі (Цзюнь-цзы) у свеце малпаў, супрацьпастаўляючы ім блазнаватых макакаў. Асаблівай павагай гібон — разам з жураўлём — карыстаўся ў даасізме, які прыпісваў яму талент кіравання сваім цы, тысячагадовае жыццё і іншыя магічныя ўласцівасці.

Гэтая кніга Роберта ван Гуліка да сённяшняга дня лічыцца найбольш фундаментальнай працай пра гібонаў у кітайскай культуры.

Чытайце таксама

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Ўільям Батлер Ейтс

Ўільям Батлер Ейтс

Ірландскі англамоўны пісьменнік, паэт, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Чарлз Дыкенс

Чарлз Дыкенс

Знакаміты ангельскі празаік і безумоўны класік сусветнай літаратуры

Арына Глінская

Арына Глінская

Беларуская паэтка, мастацтвазнаўца

1409