Рэкс Стаўт (Rex Stout)
1886 - 1975
У 1913 годзе Стаўт выпусціў свой першы раман “Яе забаронены рыцар” (Her Forbidden Knight), дэтэктыў. У 1914 годзе выдаў прыгодніцкі раман “Пад Андамі” (Under the Andes), у 1915 — яго працяг “Узнагарода для прынцаў” (A Prize for Princes), пасля чаго Стаўт 10 гадоў нічога не пісаў.
У 1916 годзе Стаўт ажаніўся з Фэй Кенэдзі, з якой разышоўся ў 1933 годзе і адразу ажаніўся з Полай Хофман. Яна нарадзіла яму дзвюх дачок. За гэты час Стаўт паспеў папрацаваць стайнікам, гідам-спецыялістам па індзейцах пуэбла ў Санта-Фэ, прадаўцом у кнігарні, мэнэджарам у гатэлі і гандляром цыгарамі ў Кліўлендзе.
У 1927 годзе Стаўт пераехаў у Парыж, дзе зноў заняўся літаратурай. У 1929 годзе ён выдаў псіхалагічны раман “Як Бог” (How Like a God), потым яшчэ тры творы ў гэтым жанры. Крытыкі пісалі пра раманы прыхільна, але сярод чытачоў яны папулярнасці не мелі. У 1930-х Стаўт вярнуўся ў ЗША. У 1934 годзе выйшаў яго першы раман пра Нэра Вулфа і яго памочніка Арчы Гудвіна (ад чыйго імені вядзецца аповед) “Fer-de-Lance”. Усяго Стаўт напісаў пра гэтых герояў 32 раманы і 40 аповесцяў.
Кнігі Рэкса Стаўта перакладзеныя на 35 моваў і выдадзеныя агульным накладам 70 млн асобнікаў. У дэтэктыўных раманах Стаўта адлюстраваныя норавы амерыканскага грамадства з 30-х да 70-х гадоў ХХ ст. і закранутыя грамадскія праблемы, такія як дыскрымінацыя, татальнае ўмяшанне ФБР у жыццё простых людзей. Нэра Вулф — адзін з самых знакамітых літаратурных дэтэктываў. Раман “Дзе Цэзар крывёю сцякаў” (Some Buried Caesar) увайшоў у спіс ста найлепшых дэтэктыўных раманаў ХХ стагоддзя паводле версіі Незалежнай асацыяцыі гандляроў дэтэктыўнай літаратуры.