№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Карэл Чапэк (Karel Čapek)

1890 - 1938

Карэл Чапэк
Чэшскі празаік, драматург, крытык і перакладчык. Нарадзіўся ў Малых Сватанёвіцах каля Трутнава, наведваў школу ў мястэчку Упіцы, пазней гімназію ў Градцы Кралавэ. Там ён увайшоў у антыаўстрыйскі гурток, за што быў выключаны, і давучваўся ўжо ў Брне і Празе. У 1915 годзе скончыў філасофскі факультэт Карлавага ўніверсітэта, пасля вывучаў філасофію ў Берліне і Парыжы.

Праз хваробу не быў прызваны ў войска і не ўдзельнічаў у баях Першай сусветнай. Аднак гэтая вайна вельмі паўплывала на светабачанне пісьменніка. Пасля навучання некаторы час працаваў прыватным настаўнікам у шляхецкай сям’і, але хутка заняўся журналістыкай. Працаваў рэдактарам у часопісах “Народныя лісты” (1917—1921), “Не бойся” (1918—1920) і “Народная газета” (з 1921). Акрамя таго быў драматургам і рэжысёрам Тэатра на Вінаградах (1921—1923). У 1925—1933 гг. быў першым старшынём Чэхаславацкага ПЭН-Клуба.

Літаратурная творчасць Чапэка фармавалася пад уплывам даваеннага мадэрнізму і новых плыняў еўрапейскага мастацтва (“Божыя мукі”, “Няёмкія апавяданні”, вершаваныя пераклады “Французская паэзія Новага часу”, драма “Рабаўнік”). Усведамленне таго, да якіх злачынстваў супраць падставовых чалавечых каштоўнасцяў прывялі навука і веды падчас Першай сусветнай вайны, а таксама недавер да адназначных філасофскіх і палітычных канцэпцый, пратэст супраць умяшальніцтва бесчалавечнай улады ў натуральны парадак прыроды адлюстраваліся ў яго ўтапічна-фантастычных драмах (“R.U.R.”, “Справа Макропулас”), у раманах з элементамі навуковай фантастыкі (“Фабрыка абсалюту”, “Кракатыт”), у алегарычных п’есах (“З жыцця жамяры”, “Стваральнік Адам” — абедзве з братам Ёзэфам).

Скептычны рэлятывізм і перакананне ў неадназначнасці ісціны ён увасобіў у паэтычнай прозе: “Гордубал”, “Метэор”, “Звычайнае жыццё”, “Жыццё і творчасць кампазітара Фолтына”, а таксама ў рамане, дзе закранаюцца пытанні сілы гуманізму ды салідарнасці, “Першая кампанія”. Пасля падарожжаў па Еўропе Чапэк пакінуў некалькі кніг вандроўных фельетонаў: “Італьянскія лісты”, “Ангельскія лісты”, “Падарожжа ў Гішпанію”, “Замалёўкі з Нідэрландаў”, “Падарожжа на поўнач”. Карэл Чапэк стварыў арыгінальны жанр кароткіх дэтэктыўных апавяданняў (“Апавяданні з адной кішэні”, “Апавяданні з другой кішэні”), напісаў “Кнігу апокрыфаў”; акрамя таго, яму належаць шматлікія кнігі фельетонаў, нарысаў, эсэ, крытыкі. Варта адзначыць яго творы для дзяцей: “Дзевяць казак і яшчэ адна ад Ёзэфа Чапэка як даважак” і “Дашачка, альбо Жыццё шчаняці”. У другой палове 1930-х ён зноў вяртаецца да ўтапічна-фантастычнага погляду на сучаснасць у рамане “Вайна з саламандрамі”, дзе алегарычна паказвае небяспеку фашызму і яго пагрозу еўрапейскай дэмакратыі. Мяжа паміж антыўтопіяй і рэальнасцю яшчэ больш змяншаецца ў яго апошніх дзвюх драмах “Белая хвароба” і “Маці”.

Карэл Чапэк быў вядомы не толькі як пісьменнік, але і як фатограф і заўзяты калекцыянер. Сучаснікі бачылі ў ім чалавека з актыўнай грамадскай пазіцыяй. З 1925 году ён сябраваў з Томашам Гарыгам Масарыкам, палітычныя і філасофскія пагляды якога адлюстраваў потым у кнігах “Размовы з Т. Г. М.”, “Маўчанне з Т. Г. М.”, “Побач з Т. Г. М.”. Шматлікія эсэ па грамадскіх пытаннях Чапэк пісаў на працягу ўсяго жыцця, адзначым асобную кнігу “Пра агульныя рэчы, альбо Zoon politikon”. Як асабістую трагедыю перажываў пісьменнік “мюнхенскую змову”, але хутка асэнсаваў складанасць зробленых уладамі крокаў і нават бараніў іх у публіцыстыцы; праз гэта ён на некаторы час зрабіўся аб’ектам палітычных нападаў. Апошнія тры гады жыцця правёў у Старой Гуці блізу Добржыша, дзе і памёр. Пахаваны на Вышаградзе ў Празе.

Чытайце таксама

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

Уладзімір Садоўскі

Уладзімір Садоўскі

Інжынер, краязнаўца, пісьменнік.

Фрэнсіс Брэт Гарт

Фрэнсіс Брэт Гарт

Амерыканскі празаік, вядомы па творах пра каліфарнійскіх золаташукальнікаў

Мая Сарышвілі

Мая Сарышвілі

Грузінская паэтка

1114