Войцех Кучак (Wojciech Kuczok)
1972 -
Працаваў у перыядычных выданнях Tygodnik powszechny, Res Publika Nowa, Kino.
Спачатку займаўся перадусім паэтычнай творчасцю і навелістыкай. Як паэт у 1990-я быў звязаны з сілезскай паэтычнай групай Na Dziko, дэбютаваў зборнікам вершаў “Самавітыя аповеды” (Opowieści samowite, 1996), аднак у хуткім часе аддаў перавагу пісанню прозы. Ужо два першыя зборнікі апавяданняў — “Пачутыя аповеды” (Opowieści słychane, 1999) і “Шкілетніцы” (Szkieleciarki, 2002) — прынеслі Кучаку прызнанне крытыкі і цікавасць чытачоў, а таксама тытул аднаго з найбольш перспектыўных аўтараў маладога пакалення. У апавяданнях Кучака з першых двух зборнікаў высока ацэньвалася перадусім майстэрскае карыстанне мовай, зварот да стылізацыі, “моўны слых”, які дазволіў аўтару свабодна чэрпаць з розных пластоў мовы, інтэртэкстуальнасць і стройнасць кампазіцыі — усе гэтыя рысы даюць падставу параўноўваць апавяданні Кучака з празаічнай творчасцю Вітальда Гамбровіча. Ужо ў гэтых апавяданнях Кучак выразна акрэсліў кола тэмаў, якія будуць цікавіць яго па сённяшні дзень: пісьменнік ахвотна парушае бытавыя і грамадскія табу, пішучы пра гвалт у сям’і і разнастайныя траўмы, якія нараджаюцца ў адносінах паміж мужчынам і жанчынай, пра пакуты персанажаў, якія не могуць прыйсці да згоды са светам і з самімі сабой. Так, напрыклад, тэма траўматычных стасункаў паміж бацькам і сынам закранаецца ў найлепшай, на думку крытыкаў, кнізе Кучака — рамане “Поскудзь” (Gnój, 2003), за які пісьменнік атрымаў узнагароду часопіса Polityka (Paszport Polityki, 2003), літаратурную прэмію Nike (2004) і прэмію “Кракаўская кніга месяца” (сакавік 2004). У наступным зборніку пад назвай “Зданягляд” (Widmokrąg, 2004), раманах “Соннасць” (Senność, 2008) і “Змовы. Прыгоды ў Татрах” (Spiski. Przygody tatrzańskie, 2010) Кучак адыходзіць ад стылізацыі і інтэртэкстуальнасці, але не змяняе звыклага для сябе кола пытанняў.
Важнае месца ў творчым даробку Войцеха Кучака займаюць кінасцэнары, якія пісьменнік стварае на аснове сваёй прозы. Аўтар напісаў сцэнары да фільмаў “Палосы” (Pręgi, 2004, Гран-пры на Фестывалі польскіх мастацкіх фільмаў) і “Соннасць” (2008) — у абодвух выпадках у рэжысуры Магдалены Пекаж. Кучок не толькі бярэ ўдзел у стварэнні фільмаў, але і піша эсэ пра кінематограф: “Гэтае пякельнае кіно” (To piekielne kino, 2006) і “Мае праекцыі” (Moje projekcje, 2009).
Акрамя кінематографа Войцех Кучак паспяхова супрацоўнічае з тэатрам: ягоная монадрама “Доктар Хаўст” (рэжысёр Магдалена Пекаж, прэм’ера адбылася ў 2005 годзе) у выкананні Міхала Жаброўскага гралася больш за 100 разоў у варшаўскім Тэатры Studio і на іншых польскіх сцэнах.