№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Святлана Макаравіч (Svetlana Makarovič)

1939 -

Святлана Макаравіч
Адна з найбольш яскравых і спрэчных постацяў у сучаснай славенскай літаратуры. Паэт, дзіцячая пісьменніца, публіцыст, акторка, выканаўца ўласных песняў і проста чалавек з незвычайнай жыццёвай пазіцыяй.

Святлана Макаравіч нарадзілася 1 студзеня 1939, незадоўга перад Другой сусветнай вайной, у сям’і атэіста і перакананай каталічкі, якую бацькі пазбавілі спадчыны пасля шлюбу. Яшчэ ў дзяцінстве Святлана перажывае глыбокае расчараванне ў касцёле: таямніцы споведзі не існуе, пра яе дзіцячыя грахі бацькі даведваюцца ад святара. У сталым узросце яна будзе адным з самых апантаных ваяроў супраць рэлігіі.

Праз цяжкае пасляваеннае жыццё Святлана не паспявае ў школе па шматлікіх прадметах за выключэннем рускай мовы і фартэпіяна. Са школы мастацтваў яе выкідаюць за непаспяховасць. Яна вырашае вывучыцца на выхавацельку, яе размяркоўваюць у інтэрнат для дзяцей з псіхічнымі адхіленнямі, і яна збягае адтуль, вырашыўшы, што ніколі не будзе мець уласных. Яна нават хоча, каб яе стэрылізавалі, аднак медкамісія не дае ёй дазволу. Тым не менш, Святлана Макаравіч так ніколі і не нарадзіла, ёй належаць словы: “Гэты свет недастаткова добры, каб радзіць для яго дзяцей”.

Першыя вершы Святланы Макаравіч былі надрукаваныя, калі ёй было сямнаццаць. У васямнаццаць яна пачынае займацца псіхалогіяй, але неўзабаве кідае яе. Зарабляе тым, што ўзімку грае ў кавярнях, а ўлетку выступае ў прыморскіх гатэлях.

Першы зборнік вершаў Макаравіч “Змрок” выходзіць у 1964 годзе пасля няўдалага вяселля, з якога Святлана збягае без грошай і рэчаў і блукае як “бяздомная котка”, пасля няўдалых спробаў атрымаць адукацыю мастацтвазнаўцы або акторкі. Потым яе чакае бурны раман з вядомым літаратарам Грэгарам Стырнішам, сумеснае напісанне драмаў, жыццё за кулісамі тэатра. У 1968 яна атрымлівае галоўную ролю ў спектаклі Грэгара; пастаноўка зрабілася хітом і атрымала адну з прэстыжных прэмій. Аднак больш Святлана не атрымлівае роляў, бо ў сацыялістычнай Югаславіі яна — беспартыйная. Некаторы час жыве ў Аўстрыі, дзе выкладае славенскую, ладзіць са студэнтамі радыёпастаноўкі, здымаецца ў кіно, спрабуе зарабіць на кватэру. Гэта найбольш плённы перыяд яе творчасці: у канцы 1960-х — пачатку 1970-х выходзяць зборнікі яе вершаў “Ноч Івана Купалы”, “Ваўчыныя ягады”, “Жанчына-палын”, “Час ваяваць” ды іншыя. Пазнейшыя вершы выйдуць у зборніках “Рахунак”, “Сусед-гара” і “Той самы час”.

У Славеніі Святлана Макаравіч выступае на вечарах паэзіі, аднак гэта не цягнецца доўга праз яе адмову ўступаць у камуністычную партыю. І тады Святлана пачынае пісаць казкі. Некаторыя з іх (“Мышыная пякарня”, “Кот са сметніка”) робяцца вельмі папулярнымі, яна чытае іх дзецям у школах і дзіцячых садках за сімвалічны ганарар. “Я пішу ў першую чаргу для сябе, а ўжо потым — для дзяцей, — тлумачыць аўтарка. — Не пагаджуся з тым, што дзеці — самая патрабавальная публіка. Дзецям насамрэч лёгка дагадзіць. Нашмат цяжэй напісаць казку, якая працяла б дарослага чытача”. Акрамя таго Святлана Мкаравіч піша п’есы для дзяцей, робіцца аўтарам Люблянскага лялечнага тэатра, які карыстаецца вялізным поспехам і ездзіць на гастролі па ўсім свеце. Адначасова яна супрацоўнічае са спевакамі-дэкламатарамі, сатырычнай групай “Кабарэ 13”, спявае ў люблянскім гатэлі “Леў”, пазней выдае свае кампакт-дыскі з песнямі.

Пазнейшыя гады творчасці пісьменніцы праходзяць пад знакам пратэсту — супраць клерыкалізму, супраць прыгнёту гомасэксуалаў, супраць абмежавання правоў курцоў (“Праклятыя курцы”, 2001). У 2000 годзе Святлана Макаравіч адмаўляецца ад найпрэстыжнейшай літаратурнай і мастацкай узнагароды імя Францэ Прэшэрна, славенскага Пушкіна і Багдановіча, — з тае прычыны, што адначасова гэтую прэмію павінен быў атрымаць езуіцкі святар, што распісаў хатнюю капліцу папы Рымскага ў Ватыкане (перад гэтым прэмія прызначалася мастаку Густаву Гнамашу). Праз некаторы час яна адмаўляецца ад наступнай прэстыжнай узнагароды — “Ганаровы знак Свабоды” — і публічна адракаецца ад царквы. У 2002 годзе яна выдае зборнік выбраных вершаў у шыкоўным выкананні накладам усяго 100 асобнікаў па цане 1000 даляраў кожны. Разышлася трэцяя частка выдання, Святлана спадзяецца, што рэшта будзе распрададзеная пасля яе смерці, сродкі паступяць на рахунак прытулку для кінутых хатніх жывёл у Марыбары. Цяпер пісьменніца жыве разам з дзясяткам катоў у маленькай хатцы ў вёсцы Жабіная.

Тэма шматлікіх вершаў С. Макаравіч — разруха, разлад, іншасвет, у яе творчасці шмат спачування прыгнечаным, шмат болю, і зло нярэдка перамагае дабро. У публіцыстыцы яе язык абвастраецца, як нож, супраць “славенчыкаў” — няшчырых і дробязных суайчыннікаў, альбо, наадварот, выступае ў абарону “мікрацэфалаў” — прыгнечаных, пераследваных габрэяў, гомасэксуалаў, курцоў. Непазбежна звязанае з найбольш цёмнымі бакамі паўсядзённасці, імя Святланы Макаравіч ў Славеніі выклікае альбо гарачую нянавісць, альбо такую ж гарачую любоў.

Чытайце таксама

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Клаўс Элсбергс

Клаўс Элсбергс

Латышскі паэт і перакладчык

Фрэнк О’Хара

Фрэнк О’Хара

Амерыканскі празаік, паэт і мастацкі крытык.

Ізі Харык

Ізі Харык

Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт

1295