№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Януш Корчак (Janusz Korczak)

1878 - 1942

Януш Корчак
Януш Корчак (сапр. Генрык Гольдшміт) — польскі педагог, пісьменнік, доктар і грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 22 ліпеня 1878 у Варшаве ў інтэлігенцкай асіміляванай габрэйскай сям’і. Школьныя гады Корчака прайшлі ў рускай гімназіі ў Варшаве. Там панавала жорсткая дысцыпліна: паход у тэатр ці паездка дадому ў вакацыі былі магчымыя толькі з пісьмовага дазволу дырэкцыі. Выкладанне вялося на рускай мове. Ужо ў першым класе (дзецям 10-11 гадоў) выкладалася лаціна, у другім — французская і нямецкая мовы, у трэцім — грэцкая.

У 1889 годзе ў бацькі Генрыка выявіліся прыкметы душэўнай хваробы. Цяпер даводзілася час ад часу змяшчаць бацьку ў спецыяльныя клінікі. Яго ўтрыманне ў клініках каштавала дорага, і з часам сям'я апынулася ў цяжкім матэрыяльным становішчы. З пятага класа (15-16 гадоў) Генрык пачаў падзарабляць рэпетытарствам.

У 1898 годзе Корчак паступіў на медыцынскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, адначасова навучаючыся на падпольных вышэйшых курсах. Улетку 1899 году ён ездзіў у Швейцарыю, каб бліжэй пазнаёміцца ​​з вынікамі педагагічнай дзейнасці Песталоцы. У сваёй паездцы Корчак асабліва цікавіўся школамі і дзіцячымі бальніцамі.

У 1903—1911 працаваў у габрэйскай дзіцячай бальніцы імя Берсана і Баўман і выхавальнікам у летніх дзіцячых лагерах. Быў сябрам габрэйскага дабрачыннага Таварыства дапамогі сіротам.

23 сакавіка 1905 атрымаў дыплом доктара. У якасці ваеннага лекара браў удзел у Руска-японскай вайне.

У 1907 годзе Корчак на год едзе ў Берлін, дзе за свае грошы слухае лекцыі і праходзіць практыку ў дзіцячых клініках, знаёміцца ​​з рознымі выхаваўчымі ўстановамі. Ён таксама праходзіць стажыроўку ў Францыі, наведвае дзіцячы прытулак у Англіі.

Друкавацца Корчак пачаў у 18 гадоў, у 1898 годзе ўзяў псеўданім. Яго аповесці для дарослых і дзяцей “Дзеці вуліцы” (Dzieci ulicy, 1901), “Дзіця гасцёўні” (Dziecko salonu, 1904—1905), “Моські, Ёські і Срулі” (Mośki, Joski i Srule, 1910), “Кароль Мацюсь Першы” (Król Maciuś Pierwszy, 1923) і іншыя, навелы, гутаркі, артыкулы і дзённік 1942 году ўводзяць чытача ў складаны свет дзіцячай псіхалогіі, змяшчаюць назіранні за жыццём Польшчы 1900—1942 гадоў, адлюстроўваюць досвед педагога.

У 1911 годзе Корчак пакідае прафесію доктара і засноўвае Дом сірот для габрэйскіх дзяцей у доме №92 на вуліцы Крухмальнай, якім кіраваў (з перапынкам у 1914—1918 гадах) да канца жыцця. Ад філантропаў, што падтрымлівалі яго ўстанову, Корчак запатрабаваў поўнай незалежнасці ў адміністрацыйнай і выхаваўчай дзейнасці.

У 1914—1918 гадах Корчак знаходзіўся ў Кіеве, дзе працаваў як ваенны доктар і займаўся ўпарадкаваннем дзіцячага дому для польскіх дзяцей, а таксама напісаў кнігу “Як любіць дзіця” (Jak kochać dziecko).

Корчак вяртаецца ў Варшаву ў 1918 годзе, дзе кіруе дзіцячым прытулкам, выкладае, супрацоўнічае з часопісамі, выступае па радыё, чытае лекцыі ў Свабодным польскім універсітэце і на Вышэйшых габрэйскіх педагагічных курсах.

У 1919—1936 гадах ён бярэ ўдзел у працы інтэрната “Наш дом” (на Бялянах) — дзіцячага дому для польскіх дзяцей, — дзе таксама выкарыстоўваў наватарскія педагагічныя методыкі.

У 1926—1932 Корчак рэдагаваў штотыднёвік “Малы агляд” (Mały Przegląd), дадатак для дзяцей да газеты “Наш агляд” (Nasz Przegląd), у якім актыўна ўдзельнічалі яго выхаванцы.

З прыходам Гітлера да ўлады ў Германіі і ростам антысемітызму ў Польшчы ў Корчаку абудзілася габрэйскія самасвядомасць. Ён зрабіўся польскім прадстаўніком у Габрэйскім агенцтве. У 1934 і 1936 гадах ён наведаў Палестыну, дзе сустрэў многіх былых сваіх выхаванцаў.

У 1940 годзе разам з выхаванцамі Дому сірот Корчак быў перамешчаны ў Варшаўскае гета. Ён адхіліў усе прапановы негабрэяў — прыхільнікаў яго таленту вывесці яго з гета і схаваць на “арыйскім” баку. У гэты перыяд Корчак быў арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у турме. Вызвалены па хадайніцтве правакатара А. Ганцвайха, які такім чынам хацеў зарабіць аўтарытэт сярод габрэяў.

У гета Корчак аддаваў усе сілы клопату пра дзяцей, здабываючы для іх ежу і медыкаменты. Выхаванцы Корчака вывучалі іўрыт і асновы юдаізму. За некалькі тыдняў да Песаха ў 1942 годзе Корчак правёў таемную цырымонію на габрэйскіх могілках: трымаючы Пяцікніжжа ў руках, узяў з дзяцей клятву быць добрымі габрэямі і сумленнымі людзьмі.

Калі ў жніўні 1942 прыйшоў загад аб дэпартацыі Дому сірот, Корчак пайшоў разам са сваёй памочніцай і сябрам Стэфаніяй Вільчыньскай (1886—1942), іншымі выхавальнікамі і прыкладна 200 дзецьмі на станцыю, адкуль іх у таварных вагонах адправілі ў Трэблінку. Ён адмовіўся ад прапанаванай у апошнюю хвіліну свабоды і палічыў за лепшае застацца з дзецьмі, 6 жніўня прыняўшы з імі смерць у газавай камеры.

Кожны год 23 сакавіка ў Польшчы і Беларусі ў паветра запускаецца паветраны змей у памяць пра Януша Корчака і дзяцей, забітых у гета.

Чытайце таксама

Баляслаў Лесьмян

Баляслаў Лесьмян

Польскі культавы паэт, сябра Польскай акадэміі літаратуры

Тэадор Нарбут

Тэадор Нарбут

Гісторык, археолаг, інжынер, бібліяфіл, апантаны даследчык гісторыі роднага краю

Гедрэ Казлаўскайтэ

Гедрэ Казлаўскайтэ

Рэй Бэроа

Рэй Бэроа

Дамінікана-амерыканскі паэт і крытык, лаўрэат прэміі Парыжскай акадэміі мастацтваў і навук

1736