Роберт Энтан Ўілсан (Robert Anton Wilson)
1932 - 2007
Ўілсан найбольш вядомы трылогіяй “Ілюмінатус!” (The Illuminatus! Trilogy), напісанай сумесна з Робертам Шы. Гэта сатырычная постмадэрнісцкая прыгодніцкая гісторыя, “казка для параноікаў”, дзе пераплятаецца мноства філасофскіх тэмаў і матываў. Для працы над кнігай аўтары выкарыстоўвалі матэрыял з лістоў, дасланых чытачамі ў рэдакцыю “Плэйбоя”. Героі і ідэі гэтай трылогіі перайшлі ў наступныя кнігі Ўілсана.
Другое імя Ўілсана пры нараджэнні было не Энтан, а Эдвард, аднак, каб падпісваць свае творы, пісьменнік узяў замест імя дзядулі. Імя Эдвард ён спачатку “прыберагаў” для “вялікага амерыканскага рамана”, які думаў напісаць, але ў літаратуры сцвердзіўся менавіта як Роберт Энтан Ўілсан, хаця выкарыстоўваў і шэраг псеўданімаў (Мардэхай Малігнатус (Mordecai Malignatus), Мардэхай Нячысты (Mordecai the Foul) і інш.): у якасці іх выступалі імёны, што асацыяваліся з баварскімі ілюмінатамі, якіх Ўілсан “адрадзіў” у 1960-х гадах.
У 1958 годзе Уілсан ажаніўся з Арлен Райлі, амерыканскай пісьменніцай. У іх было чацвёра дзяцей. Разам з жонкай Ўілсан заснаваў у 1975 годзе Інстытут вывучэння будучыні чалавецтва (Institute for the Study of the Human Future).
У 1999 годзе пісьменнік быў ганаровым госцем на Кубку канабісу ў Амстэрдаме. Ўілсан даследаваў тэму наркотыкаў, эксперыментаваў з імі і выступаў за медыцынскае выкарыстанне марыхуаны.
Незадоўга да смерці Ўілсан напісаў у сваім блогу пасланне сябрам, дзе паведамляў, што, паводле меркавання дактароў, яму засталося жыць ад 2 дзён да 2 месяцаў. Праз 5 дзён пасля гэтага ён памёр.