Рускі празаік, драматург, паэт, крытык, публіцыст украінскага паходжання, прызнаны класікам рускай літаратуры. Нарадзіўся 20 сакавіка 1809 у сяле Вялікія Сарочынцы (цяпер Міргарадскі раён Палтаўскай вобласці, Украіна). Дзяцінства будучага пісьменніка праходзіла ў вёсцы Васільеўцы (цяпер Гогалева), у маёнтку бацькоў.
З 1818 па 1819 Гогаль вучыўся ў Палтаўскім павятовым вучылішчы. З 1821 па 1828 — у Нежынскай гімназіі вышэйшых навук, дзе ўпершыню выступіў на сцэне гімназічнага тэатра як актор і рэжысёр-пастаноўшчык спектакляў “Эдып у Афінах”, “Урок дочкам”, “Лукавін” і многіх іншых.
У 1828 годзе Гогаль пераехаў у Пецярбург. Тут у 1829 годзе ён публікуе свой першы твор — паэму “Ганц Кюхельгартэн”. Праз год у часопісе “Отечественные записки” з'яўляецца аповесць “Басаўрук, або Вечар перад Іванам Купалай”, першая з цыклу “Вечары на хутары ля Дзіканькі”. Рамантычная скіраванасць надавала творам Гогаля асаблівы каларыт.
З другой паловы 1830-х росквіт таленту Гогаля звязаны з яго драматургіяй. Этапнай у гісторыі тэатра стала яго сацыяльная камедыя “Рэвізор” (1836) Неўзабаве пасля прэм'еры п'есы Гогаль выязджае на даволі працяглы час за мяжу. Ён наведвае Германію, Швейцарыю, Францыю, Італію. У 1842 годзе з'яўляецца знакамітая паэма-раман “Мёртвыя душы”. У 1848 годзе пісьменнік вяртаецца на радзіму, узмоцнена працуе над другім томам “Мёртвых душ”, але незадоўга перад смерцю спальвае рукапіс.
Памёр 21 лютага 1852 году ў Маскве.