№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Георг Гайм (Georg Heym)

1887 - 1912

Георг Гайм
Нарадзіўся 30 кастрычніка 1887 году ў Хіршбергу (Ніжняя Сілезія, цяпер Яленя Гура (Jelenia Góra), Польшча) у сям’і юрыста Германа Гайма. Вывучаў права ў Вюрцбургу і Берлінскім універсітэце імя Гумбальта, але прафесію бацькі ненавідзеў, пра што сведчаць запісы ў ягоных дзённіках. Некаторы час хацеў стаць вайскоўцам і спрабаваў уступіць у Эльзаскі пехотны полк, але дазвол прыйшоў толькі пасля смерці паэта 16 студзеня 1912 году на рацэ Хафэль, дзе Гайм катаўся на каньках разам са сваім сябрам – паэтам Эрнстам Бальке (1887–1912), якому прысвяціў верш “Супакаенне” (Die Ruhigen); абодва патанулі.

Георг Гайм разам з Эрнстам Штадлерам і Георгам Траклем з’яўляецца ключавой постаццю ранняга экспрэсіянізму, які ў Германіі і Аўстрыі ўвогуле трываў нядоўга. Пісаць Гайм пачаў у 12 гадоў (навэлы, драмы). Пры жыцці паэта быў выдадзены толькі адзін яго паэтычны зборнік пад назваю “Вечны дзень” (Der ewige Tag, 1911), у які ўвайшлі вершы, створаныя пачынаючы з 1910 году; з вершаў, напісаных раней, паэт уключыў у зборнік толькі адзін. Два наступныя паэтычныя зборнікі – “Umbra Vitae” (падрыхтаваны Гаймам) і “Нябесная трагедыя” (Der Himmeltrauerspiel) – былі выдадзеныя пасмяротна, як і зборнік навэлаў “Злодзей” (Der Dieb). У 1933 годзе кнігі Гайма як прыналежныя да “дэгенератыўнага мастацтва” – экспрэсіянізму – гарэлі на вогнішчы разам з многімі іншымі. Поўны збор твораў Гайма быў выдадзены ў 1960-х гадах.

Для нямецкай паэзіі Георг Гайм быў адным з тых, хто стаў стваральнікам новай паэтычнай мовы, новых вобразаў. Навізна апошніх – не ў іх арыгінальнасці, амаль усе яны спрэс чужыя. Крыніцамі вобразаў Гайма рабіліся і вершы папярэднікаў – Гёльдэрліна, Гётэ, Рэмбо (мабыць, самы хрэстаматыйны прыклад – верш “Афелія”), Бадлера, Віёна, Кітса, Грабэ і многіх іншых, – і сучаснікаў – Р. М. Рыльке, С. Георге, Р. Дэмэля і іншых, – і карціны, да прыкладу, Брэйгеля, Ван Гога або Фердынанда Ходлера, і філасофскія працы Ніцшэ або Шапэнгаўэра, і графіка мастакоў эпохі fin de siècle (Генрых Клей, Альфрэд Кубін, Фелісьен Ропс і інш.), біблейская міфалогія, антычная Грэцыя або Старажытны Усход (які, дарэчы, цікавіў многіх экспрэсіяністаў, а Гайм нават запісаўся ў 1911 годзе на Усходні факультэт Берлінскага універсітэта, каб вывучаць японскую мову і ў будучыні перакладаць з яе), карыкатуры або газетныя паведамленні – што заўгодна. Навізна вобразаў – у іх пераламленні ў творчасці паэта. Прадметнасць, матэрыяльнасць вобразаў, статычнасць, сутыкненне канца з пачаткам, часу з вечнасцю, апакаліптычныя карціны свету, які знаходзіцца на мяжы пагібелі, адмаўленне ад наўпроставага лірычнага выказвання (Aussage; у вершах паэта амаль ніколі не гучыць паэтычнае “я”) у спалучэнні з традыцыйнай формаю – толькі нямногія рысы твораў Гайма, без якога нямецкамоўная паэзія ХХ стагоддзя напэўна была б зусім іншай.

Чытайце таксама

Міхаіл Валодзін

Міхаіл Валодзін

Артур Конан Дойл

Артур Конан Дойл

Шатландскі фізік і пісьменнік, аўтар дэтэктываў пра Шэрлака Холмса

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Аксана Данільчык

Аксана Данільчык

Паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца італьянскай літаратуры на беларускую мову

1921