№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Баляслаў Лесьмян (Bolesław Leśmian)

1877 - 1937

Баляслаў Лесьмян
Польскі паэт, сябра Польскай акадэміі літаратуры Баляслаў Лесьмян (сапраўднае прозвішча Лесман), стрыечны брат паэта Яна Бжэхвы і пляменнік паэта Антонія Ланге, нарадзіўся 22 студзеня 1877 году ў Варшаве ў інтэлігентнай габрэйскай сям’і. Бацька паэта вырас у асяродку гандляроў кнігамі, маці – у сям’і юрыста. Дзяцінства Лесьмяна прайшло на Украіне; у Кіеве будучы паэт скончыў Універсітэт святога Уладзіміра.

У 1901 годзе Лесьмян вярнуўся ў Варшаву. Крыху падарожнічаў – Германія, Францыя, – у Парыжы быў закаханы ў мастачку Сэліну Зундэрланд, пасля ажаніўся з іншай мастачкай – Зоф’яй Чыліньскай. У пазнейшыя гады сябраваў з Дорай Лебенталь, для якой напісаў цыкл “Malinowy chruśniak”. Быў знаёмы з колам мадэрністаў, пры спрыянні свайго сябра Зянона Пшэмыцкага пачаў супрацоўнічаць з часопісам “Хімера” (Chimera). Быў адным са стваральнікаў Мастацкага тэатру ў 1911 годзе; у 1912–1914 гадах зноў жыве ў Парыжы.

Друкавацца Лесьмян пачаў яшчэ ў 1895 годзе, калі ў часопісе “Вандроўнік” (Wędrowiec) выйшла падборка яго вершаў. Аднак доўгі час яго паэзія была малавядомай, нягледзячы на тое, што яе цанілі творцы-сучаснікі, напрыклад, Юльян Тувім. Дзеля таго каб яго яго прозьвішча гучала больш па-польску, паэт змяняе ў ім два гукі і з Лесмана ператвараецца ў Лесьмяна. У 1912 годзе выдае тоненькую кніжачку “Сад на раздарожжы” (Sad rozstajny), якая праходзіць незаўважнай.

З 1918 па 1934 гг. Лесьмян працуе натарыюсам у глухіх мястэчках – спачатку Грубешуве, пасля ў Замосці, але кар’ера яго складаецца вельмі няўдала: у 1929 годзе кампаньён паэта збягае, скраўшы 20 тысячаў злотых. Гэтую суму мусіў выплаціць Лесьмян, што надоўга загнала паэта ў пазыкі; сям’я жыла амаль у галечы.

Аднак у час бадзяння па польскай правінцыі Баляслаў Лесьмян выдаў адзін з самых знакамітых сваіх зборнікаў – кнігу “Луг” (Łąka). У 1935 годзе паэт вяртаецца ў Варшаву, у 1933-м робіцца сябрам Польскай акадэміі літаратуры, а ў 1936 годзе выдае другі свой значны зборнік – “Цяністы напой” (Napój cienisty).

Памёр Баляслаў Лесьмян 5 лістапада 1937 году. Аднойчы да яго дачкі зайшоў кавалер, сябра прафашысцкай моладзевай арганізацыі, і паэт пацікавіўся, якія намеры той мае. Юнак запытаў у адказ – хіба той не ведае, якія намеры можна мець да дачкі габрэя? На наступны дзень Лесьмяна не стала – сардэчны прыступ. Сціпла пахаванаму побач з сястрой, яму не выпала бачыць, як жонку з дачкой выпраўлялі ў Маўтхаўзэн. Зрэшты, і жонка, і абедзве дачкі Лесьмяна Другую сусветную вайну перажылі, а дочкі яшчэ і пакінулі пасля яе шмат матэрыялаў пра бацьку, хаця і досыць супярэчлівых.

Але перад вайной паспявае выйсці яшчэ адзін, пасмяротны, зборнік вершаў Лесьмяна – “Лясная дзея” (Dziejba leśna). Паэзія Лесьмяна – гэта своеасаблівы фантастычны свет са сваёй уласнай міфалогіяй і філасофіяй; яе крыніцамі былі і ўзгадкі паэта пра ўкраінскую прыроду, і польскі фальклор, і ўласнае бачанне рэчаіснасці. Адна з асаблівасцяў паэзіі Лесьмяна – яе насычанасць неалагізмамі, многія з якіх пасля ўвайшлі ў польскую мову. Яго часта называлі “паэтам мёртвых”: месца дзеяння многіх яго вершаў – тагасветныя прысады ці нябыт. Аднак смерць у яго міфалогіі набывае новае значэнне: нябыт, пустата амаль прысутнічаюць у штодзённым жыцці. Але і наадварот – былое жыццё застаецца з мёртвымі пасля смерці: часам цяжка правесці мяжу, дзе заканчваецца жыццё, а дзе пачынаецца смерць.

Сярод творчай спадчыны Лесьмяна – і зборнікі казак “Паданні Сезаму” (Klechdy sezamowe, 1913), “Прыгоды Сіндбада Марахода (Przygody Sindbada Żeglarza, 1913), “Польскія паданні” (Klechdy polskie, пасмяротнае выданне, 1956), і эсэ, і літаратурныя нарысы. Але перш за ўсё ён – паэт, магчыма, самы любімы і шанаваны палякамі паэт першай паловы ХХ ст., паэт, які ў эсэ “З развагаў пра паэзію” (Z rozmyślań o poezji) напісаў:

“...Што б ні сказалі пра паэзію – усё памылка. І мы ахвотна спавядаемся ў гэтай памылцы і прызнаем сваю няздольнасць разгадаць таямніцу глыбіняў, з якіх паўстае новы твор. Мы ведаем толькі тое, што цэлы шэраг маладых талентаў здабывае з навакольнага змроку святло, без якога жыццё робіцца невыносным цяжарам”.

Чытайце таксама

Іта Еліна

Іта Еліна

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

Арына Глінская

Арына Глінская

Беларуская паэтка, мастацтвазнаўца

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Аўтар адной кнігі — хто гэта? Былі выпадкі, калі пісьменнік напісаў адзін твор і замаўчаў

1897