№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джэймс Дуглас Морысан (James Douglas Morrison)

1943 - 1971

Джэймс Дуглас Морысан
Амерыканскі паэт, эсэіст, аўтар песняў, вакаліст гурта The Doors. Як музыкант вядомы пад імем Джым Морысан (Jim Morrison).

Нарадзіўся 8 снежня 1943 году ў Мельбурне (штат Флорыда), у сям'і афіцэра ВМФ ЗША Джорджа Стывена Морысана і Клары Кларк Морысан. Джэймс Дуглас быў першым дзіцем у сям’і (пазней у яго з’явіліся брат і сястра), у ім змяшалася ірландская, шатландская і ангельская кроў. Сям’я ваенных мусіла ўвесь час пераязджаць з месца на месца, падчас аднаго з такіх падарожжаў у штаце Нью-Мексіка адбылося здарэнне, якое, па словах самога паэта, вельмі істотна паўплывала на яго. Чатырохгадовым хлопчыкам ён пабачыў на дарозе збіты грузавік з індзейцамі, іхнія скрываўленыя целы былі раскіданыя па дарозе. Джым казаў, што менавіта тады ён упершыню адкрыў для сябе смерць, і што душы тых мёртвых індзейцаў кружлялі вакол, а адна ці дзве ўсяліліся ў ягоную душу. Пацверджаннем важнасці эпізода ў біяграфіі паэта служаць неаднаразовыя згадкі гэтай аварыі ў вершах, песнях, інтэрв'ю. Яшчэ ў школьным веку, гадоў у 15, Джым пачынае рабіць нататкі ў сшытках, вядзе дзённік, піша вершы. Пазней ён знішчыць усе свае падлеткавыя і юначыя запісы.

У 1963 годзе Джым заканчвае школу і паступае ў Флорыдскі універсітэт, у якім затрымліваецца толькі на семестр, пасля чаго падае афіцыйнае прашэнне аб пераводзе яго ў Каліфарнійскі універсітэт у Лос-Анджэлесе (UCLA).

У пачатку 1964 году Джым становіцца студэнтам кінааддзялення гэтай установы. Увесь гэты перыяд ён час ад часу падарожнічае аўтаспынам па Амерыцы, бывае ў Мексіцы. Раство таго ж году Джым праводзіць з роднымі, гэта быў апошні раз, калі ён бачыў сваіх бацькоў. У 1965-м, за некалькі тыдняў да канца навучальнага году, Морысан вырашае кінуць універсітэт, але праз колькі часу яго прызываюць у войска (не ўпершыню), таму ён вымушаны вярнуцца. У жніўні адбылася легендарная сустрэча на пляжы Джыма са старым знаёмым Рэем Манзарэкам. Джым паказаў Рэю некалькі сваіх тэкстаў, заспяваў адну з песняў, якія на той час ён пісаў, але выконваў без акампанементу. Рэй быў уражаны, і яны пастанавілі стварыць рок-гурт. Так праз нейкі час нарадзіўся гурт The Doors: Рэй Манзарэк (клавішныя), Джон Дэнсмар (ударныя), Робі Крыгер (гітара) і Джым Морысан (вакал).

1966 год быў складаным для маладых музыкаў, якія марылі прабіцца, але стаўся надзіва плённым у творчым плане. У рэпертуары гурта налічвалася каля 40 песняў, большасць тэкстаў да якіх напісаў Джым. Але ўлетку таго году музыкі падпісалі кантракт з гуказапісвальнай кампаніяй на выпуск альбома.

З гэтага часу пачынаецца шумнае, поўнае скандалаў публічнае жыццё спевака, харызматычнай асобы, сэкс-сімвала Амерыкі канца шасцідзесятых, п'яніцы, аматара травы і какаіна Джыма Морысана. Шматлікія фанаты часта і не здагадваліся, што іх кумір яшчэ і літаратар – Джэймс Дуглас Морысан. Дарэчы, сам ён строга размяжоўваў гэтыя два амплуа, таму паэтычныя зборнікі выдаваў выключна пад поўным іменем.

Цікава заўважыць, што нават у сваёй музычнай дзейнасці вялікую ролю Джым надаваў паэзіі, таму часта тэксты песняў The Doors істотна розніліся ад таго, пра што спявалі астатнія гурты ў тыя рок-н-рольныя часы. Джым, фронтмэн і ідэйны лідэр, імкнуўся здзяйсняць на сцэне “перфоманс”, у якім злучыліся б у адно паэзія, музыка і тэатр. Таму жывыя выступы The Doors апрача песняў уключалі дэкламацыі вершаў пад імправізаваны шумавы і музычны фон, індзейскія танцы, спантанныя гісторыі, якія Джым апавядаў са сцэны, увайшоўшы ў блізкі да трансу стан. Ці не найярчэйшым увасабленнем ідэі Джыма паяднаць віды мастацтва ў адно сталася ягоная паэма “Ушанаванне Яшчара” (Celebration of the Lizard), якая набыла выгляд 25-хвіліннага музычна-паэтычнага трэку і сцэнічнай п'есы для аднаго актора. Джым марыў, каб гэтая кампазіцыя ўвайшла ў студыйны альбом, але, на жаль, прадусары і мэнэджэры не маглі дазволіць, каб нешта такое выціснула з кружэлкі заведама хітовыя (часам папсаватыя) песні. Толькі адзін, “найбольш музычны”, урывак з паэмы (Not to Touch the Earth) трапіў у альбом. Але пазней паэма, запісаная на адным з канцэртаў, усё-ткі выйшла на дыску з жывымі выступамі гурта.

У сакавіку 1969 году адбыўся “славуты” канцэрт The Doors, пасля якога Морысан, які і без таго меў бунтарскі імідж, быў абвінавачаны ў непрыстойных паводзінах, усчаўся скандал, гурту забаранілі канцэртную дзейнасць. Самога Джыма абвінавацілі ў крымінальным злачынстве – непрыстойныя паводзіны на сцэне, і да таго ж: непрыстойнае распрананне, адкрытае блюзнерства і п'янства. Пачынаецца доўгі судовы працэс, Джыму пагражае 7 гадоў турмы. Гэтая цяжба вельмі негатыўна адбіваецца не толькі на самім абвінавачаным, але і на ўсім гурце, які перасталі пускаць у эфір 20 амерыканскіх радыёстанцыяў, канцэрты адмяняюцца. Джым спрабуе хавацца ад азвярэлай прэсы, ягоная каханка Памэла Курсан упрошвае яго кінуць кар'еру спевака і весці з ёй ціхае сямейнае жыццё, якое дазволіць яму займацца паэзіяй. Нягледзячы на ўсё гэта, у творчым плане гэты год для Морысана стаў вельмі плённым: выходзяць дзве кнігі вершаў – “Уладары” (The Lords) і “Новыя стварэнні” (The New Creatures), абедзве невялікімі накладамі. З часам узнаўляюцца канцэрты.

Па словах сяброў, Морысан заўжды насіў пры сабе нататнік і асадку, ён запісваў свае думкі, слоўныя эксперыменты, рабіў накіды вершаў і песняў. Джым захапляўся творчасцю Уільяма Блэйка, Шарля Бадлера, Арцюра Рэмбо, Уільяма Батлера Ейтса, Фрыдрыха Ніцшэ і паэтаў-бітнікаў (Гінзберга, Корса, Фэрлінгеці). Усе гэтыя аўтары моцна паўплывалі на ягоную ўласную паэзію, на якой апрача гэтага адбілася захапленне Морысана сусветнай міфалогіяй і культурай амерыканскіх індзейцаў.

1970 год – суд працягваецца, сам працэс пачынае абрастаць дадатковымі абвінавачаннямі. Джым, часта нападпітку, трапляе ва ўсялякія непрыемныя гісторыі, якія толькі ўскладняюць стан рэчаў. Асобнай кніжкай выходзіць паэма “Амерыканская малітва” (An American Prayer). Аднак большасць паэтычнай спадчыны пабачыць свет толькі пасмяротна, у канцы 80-х, а многае так і застанецца ненадрукаваным. У Джыма з'яўляецца яшчэ адна каханка – Патрыцыя Кенэлі, пазней яна паспее зацяжарыць ад яго і зрабіць аборт. Наогул стасункі Джыма з жанчынамі вельмі складаныя і заблытаныя: апрача Памэлы і Патрыцыі, з'яўляецца шведка Інгрыд. Але пры ўсім пры гэтым, відаць, менавіта Памэла Курсан была галоўнай жанчынай у ягоным жыцці.

Часткова праз суд, часткова праз жанчын, праз алкаголь і наркотыкі Джым у напаўпаранаідальным стане, у яго з'яўляюцца прыступы вусцішнага страху. Да таго ж, яго вельмі ўразіла вестка пра смерць ад перадазіроўкі гераіну спявачкі Джэніс Джоплін, за месяц да гэтага памёр Джымі Хендрыкс. Неяк Джым сказаў сябрам: “Вы п'яце з нумарам тры”.

Пад канец году Джым чарговы раз загаварыў пра сыход з гурта, яго вабіць кіно, тэатр, літаратура. Але яго ўсё-ткі ўгаворваюць зграць некалькі канцэртаў. 12 снежня 1970 адбыўся апошні канцэрт The Doors у поўным складзе.

Пачатак 1971 году – Морысан распачынае некалькі вялікіх праектаў: падрыхтоўка кіназдымак у Італіі, перамовы наконт запісу і выдання кружэлкі з вершамі, абмеркаванне спектаклю, у якім Джым мусіў граць адну з галоўных роляў. Але найбольш паспяховым усё-ткі аказаўся новы альбом The Doors. Пасля запісу Джым меркаваў паехаць у Парыж.

6 сакавіка Джым вылятае ў Парыж следам за Памэлай, якая жыве там ужо некалькі тыдняў. У траўні яны разам здзяйсняюць падарожжа на Корсіку. Вяртаюцца ў Парыж.

5 ліпеня прайшла пагалоска, што Джым памёр, але нямногія гэтаму паверылі, бо і раней бывала, што Джым распускаў чуткі пра ўласную смерць. 6 ліпеня ў Парыж прылятае мэнэджэр The Doors і сябар Джыма Біл Сіданс. На здымнай кватэры яго сустрэла Памэла, закрытая труна і пасведчанне аб смерці. Афіцыйная прычына смерці – сардэчны прыступ. Згодна з афіцыйнай версіяй, а 5-й гадзіне раніцы 3 ліпеня Памэла прачнулася, пабачыла, што Джыма няма побач. Яна знайшла яго ў ванне і, зразумеўшы, што яму сапраўды дрэнна і гэта не жарт, выклікала рэанімацыю. Але было позна.

7 ліпеня труна была апушчаная ў зямлю на могілках Пэр-Лашэз. На пахаванні апошняга выклятага паэта прысутнічала толькі 5 чалавек.

 

Чытайце таксама

Уладзімеж Вольскі

Уладзімеж Вольскі

Польскі паэт, празаік, перакладчык, аўтар лібрэта да операў Манюшкі

Густаў Майрынк

Густаў Майрынк

Аўстрыйскі празаік, драматург перакладчык, прадстаўнік “Пражскай школы”

Яўген Ліпковіч

Яўген Ліпковіч

Ар'ен Дэйнкер

Ар'ен Дэйнкер

Нідэрландскі паэт і празаік, аўтар раману "Багна" і трынаццаці кніг паэзіі

1521