№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эдыт Сёдэргран (Edith Södergran)

1892 - 1923

Эдыт Сёдэргран
Фінска-шведская паэтка Эдыт Ірэнэ Сёдэргран нарадзілася 4 красавіка 1892 году. Адна з першых пісьменнікаў мадэрнізму ў фінска-шведскай літаратуры. У 24 гады дэбютавала са зборнікам “Вершы”. Памерла рана і не паспела перажыць поспех, які атрымала яе паэзія ў сусветным маштабе. Яна зрабіла вялікі ўплыў на паэзію, сёння лічыцца адной з галоўных асоб шведскага паэтычнага мадэрнізму.

Сям’я

Нарадзілася Сёдэргран ў мелкабуржуазнай сям’і ў Санкт-Пецярбургу. Бацькі, Матс і Гелена, родам былі з Фінляндыі. Эдыт расла адзіным дзіцем у сям’і; сын, што нарадзіўся за некалькі гадоў да яе, памёр немаўлём. Маці Эдыт была з заможнай сям’і.

У раннім узросце сям’я пераязджае ў Райволу (Карэльскі мыс), дзе дзядуля пісьменніцы набыў для іх маёнтак. У хуткім часе Матс атрымаў працу загадчыка на лесапільні. Праз тры гады прадпрыемства стала банкрутам, і сям’і не было чым вяртаць пазыкі. Праз некалькі месяцаў памёр бацька Гелены і пакінуў жонцы і дачцэ спадчыну.

У Эдыт амаль не было сяброў у дзяцінстве, што хвалявала маці. Таму яна ўдачарыла дзяўчынку-аднагодку з Райволы, якая павінна была стаць сястрой Эдыт. Сінга жыла з Эдыт і Геленай падчас навучання, а на вакацыі вярталася ў родную сям’ю. Гісторыя Сінгі скончылася вельмі трагічна. Калі тая пераходзіла праз чыгунку, яе пераехаў цягнік. Гелена знайшла яе потым на станцыі мёртвай і знявечанай. Як Эдыт прыняла гібель “сястры” – невядома, але адзін з вершаў Эдыт быў прысвечаны Сігне.

У 1904 годзе бацька Эдыт захварэў на сухоты, а ў траўні 1906 лёг у Нумельскі санаторый. Дадому яго адправілі ўжо невылечна хворым. У кастрычніку 1907 году Матс Сёдэргран памёр.

Школа

З 1902 году Эдыт пачала хадзіць у школу. Школьныя гады былі поўныя трывогі і сацыяльнага напружання, што вельмі моцна паўплывала на светаўспрыманне Эдыт. Паміж вершаў з “Цыратовага сшытку” (выдадзены ў Фінляндыі ў 1961 годзе Улафам Энкелем пад назвай “Раннія вершы 1907–1909”), перавыдадзеным у 1997 годзе, дзе апісваюцца школьныя яе гады, ёсць вершы з палітычнымі матывамі.

У школе навучаліся дзеці розных нацыянальнасцяў, у тым ліку немцы, расійцы, фіны, скандынавы. Галоўным кірункам навучання была родная мова. Эдыт авалодала нямецкай, французскай, ангельскай і рускай мовамі, але яе роднай шведскай у школе не вучылі.

У 1908 годзе Эдыт вырашыла зрабіць галоўнай мовай у сваіх творах шведскую. Праз колькі гадоў яна пачынае кантактаваць з фінска-шведскімі аўтарамі.

Хвароба

Аднойчы ў лістападзе 1908 году Эдыт вярнулася са школы самотная і трывожная і сказала, што пачуваецца блага. Гелена пазваніла доктару, які канстатаваў запаленне лёгкіх, але аказалася, што гэта былі сухоты, як і падазравала сама Эдыт. Яе кладуць у той жа Нумельскі санаторый.

Праз год ёй пагоршала, і сям’я стала шукаць дапамогі за мяжой. Выбралі Швейцарыю, куды Эдыт разам з маці пераязджае ў кастрычніку 1911 году. Але і там яна адчувае сябе не надта добра. Яе глядзяць тры дактары, якія прапануюць розныя здагадкі пра яе хваробу.

Нарэшце Эдыт пачулася лепей. Вясной 1914 году яна вяртаецца дамоў, але хутка хвароба нагадвае пра сябе, і яе паэзія прымае форму барацьбы з хваробай, а пазней і з нястачай.

Літаратурны бунт

На выхад першай кніжкі Эдыт “Вершы” амаль не звярнулі ўвагі, хоць крытыкі былі крыху збянтэжаныя: ужо тут Сёдэргран выкарыстоўвала вольны асацыятыўны верш.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі Эдыт і Гелена раптам страцілі грашовыя сродкі, бо яны захоўваліся ў расійскіх каштоўных паперах. У той жа час у Карэліі ад вясны 1918 году ўсталявалася ваенная зона. Многія са школьных сяброў Эдыт з’ехалі з гораду. Паэтка чытала Ніцшэ і ў ім знаходзіла мужнасць супрацьстаяць часам агіднай і прыніжальнай штодзённасці.

Яе новы паэтычны кірунак у кніжцы “Вераснёвая ліра” не стрэў асаблівага паразумення з боку грамадскасці і крытыкі, так што яна сама ўзяла слова ў сваім знакамітым лісце-тлумачэнні ў Helsingforstidningen Dagens Press ад 1918 году, чым справакавала першыя дэбаты пра незразумелую мадэрнісцкую паэзію на шведскай мове. Дэбаты ў выпадку Сёдэргран былі проста грубыя – ніхто з удзельнікаў не меў ніякага ўяўлення пра акалічнасці, у якіх нарадзіліся гэтыя вершы: голад, сухоты, пагроза выгнання або смерці, калі Райволу зоймуць чырвонаармейцы.

Ад лета 1920 да позняга лета 1922 Сёдэргран кідае паэзію; увосень і ўзімку яна піша апошнія свае вершы. Яна пакінула гэты свет у сваім доме ў Райволе 24 чэрвеня 1923 году. Ад 1940 году гэтая тэрыторыя належыць Расіі. Магілу Эдыт цяпер не знайсці, але ў 1960 годзе ў Райволе ёй усталявалі помнік. У хуткім часе пасля вайны Райволу перайменавалі ў Рошчына (Рощино). Ад дому Эдыт застаўся толькі падмурак.

Чытайце таксама

Сюзана Кларк

Сюзана Кларк

Ангельская пісьменніца, лаўрэатка прэмій за раманы

Руноскэ Акутагава

Руноскэ Акутагава

Японскі паэт, празаік, эсэіст эпохі Тайсё, класік новай японскай літаратуры

Інгеборг Бахман

Інгеборг Бахман

Аўстрыйская пісьменніца, паэт, лаўрэатка мноства прэмій

Валер Гапееў

Валер Гапееў

Беларускі пісьменнік, журналіст.

1243