№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Канстанцінас Кавафіс (Κωνσταντίνος Καβάφης)

1863 - 1933

Канстанцінас Кавафіс
Паэт Канстанцінас Кавафіс нарадзіўся 29 красавіка 1863 году ў Александрыі (Егіпет) у грэцкай сям’і, што пераехала з Канстанцінопаля; бацька паэта быў паспяховым гандляром, пэўны час жыў у Англіі і нават меў ангельскае грамадзянства. У 1870 годзе бацька памёр, і Кавафісы пераехалі ў Ліверпуль, аднак заставаліся там нядоўга — у 1876 годзе пачаліся фінансавыя праблемы, і ў 1877-м яны вярнуліся ў Александрыю. Аднак і там сям’я надоўга не затрымалася — неспакойная абстаноўка вымусіла ў 1882 годзе зноў пераехаць, гэтым разам у Канстанцінопаль. Акурат у гэты час пачынаецца англа-егіпецкая вайна: мясцовыя жыхары змагаліся супраць каланізатараў — ангельцаў і французаў. Ангельцы бамбардавалі Александрыю, і дом Кавафісаў у Рамлі быў зруйнаваны.

У 1885 годзе Кавафіс вярнуўся ў Александрыю, дзе і жыў да канца свайго жыцця. Першапачаткова ён працаваў журналістам, пасля — чыноўнікам у брытанскім міністэрстве (а Егіпет заставаўся пад пратэктаратам Вялікабрытаніі да 1926 году). З 1891 па 1904 гг. выдаваў свае вершы ў выглядзе лістовак — але толькі для сяброў. У 1903 годзе грэцкі пісьменнік Ксенопулас надрукаваў у афінскім часопісе артыкул, які называўся “Паэт”. Дзякуючы гэтаму пра Кавафіса даведаліся ў Грэцыі, але вялікай папулярнасці яго паэзія не набыла, бо значна адрознівалася ад усяго, што пісалі на той час грэцкія паэты. У 1904 і 1910 гадах выдаў дзве тоненькія кніжачкі “Вершаў”, але знакамітым пры жыцці ён так і не зрабіўся. Адзіным сведчаннем пэўнага прызнання яго як паэта сталася ўручэнне яму ў 1926 годзе ордэна Фенікса і прызначэнне ў 1930 годзе ў міжнародны камітэт, які займаўся ўсталяваннем помніка Руперту Бруку на востраве Скірас. Толькі пасля перамогі Грэцыі ў грэцка-турэцкай вайне 1919 — 1922 гг. з’явілася новае пакаленне маладых паэтаў, якіх натхняла творчасць Кавафіса. Пасля смерці паэт быў прызнаны найвялікшым творцам, што пісаў на навагрэцкай мове.

Памёр Кавафіс у дзень свайго сямідзесяцігоддзя, 29 красавіка 1933 году, ад раку глоткі. А ў 1935 годзе выйшла першая паўнавартасная кніга яго вершаў, якая так і называлася — “Вершы” (Ποιήματα)

Аднымі з першых, хто зразумеў і ацаніў паэзію Кавафіса, былі ангельцы, знаёмыя з яго творчасцю дзякуючы перакладам, надрукаваным Э. М. Форстэрам — дарэчы, яны былі прыватна знаёмыя, — у часопісе “Атэнэўм” (1919), а пасля Т. С. Эліятам у часопісе “Крайтэрыён”. Творы Кавафіса паўплывалі на Ў. Х. Одэна, Л. Сэрнуду, Ч. Мілаша, І. Бродскага і інш., пра яго зняты біяграфічны фільм Я. Смарагдзіса (1996).

У паэтычны канон Кавафіса ўваходзяць 154 вершы — але апроч іх засталося нямала твораў няскончаных і ўрыўкаў. Сам паэт дзяліў свае творы на тры тыпы: 1. Вершы гістарычныя, натхнёныя эпохай элінізму і пераважна звязаныя з Александрыяй, насычаныя грэцкай міфалогіяй. 2. Лірычныя і эмацыйныя, пачуццёвыя вершы, натхнёныя ўспамінамі. 3. Філасофскія вершы. Самы знакаміты верш Кавафіса — “У чаканні варвараў” (1904), дзе лірычны герой-візантыец расказвае, як празмерны страх да нябачных ворагаў дапамагае гэтым ворагам зваяваць супраціўнікаў. Праз шмат гадоў паўднёваафрыканскі ангельскамоўны пісьменнік Дж. М. Кутзэе, лаўрэат Нобелеўскай і Букераўскіх прэміяў, напіша аднайменны раман, фактычна своеасаблівае развіццё тэмы Кавафіса. Яшчэ адзін знакаміты твор грэцкага паэта — “Ітака” (1911) — апавядае пра вяртанне Адысея дадому.

Чытайце таксама

Кусуяма Масао

Кусуяма Масао

Японскі тэатральны крытык, рэдактар, дзіцячы пісьменнік

Алег Коцараў

Алег Коцараў

Украінскі паэт, празаік, журналіст

Ігар Паглазаў

Ігар Паглазаў

Беларускі паэт. Пайшоў з жыцця ў 13 гадоў

Ар'ен Дэйнкер

Ар'ен Дэйнкер

Нідэрландскі паэт і празаік, аўтар раману "Багна" і трынаццаці кніг паэзіі

1510