№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ян Лехань (Jan Lechoń)

1899 - 1956

Ян Лехань
Сапраўднае імя польскага паэта, літаратурнага і тэатральнага крытыка Яна Леханя – Лешак Сэрафіновіч (Leszek Serafinowicz); нарадзіўся ён 13 сакавіка 1899 году ў Варшаве; продкі Леханя былі туркамі, што хрысціліся і з часам апалячыліся. У 1907 годзе пачаў навучанне ў школе, і ўжо ў 1911 годзе атрымаў пэўную вядомасць як школьны паэт. У 1913 годзе выдаў дэбютны зборнік вершаў “На залатым полі” (Na złotym polu), у наступным годзе выйшаў другі зборнік – “Па розных сцежках” (Po różnych ścieżkach), прысвечаны Леапольду Стафу. У 1916–1920 гадах навучаўся на філасофскім факультэце Варшаўскага універсітэта, але так яго і не скончыў.

Ян Лехань быў адным з заснавальнікаў літаратурнай групы “Скамандр” (гэтую назву прыдумаў Лехань – у гонар ракі Скамандр, што цякла каля Троі), куды ўваходзілі таксама Юльян Тувім, Антоній Сланімскі, Яраслаў Івашкевіч; менавіта Лехань казаў уступнае слова на першым публічным выступе групы 6 снежня 1919 году.

Вядомасць Яну Леханю прынёс зборнік вершаў “Пурпуровая паэма” (Karmazynowy poemat, 1920). Аднак хутка пасля гэтага праз рознага кшталту праблемы, у тым ліку праблемы ў прыватным жыцці, паэт робіць у 1921 годзе спробу самагубства, пасля чаго пэўны час лечыцца ў псіхіятрычным шпіталі.

У 1926–1929 гадах Лехань выдае сатырычны часопіс “Варшаўскі цырульнік” (Cyrulik Warszawski; у назве адчуваецца захапленне “Севільскім цырульнікам”). У 1925 годзе атрымлівае прэмію Польскай асацыяцыі кнігавыдаўцоў за зборнік вершаў “Срэбнае і чорнае” (Srebrne i czarne, 1924), а ў 1935 годзе – прэмію Польскай акадэміі літаратуры.

З 1930 па 1939 гады працуе культурным аташэ ў польскай амбасадзе ў Парыжы. Пасля капітуляцыі Францыі пераязджае ў Бразілію, пазней – у Нью-Ёрк, дзе робіцца сувыдаўцом многіх польскіх газетаў і часопісаў, а ў 1942 годзе – адным з заснавальнікаў Польскага інстытуту навукі і мастацтва ў Амерыцы. З 1924 па 1942 год Лехань нічога не пісаў, прыгнечаны ці даведзены да дэпрэсіі сваёй славай, якая ўвесь час шырылася. Але ў 1942 годзе ён выдае зборнік “Лютня пасля Бэкварка” (Lutnia po Bekwarku), а ў 1943 – “Арыя з курантамі” (Aria z kurantem). Адзін з апошніх вершаў Леханя – знакамітая “Іліяда”.

У 1956 годзе, 8 чэрвеня, Лехань здзяйсняе самагубства, скочыўшы з 12-га паверху гатэля “Гудзон”. Сярод прычынаў гэтага самазабойства адны называюць узмацненне камуністычнага рэжыму ў Польшчы, іншыя – дэпрэсію з прычыны нападкаў палякаў на паэта праз яго сэксуальную арыентацыю. Прах паэта ў 1991 годзе быў перавезены з Нью-Ёрка ў Варшаву і пахаваны на Лясных могілках у Лясках, у сямейным склепе побач з бацькамі.

Чытайце таксама

Лідзія Вадкерці-Гаварнікава

Лідзія Вадкерці-Гаварнікава

Славацкая паэтка і перакладчыца, аўтарка васьмі паэтычных зборнікаў

Тамаш Зан

Тамаш Зан

Польскі паэт-рамантык беларускага паходжання, філамат, сябра Адама Міцкевіча

Антоніё Табукі

Антоніё Табукі

Аўтар раманаў, апавяданняў, нарысаў, тэатральных сцэнараў, куратар італьянскага выдання твораў Фэрнанду Пэсоа.

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

1242