№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джэймс Джойс (James Joyce)

1882 - 1941

Джэймс Джойс
Джэймс Джойс (поўнае імя Джэймс Аўгустын Алаізіюс Джойс; па-ірландску – Séamas Seoige) – ірландскі паэт і празаік-мадэрніст. Нарадзіўся 2 лютага 1882 году ў Ратгары, паўднёвым раёне Дубліну, у сям’і Джона Станісласа і Мэры Джэйн (дзявочае прозвішча Мюрэй) Джойсаў, быў самым старэйшым сярод дзесяці выжылых дзяцей (двое памерлі ад тыфу). Бацька пісьменніка вельмі няўдала вёў сваё справы і таму быў вымушаны часта змяняць працу: пабываў ён і вінакурам, і нават падатковым інспектарам. Сям’я часта пераязджала. Сам паэт атрымаў добрую адукацыю, але нястача і неўладкаванасць яго юначых гадоў пасля досыць поўна выявілася ў яго творчасці.

У дзяцінстве на будучага пісьменніка напаў сабака, а таму ён да самае смерці баяўся гэтых жывёлаў. Апроч гэтага ён баяўся навальніцаў, якія яго рэлігійная цётка тлумачыла яму як знак Божага гневу.

Ва ўзросце шасці гадоў Джойс паступіў у езуіцкі каледж Клонгаўз Вуд у Клэйне, пасля, у 1893 годзе, – у дублінскі каледж Бэльвэдэр, які скончыў у 1897 годзе. Праз год паступіў у Дублінскі універсітэт (так званы Універсітэцкі каледж), дзе вывучаў сучасныя еўрапейскія мовы, у асноўным ангельскую, французскую і італьянскую, і скончыў яго ў 1902 годзе.

У 1900 годзе ў дублінскай газеце “Двухтыднёвы агляд” выйшла першая публікацыя Джойса – эсэ “Новая драма Ібсэна” (Ibsen's New Drama), пасля чаго атрымаў ліст падзякі ад нарвежскага драматурга. Тады ж будучы пісьменнік пачаў пісаць вершы. З 1916 году выдаваўся ў літаратурным часопісе “Літл Рэвю”.

Ва ўзросце 22 гадоў Джойс з’ехаў у Парыж, дзе праз фінансавыя праблемы пісьменніку даводзілася часта змяняць прафесіі: працаваць настаўнікам, журналістам і г.д. Праз год ён атрымаў тэлеграму, што маці цяжка хворая, і вярнуўся ў Ірландыю. Пасля смерці маці ў 1904 годзе пісьменнік зноў пакінуў радзіму, гэтым разам – з пакаёўкай Норай Барнакл, з якой праз 27 гадоў ажаніўся.

Перад пачаткам Першай сусветнай вайны Джойс разам з Норай пераехаў у Цюрых, дзе пісьменнік пачаў працаваць над раманам “Партрэт мастака ў юнацтве” (A Portrait Of The Artist As A Young Man, 1916), а пасля над першымі часткамі “Уліса” (Ulysses, 1922). Вандруючы па Еўропе, Джойс пісаў таксама вершы, некаторыя былі пазней надрукаваныя ў анталогіях імажызму. Працаваў Джойс і над “Улісам”, які, дарэчы, упершыню пабачыў свет не на радзіме пісьменніка, а ў Францыі (калі на кантыненце кніга выйшла ў 1922 годзе, то ірландцы змаглі яе прачытаць толькі ў 1933-м). Раман “Уліс” – найбольш знакаміты твор Джойса, дзе на 600 старонках апавядаецца пра адзін дзень (16 чэрвеня 1904 году) з жыцця дублінскага габрэя Леапольда Блума. Нягледзячы на тое, што раман быў створаны за мяжой, аўтар сцвярджаў, што па ім можна было б узнавіць Дублін, калі б той быў разбураны. Дзень 16 чэрвеня адзначаецца аматарамі творчасці ірландскага пісьменніка ва ўсім свеце як Блумсдэй (Bloomsday).

У Парыжы Джойс пачаў працу над яшчэ адным масштабным творам – раманам “Хаўтуры па Фінегану” (Finnegans Wake), выдадзеным у 1939 годзе. Гэты эксперыментальны раман быў не вельмі добра прыняты чытачамі і дагэтуль застаецца кнігай хутчэй для навукоўцаў, чым для простых аматараў літаратуры, у адрозненне ад зборніка навэлаў “Дублінцы” (Dubliners, 1914), які лічыцца сёння ўзорнай кнігай гэтага жанру.

Пасля паразы Францыі і акупацыі яе нямецкімі войскамі ў пачатку Другой сусветнай вайны Джойс вяртаецца ў Цюрых. Стан яго здароўя на гэты час быў кепскі (пісьменнік пакутаваў на глаўкому) і працягваў пагаршацца. 13 студзеня 1941 году Джойс памёр.

На сённяшні дзень Джойс лічыцца адным з самых чытаных ангельскамоўных аўтараў у свеце.

Чытайце таксама

Ізі Харык

Ізі Харык

Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт

Анатоль Франс

Анатоль Франс

Анатоль Франс (сапраўднае імя Франсуа-Анатоль Тыбо) – французскі пісьменнік і літаратурны крытык

Гіём Апалінэр

Гіём Апалінэр

Французскі паэт, празаік, крытык, наватар пачынальнік сюррэалізму

Тадэвуш Ружэвіч

Тадэвуш Ружэвіч

Польскі паэт, празаік, драматург і перакладчык.

1628