№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вірджынія Вулф (Virginia Woolf)

1882 - 1941

Вірджынія Вулф
Ангельская пісьменніца-раманістка і эсэістка, адна з самых яркіх фігураў ангельскага мадэрнізму дваццатага стагоддзя, Эдэлайн Вірджынія Вулф (у дзявоцтве Стывен) нарадзілася ў 1882 годзе ў Лондане. Яе маці, знаная прыгажуня свайго часу Джулія Прынсэп Стывен (у дзявоцтве Джэксан, па першым мужу Дакворт), была натуршчыцай у мастакоў-прэрафаэлітаў. Яе бацька Лэслі Стывен быў вядомым пісьменнікам і літаратурным крытыкам, быў добра знаёмы з Генры Джэймсам, Алфрэдам Тэнісанам, Мэцью Арналдам, Джордж Эліят. Абодва яе бацькі аўдавелі і мелі дзяцей ад папярэдняга шлюбу.

Раннюю адукацыю Вірджынія атрымала дома ад бацькі. Яе падлеткавыя гады былі азмрочаныя шэрагам эмацыйных узрушэнняў. Самая вялікая яе дзіцячая траўма – смерць маці ў час, калі будучай пісьменніцы было 13 гадоў. Пэўны час ролю гаспадыні дому выконвала старэйшая сястра Стэла, але хутка памерла і яна, і домам была вымушаная заняцца Ванэса, якая, у адрозненне ад Стэлы, была здольная даваць адпор бацьку, што з часам рабіўся сапраўдным дэспатам. Вялікім узрушэннем для Вірджыніі стала і абвяшчэнне пра шлюб Ванэсы з Клайвам Бэлам – сёстры былі вельмі блізкія і пакляліся адна адной ніколі не выходзіць замуж. Але ў 1909 годзе сама Вірджынія таксама прыняла прапанову – ад Літана Стрэчы, што адкрыта гаварыў пра сваю нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю; шлюб так і не адбыўся. Прыкладна ў гэты час Вірджынія пачынае друкаваць у часопісах свае крытычныя артыкулы.

Тады ж вакол Вірджыніі і Літана Стрэчы пачынае збірацца так званая суполка “Блумсбэры”, сябрамі якой былі Рупэрт Брук, Кліў Бэл, Дункан Грант і іншыя. У 1912 годзе Вірджынія выйшла замуж за пісьменніка і журналіста Леанарда Вулфа; у 1917 годзе яны заснавалі выдавецтва “Хогарт Прэс”, дзе былі надрукаваныя ўсе творы пісьменніцы. Праз пэўны час выдавецтва цалкам магло пракарміць сям’ю, Вірджынія сама набірала і рэдагавала тэксты, а муж шмат дапамагаў ёй і падтрымліваў жонку, ствараючы ідэальныя ўмовы для працы іх абодвух. Тым не менш, у Вірджыніі часта былі нервовыя зрывы, галаўныя болі, яе неаднаразова наведвалі бачанні – і яна не раз спрабавала скончыць жыццё самагубствам. Гэта не перашкаджае пісьменніцы шмат працаваць, пісаць дзённік (які выйшаў пасля смерці Вірджыніі ў 4-х тамах) і лісты (5 тамоў) сябрам, сястры, мужу і Віце Саквіл-Вэст, з якой пісьменніца пазнаёмілася ў 1922 годзе. Спачатку Віта не спадабалася Вірджыніі, але пасля яны сталі блізкімі сябрамі; гэтыя ўзаемаадносіны леглі ў аснову раману “Арланда”.

У пачатку Другой сусветнай вайны ў Вірджыніі ўзмацніліся нервовыя прыпадкі і галаўныя болі: пісьменніца хвалявалася за мужа-габрэя. Падчас бамбавання Лондану дом Вулфаў быў разбураны. Пісьменніца, не жадаючы больш мучыць мужа сваімі пакутамі, вырашыла скончыць жыццё самагубствам і, пакінуўшы Леанарду і сястры лісты, 28 сакавіка 1941 году ўтапілася ў рацэ Оўз нападалёк ад іх дому ў Сасэксе, набіўшы кішэні паліто камянямі. Цела знайшлі дзеці праз два тыдні пасля трагедыі. Леанард Вулф пахаваў цела Вірджыніі пад дрэвам у іх садзе ў Сасэксе.

Найбольш значнымі творамі Вірджыніі Вулф лічацца раманы “Місіс Дэлаўэй” (Mrs. Dalloway, 1925), “На маяк” (To the Lighthouse, 1927), “Арланда. Біяграфія” (Orlando: A Biography, 1928) і апавяданне-эсэ “Свой пакой” (A Room of One's Own, 1929). Яе творы лічацца класічнымі прыкладамі “плыні свядомасці”. Вірджыніі Вулф прысвечаны раман Майкла Канінгема “Гадзіны” (The Hours); па рамане ў 2002 годзе зняты аднайменны фільм. Яшчэ адзін фільм, звязаны з творчасцю Вулф, быў зняты Эрнэстам Лемэнам у 1966 годзе; ён мае назву “Хто баіцца Вірджыніі Вулф?” (Who's Afraid of Virginia Woolf?) і з’яўляецца кінаадаптацыяй аднайменнай п’есы Эдварда Олбі.

Чытайце таксама

Лена Элтанг

Лена Элтанг

Нарадзілася ў Ленінградзе, скончыла факультэт журналістыкі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта

Рышард Капусціньскі

Рышард Капусціньскі

Польскі рэпарцёр, журналіст, празаік, паэт, фатограф, “імператар рэпартажу”

Войцех Кучак

Войцех Кучак

Польскі празаік, паэт, сцэнарыст, кінакрытык, спелеолаг

Станіслаў Бараньчак

Станіслаў Бараньчак

Польскі паэт, літаратуразнаўца, крытык, эсэіст, перакладчык, актыўны дзеяч Салідарнасці

2480