№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Багдан-Ігар Антоныч (Богдан-Ігор Антонич)

1909 - 1937

Багдан-Ігар Антоныч
Украінскі паэт, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца, “закаханы ў жыццё паганец”. Праз афіцыйную забарону шырокую вядомасць яго творы атрымалі толькі ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Але пры гэтым Антоныч зрабіў моцны ўплыў на сучасную ўкраінскую паэзію.

Нарадзіўся Багдан-Ігар Антоныч 5 верасня ў сяле Новіца Гарліцкага павету на Лэмкаўшчыне (цяпер Польшча) у сям’і святара Васіля. Перад нараджэннем адзінага сына сям’я змяніла прозвішча Кіт на Антоныч. Пачатковую адукацыю Ігар атрымаў дома, па наглядам прыватнай настаўніцы. Яшчэ дзіцем ён пачаў пісаць вершы. Працягваў пісаць і ў сярэдняй школе, але паколькі навучанне ў школе вялося па-польску і ў асноўным польскім было яго атачэнне, то і юнацкія яго творы былі напісаныя на польскай мове.

На працягу 1920–1928 гадоў навучаўся ў каралеўскай гімназіі гуманітарнага тыпу імені Каралевы Сафіі ў Сянку, дзе прачытаў у польскім перакладзе ўсіх нобелеўскіх лаўрэатаў.

У 1928 годзе Антоныч паступае ў Львоўскі універсітэт імя Яна Казіміра, дзе вывучае польскую філалогію на філасофскім факультэце. Гэты этап яго жыцця мае вельмі важнае значэнне для росквіту яго творчай дзейнасці. Хаця універсітэт і быў польскім, вялікую колькасць яго студэнтаў складалі прадстаўнікі ўкраінскай інтэлігенцыі. Менавіта яны і заахвочвалі маладога паэта пісаць па-ўкраінску і дапамагалі вывучыць украінскую літаратурную мову. Першыя свае ўкраінскія вершы Антоныч напісаў у коле львоўскага студэнцтва.

У Львове паэт пачаў актыўна ўлівацца ў грамадска-палітычнае жыццё сталіцы Заходняй Украіны, стаў сябрам гуртка студэнтаў-украіністаў пры Навуковай секцыі Таварыства прыхільнікаў асветы, пачаў заўзята вывучаць нюансы ўкраінскай мовы, цікавячыся не толькі слоўнікамі і падручнікамі, але і творамі паэтаў Савецкай Украіны.

Першы свой верш Антоныч надрукаваў у 1931 годзе ў часопісе “Вогні”. Пасля гэтага яго творы з’яўляліся ў шматлікіх перыядычных выданнях. У тым жа 1931 годзе выходзіць першы зборнік паэта “Прывітанне жыцця” (“Привітання життя”), які і прыцягнуў увагу львоўскай літаратурнай грамадскасці да Антоныча. У гэтай кнізе малады паэт “прайшоў” праз усе літаратурныя спакусы – ад неакласікі да футурызму, – каб знайсці свой голас.

Адначасова паэт працаваў над кнігай рэлігійнай паэзіі “Вялікая гармонія” (“Велика гармонія”). Паводле меркавання літаратуразнаўцы Дзмітра Паўлычкі, паказальна, што гэтую кнігу ён так і не надрукаваў, бо яна – “рудымент класічнага выхавання маладой душы ў класічным святарскім асяродку – магла, здаецца, выклікаць у бурна ўзрастаючым таленце пачуццё сораму за грэх фанатычнага і яшчэ па-дзіцячаму дагматычнага свайго “ўчорашняга натхнення”.

У гэты ж час, нягледзячы на актыўную паэтычную дзейнасць, а таксама цяжкі працэс засваення літаратурнай мовы, паэт усё ж знаходзіць час на працу і ў іншых жанрах літаратуры і публіцыстыкі. Ён выступаў з дакладамі пра ўкраінскую і замежную літаратуру, займаўся перакладамі, пісаў рэцэнзіі на старонках прэсы пад псеўданімам Заіл, спрачаўся пра палітычныя і грамадскія справы, друкаваў сатырычныя фельетоны і пародыі, у часопісе “Дажбог” вёў літаратурную хроніку.

Заканчэнне універсітэта ў Антоныча супала з выхадам яго другога зборніка паэзіі “Тры пярсцёнкі” (“Три перстені”). Гэтая кніга вывела Антоныча ў першыя шэрагі заходнеўкраінскіх пісьменнікаў. У ёй былі ўжо ўсе мастацкія рысы, філасофскія разгалінаванні, бліскучыя моўныя знаходкі яго паэзіі. Некаторыя крытыкі лічылі “Тры пярсцёнкі” найлепшым зборнікам паэзіі Антоныча, а нехта нават трактаваў паэта як аўтара адной кнігі. У ёй паэт “нібы выйшаў з ракі дзяцінства, вада якой змыла сляды вучнёўства і наследавання і паказала мастака, поўнага ўражанняў першароднай красы і свежасці, якія дае чалавеку, а тым больш мастаку, адкрыццё свету” (М. Ільніцкі). Гэты свет быў “рассмеяны”, напоўнены яркімі фарбамі, багатымі гукамі, шалёнымі рухамі – ён круціўся, як верацяно – адзін з цэнтральных вобразаў кнігі – побач з сонцам, вясной і пярсцёнкам, які і даў назву зборніку, бо “якім бы шчодрым ні здаваўся нам свет Антонычавых асацыяцый, ён мімаволі прыводзіць нас на зыходную пазіцыю, і мы пераконваемся, што ён замкнёны ў сабе, як замкнёны пярсцёнак” (М. Ільніцкі). Сам аўтар вызначае трыяду дамінантаў наступным чынам: пярсцёнак песні (“Елегія про перстень пісні”), пярсцёнак маладосці (“Елегія про перстень молодости”) і пярсцёнак ночы (“Елегія про перстень ночі”).

Пасля заканчэння універсітэта ў 1933 годзе Антоныч заняўся літаратурнай дзейнасцю, з якой і жыў. Па некаторых звестках, ён пабойваўся настаўніцтва, казаў: “Як пайду на практыку, а потым на пасаду, то ўжо нічога не напішу”.

За перыяд з 1934 па 1937 гады Антоныч напісаў яшчэ тры кнігі, але толькі адна з іх, “Кніга Льва” (“Книга Лева”), выйшла пры яго жыцці – у 1936 годзе. Дзве іншыя – “Зялёнае евангелле” (“Зелена євангелія”) і “Ратацыі” (“Ротації”) – пасмяротныя выданні, датаваныя 1938 годам.

Памёр Антоныч на дваццаць восьмым годзе жыцця. Запаленне сляпой кішкі прывяло да вельмі цяжкага запалення лёгкіх, якое дактары-такі перамаглі. Але ліхаманкі і доўгага напружання не вытрымала слабое сэрца.

Чытайце таксама

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Клаўс Элсбергс

Клаўс Элсбергс

Латышскі паэт і перакладчык

Фрэнк О’Хара

Фрэнк О’Хара

Амерыканскі празаік, паэт і мастацкі крытык.

Ізі Харык

Ізі Харык

Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт

2143