№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Фэрнанду Пэсоа (Fernando Pessoa)

1888 - 1935

Фэрнанду Пэсоа
Cамы знакаміты партугальскі паэт XX стагоддзя. Пісаў творы на партугальскай і ангельскай мовах, падпісваючыся рознымі гетэронімамі, якіх некаторыя даследнікі налічваюць не менш за 72 імені, кожны са сваім уласным голасам, біяграфіяй і эстэтычнай праграмай. Найбольш вядомыя з іх – Алвару дэ Кампуш (Álvaro de Campos), Рыкарду Рэйш (Ricardo Reis) і Албэрту Каэйру (Alberto Caeiro).

Поўнае імя – Фэрнанду Антонію Нугейру Пэсоа. Нарадзіўся 13 чэрвеня 1888 году ў Лісабоне. Ва ўзросце пяці гадоў будучы пісьменнік страціў бацьку, які памёр ад туберкулёзу, а хутка і малодшага брата, якому не было нават году. У 1895 годзе яго маці выходзіць замуж у другі раз за консула Партугаліі ў Дурбане, і яны пераязджаюць у Паўднёвую Афрыку. Там ён атрымоўвае адукацыю і выяўляе ранні талент да літаратурнай творчасці. Там жа знаёміцца з творамі Ў. Шэкспіра, Э. По, Дж. Мілтана, Дж. Г. Байрана, Дж. Кітса, П. Б. Шэлі, А. Тэнісана і іншых. Ангельская мова адыграе значную ролю ў жыцці паэта.

У 1905 годзе, пакінуўшы сям’ю ў Афрыцы, Пэсоа вяртаецца ў Партугалію, каб вывучаць літаратуру. У 1906 г. ён паступае на Вышэйшыя літаратурныя курсы (цяпер філалагічны факультэт Лісабонскага універсітэта), але не вытрымлівае і аднаго году. У гэты ж час ён знаёміцца з найбуйнейшымі партугальскімі пісьменнікамі. У наступным годзе памірае бабуля паэта, дзякуючы невялікай спадчыне якой Пэсоа адчыніў маленькую тыпаграфію, якая, праўда, хутка збанкрутавала. З 1908 г. і да апошніх дзён паэт займаецца перакладамі камерцыйнай карэспандэнцыі, ведучы даволі сціплае грамадскае жыццё.

З 1912 г. Пэсоа пачынае выступаць у перыядычных выданнях як эсэіст і літаратурны крытык. У 1915 г. разам з іншымі паэтамі, такімі як Алмаду Нэгрэйруш і Марыю дэ Са-Карнэйру, ён выдае літаратурны часопіс “Арфей”, які запачаткаваў мадэрнізм у партугальскай літаратуры. У 1918 г. выходзяць дзве англамоўныя кнігі Пэсоа – паэма “Антыной” (Antinous) і “35 санэтаў” (35 Sonnets). Разам з двума кампаньёнамі Пэсоа засноўвае яшчэ адну тыпаграфію, у якой у 1921 г. выходзяць яшчэ два зборнікі яго англамоўнай паэзіі – “Ангельскія вершы I-II” (English Poems I-II) і “Ангельскія вершы III” (English Poems III). Пэсоа перакладае некалькі кніг з ангельскай на партугальскую, а таксама вершы Э. По “Крумкач” і “Анабэль Лі”.

З таго часу, як Пэсоа вяртаецца з Афрыкі ў Партугалію, ён вельмі рэдка выязджае з любімага Лісабону. Менавіта найбольш цікавым месцам і атмасферы гораду прысвечаная “Кніга неспакою”, яшчэ адзін значны твор, напісаны чацвертым з самых вядомых гетэронімаў Пэсоа – Бэрнарду Суарэшам. Аднак і ён не быў апублікаваны пры жыцці пісьменніка.

Фэрнанду Пэсоа памёр амаль невядомым 30 лістапада 1935 году, надрукаваўшы толькі адну кнігу на партугальскай мове – “Пасланне” (Mensagem) і пакінуўшы вялікую спадчыну вершаў і лістоў, якія да гэтага часу даследуюцца і рыхтуюцца да друку. На падставе біяграфіі і твораў пісьменніка створаныя раманы “Год смерці Рыкарду Рэйша” Жазэ Сарамагу і “Тры апошніх дні Фэрнанду Пэсоа” Антоніё Табукі.

Сам Ф. Пэсоа наконт сваёй біяграфіі выказваўся так:

“Калі пасля таго, як я памру, нехта захоча напісаць маю біяграфію, няма нічога прасцей. Вось дзве даты – майго нараджэння і маёй смерці. Усё астатняе належыць мне”.

Чытайце таксама

Ігар Кулікоў

Ігар Кулікоў

Паэт і перакладчык.

Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў

Беларускі гісторык, празаік, эсэіст, паэт, папулярызатар гісторыі

Рышард Крыніцкі

Рышард Крыніцкі

Польскі паэт, перакладчык і выдавец, прадстаўнік літаратурнай групы “Новая хваля” (Nowa Fala)

Аксана Забужка

Аксана Забужка

Украінская паэтка, пісьменніца, літаратуразнавец, публіцыст

1512