№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Станіслаў Ігнацы Віткевіч (Stanisław Ignacy Witkiewicz)

1885 - 1939

Станіслаў Ігнацы Віткевіч
Станіслаў Ігнацы Віткевіч (псеўданім – Віткацы, польск. Witkacy) – польскі мастак, фатограф, драматург, празаік, эсэіст, філосаф, тэарэтык мастацтва.

Нарадзіўся ў 1885 годзе ў Варшаве ў сям'і пісьменніка і мастака Станіслава Віткевіча і настаўніцы музыкі Марыі Пятшкевіч.

Адукацыю атрымліваў дома, у бацькоўскім маёнтку ў Закапанэ, дзе збіралася тагачасная творчая інтэлігенцыя. У 1891–1893 гг. Віткевіч піша свае першыя карціны і драму “Камедыі з сямейнага жыцця” (Komedie z życia rodzinnego).

У 1902 годзе дэбютуе з філасофскімі творамі па праблеме дуалізму і філасофіі Шапэнгаўэра. У 1903 годзе экстэрнам заканчвае Львоўскую гімназію, падарожнічае ў Мюнхен і ў паўночную Італію, дзе з’яўляецца шэраг пейзажаў. У 1905–1909 гадах навучаецца ў кракаўскай Акадэміі мастацтваў, куды паступіў насуперак бацьку, аднак, расчараваўшыся, кідае навучанне, пасля ўдзельнічае ў шэрагу выставаў, падарожнічае па Еўропе, у 1912 годзе наведвае псіхааналітыка-фрэйдыста, які знаходзіць у яго комплекс эмбрыёна. У 1913 годзе заручаецца з Ядвігай Янчэўскай, але налета яна заканчвае жыццё самагубствам. У Віткевіча нервовы зрыў, дэпрэсія, і ягоны сябар, вядомы антраполаг Браніслаў Маліноўскі, запрашае яго ў этнаграфічную экспедыцыю ў Акіянію (1914). Вярнуўшыся з Аўстраліі, Віткевіч служыць у царскім войску, ідзе на Першую сусветную вайну і, паранены, трапляе ў запасны батальён у Пецярбургу, дзе ў той час адбываецца Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая значна паўплывае на светапогляд аўтара і якую пазней ён пераасэнсуе ў сваіх драматычных творах, перадусім у “Шаўцах” (Szewcy, 1934). Пра гэты перыяд жыцця Стась – як яго называлі сябры – не асабліва любіў расказваць. Ёсць меркаванне, што, каб не быць знішчаным (як царскі афіцэр) раз’ятраным натоўпам рэвалюцыянераў, Віткевіч мусіў удаваць вар’ята, бо рускія – паводле стэрэатыпу – адчуваюць забабонны страх перад “юродзівымі”.

У 1917 г. Віткацы далучыўся да суполкі фармістаў і ўдзельнічаў у яе выставах. У 1919 выдаў сваю галоўную філасофска-эстэтычную працу “Новыя формы ў мастацтве і вынікаючыя адтуль непаразуменні” (Nowe formy w malarstwie i wynikające stąd nieporozumienia), дзе выклаў “тэорыю чыстай формы”, пад уплывам якой пазней стварыў свой тэатр Тадэвуш Кантар. У гэтым жа годзе Віткевіч піша п’есу “Прагматысты” (Pragmatyści, 1919), якая прыносіць яму вядомасць як драматургу. У 1920–1921 годзе піша яшчэ некалькі п’ес, дзве з якіх – “Тумар Мазговіч” (Tumor Mozgowicz) і “Прагматысты” – ставяць у Варшаве і Кракаве, абедзве драмы выклікаюць палемікі сярод крытыкаў, у якіх актыўны ўдзел бярэ сам Віткацы. У наступныя гады адбываецца шэраг новых пастановак ягоных п’ес у розных польскіх тэатрах, Віткевіч удзельнічае ў шматлікіх выставах (у Парыжы, Кракаве, Торуні, Варшаве, Львове, Катавіцах і інш.), інтэнсіўна вывучае філасофскія працы (асабліва Ляйбніца, Гусэрля, Касірэра, Канта, Вітгенштэйна), піша новыя мастацтвазнаўчыя працы, драмы, філасофскія артыкулы, раман “Развітанне з восенню” (Pożegnanie jesieni, 1926). У гэты час пераходзіць да пісання партрэтаў, адкрывае фірму “С. І. Віткевіч” (S. I. Witkiewicz, 1925). З 1928 году эксперыментуе з пеётлем, мескалінам, какаінам, пад уплывам чаго малюе шэраг экспрэсіяністычных працаў з подпісамі наркотыкаў, якія ўжываў падчас стварэння той ці іншай карціны. У 1929 годзе знаёміцца з Чаславай Акіньскай, сувязь з якой – праўда, з некаторымі перапынкамі – трывае да канца жыцця.

У 1934 годзе піша сваю самую вядомую п’есу “Шаўцы”, якая ці не найлепш раскрывае аўтарскую візію свету з пазіцый катастрафізму, і філасофскія работы “Пра паняцце прадмету” (O pojęciu przedmiotu) і “Манадалогія” (Monadologia). У наступным годзе атрымлівае за літаратурныя дасягненні прэмію “Залаты Лаўр” Польскай акадэміі літаратуры.

У 1938 годзе за адну ноч малюе два аўтапартрэты – “Д-р Джэкіл” (Dr Jeckyll) і “М-р Хайд” (Mr Hyde), якія выражаюць яго ідэю аб дваістасці чалавечай натуры.

У чэрвені 1939 году малюе шмат партрэтаў у маёнтку Аўгустоўка пад Горадняй, у тым ліку свой апоші аўтапартрэт. У канцы жніўня вяртаецца ў Варшаву, а 5 верасня разам з Чаславай Акіньскай выязджае на ўсход. У вёсцы Язёры на ўкраінскім Палессі даведваецца па радыё аб уваходжанні савецкіх войскаў і 18 верасня 1939 году заканчвае жыццё самагубствам.

1985 год абвешчаны ЮНЭСКА годам Віткевіча, пасля чаго польскія ўлады вырашылі перазахаваць мастака ў Закапанэ, што было здзейснена ў 1988 г. Аднак, паколькі месца, дзе быў пахаваны на Палессі Віткацы, не было добра пазначана, у 1994 г. выявілася, што ў Польшчу перанеслі парэшткі нейкай маладой паляшучкі, што апісаў у сваёй песні Яцак Качмарскі: “Rymowanka zza grobu, czyli piosenka nie bez racji, z racji ekshumacji”.

Адсутнасць дакладнай інфармацыі пра парэшткі мастака, а таксама маўчанне Чаславы Акіньскай аб падрабязнасцях самагубства Віткевіча (саму яе ўдалося выратаваць) натхніла Яцака Капровіча на ідэю “ўдаванага” самагубства, згодна з якой мастак памёр у Лодзі ў 1968 г.

Чытайце таксама

Сэфі Ата

Сэфі Ата

Нігерыйская пісьменніца, драматург. Жыве ў ЗША, піша па-ангельску

Мікалай Гогаль

Мікалай Гогаль

Рускі празаік, драматург, паэт, крытык, публіцыст украінскага паходжання

Святлана Макаравіч

Святлана Макаравіч

Адна з найбольш яскравых і спрэчных постацяў у сучаснай славенскай літаратуры

Дзіна Кампана

Дзіна Кампана

Італьянскі паэт

1874