№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Чарлз Дыкенс (Charles Dickens)

1812 - 1870

Чарлз Дыкенс
Чарлз Дыкенс (поўнае імя Чарлз Джон Гафам Дыкенс) – адзін з самых знакамітых ангельскіх празаікаў і безумоўны класік сусветнай літаратуры. Гумар Боза (псеўданім, які часам выкарыстоўваў Дыкенс) пэўным чынам спрычыніўся да фармавання ангельскага гумару ўвогуле, а многія створаныя ім вобразы з’яўляюцца класічнымі (і аднымі з самых вядомых) вобразамі віктарыянскай літаратуры.

Нарадзіўся пісьменнік 7 лютага 1812 году ў Лэндпорце, што ля Портсмута, у досыць заможнай сям’і. Бацькі песцілі сына як маглі, патураючы ўсім яго жаданням, але шчаслівае дзяцінства хлопчыка цягнулася нядоўга. З прычыны таго, што бацька сямейства (якое, дарэчы, налічвала восем дзяцей) досыць легкадумна ставіўся да грошай, у адзін момант ён трапіў у пазыковую турму, і Дыкенс (якому тады было 12 гадоў) мусіў ісці працаваць на фабрыку. Складанасці гадоў, праведзеных на фабрыцы, а таксама пазнейшых часоў былі выяўленыя ў многіх раманах Дыкенса, асабліва ў “Оліверу Твісце” і часткова ў “Калядным харале”.

Сваю пісьменніцкую кар’еру Дыкенс пачаў як рэпарцёр, распрацоўваючы з’едлівую іронію і тонкі гумар у газетных артыкулах і робячыся ўсё больш і больш запатрабаваным журналістам. Першыя нарысы пісьменніка, якія так і называліся – “Нарысы Боза”, – былі выдадзеныя ў 1836 годзе, але прайшлі амаль незаўважнымі. Тым не менш, ужо ў тым жа годзе пісьменніка чакаў ашаламляны поспех, які мелі першыя часткі раману “Пасмяротныя запіскі Піквікскага клубу” (The Posthumous Papers of the Pickwick Club), галоўны герой якіх – добры дзівак містэр Піквік, што разам са сваімі сябрамі і паплечнікамі перажывае шэраг прыгодаў. Уся Англія смяялася з гэтай поўнай гумару кнігі, аднак ужо наступныя творы Дыкенса кардынальна адрозніваліся ад першага. Сярод іх быў “Олівер Твіст” (The Adventures of Oliver Twist, 1837–1839), дзе апавядаецца пра лёс сіраты, што трапіў на самае дно Лондана. Слава пісьменніка пашыралася яшчэ больш, Дыкенс робіцца знакамітым і ў Новым Свеце. Свой раман “Жыццё і прыгоды Марціна Чэзлвіта” (The Life and Adventures of Martin Chuzzlewit, 1843–1844) Дыкенс піша пасля паездкі ў Амерыку; у ім ён парадыюе многае ў амерыканскім ладзе жыцця, што выклікала ў амерыканцаў абурэнне творам.

У тым жа 1843 годзе Дыкенс піша першае са сваіх “калядных апавяданняў” – “Калядны харал” (A Christmas Carol), да якога пасля далучаюцца “Званы” (The Chimes, 1844), “Цвыркун на печы” (The Cricket on the Hearth, 1845), “Бітва жыцця” (The Battle of Life, 1846) і “Апантаны прывідамі” (The Haunted Man, 1848).

Наступны знакаміты раман Дыкенса выйшаў у 1848 годзе (а да гэтага часу пісьменнік ужо зрабіўся галоўным рэдактарам Daily News) – гэта быў “Домбі і сын” (Dombey and Son). За ім выйшаў раман “Дэвід Копэрфілд” (David Copperfield, 1849–1850), адзін з найбуйнейшых твораў Дыкенса. На гэты час пісьменнік дасягнуў зеніту свае славы – не толькі як аўтар раманаў, але і як лектар і выступоўца (ён публічна чытаў урыўкі сваіх твораў і досыць шмат зарабляў на такіх чытаннях).

Паводле словаў сучаснікаў і даследчыкаў творчасці пісьменніка (сярод іх Дж. Г. Льюіс), у Дыкенса бывалі бачанні – ён размаўляў са сваімі героямі, і гэта часта надакучала яму. У такія моманты ён адчуваў неабходнасць апынуцца на шумнай вуліцы і змяшацца з людзьмі. Аўтар нарыса “Невядомы Дыкенс” (1964) Нандар Фодар сцвярджае: “Мабыць, толькі творчы характар гэтых галюцынацыйных прыгодаў утрымлівае нас ад узгадкі пра шызафрэнію як магчымы дыягназ”.

Сярод апошніх твораў Дыкенса варта назваць “Маленькую Дорыт” (Little Dorrit, 1855–1857), “Аповесць пра два гарады” (A Tale of Two Cities, 1859), гістарычны раман, прысвечаны Французскай рэвалюцыі, якую пісьменнік зусім не ўхваліў, “Вялікія спадзяванні” (Great Expectations, 1860–1861), па-свойму аўтабіяграфічны раман, і апошні скончаны твор – “Наш агульны сябар” (Our Mutual Friend, 1864–1865). Дэтэктыўны раман “Таямніца Эдвіна Друда” (The Mystery of Edwin Drood), пачаты ў 1870 годзе (выйшла 6 выпускаў з 12) так і не быў скончаны, бо 9 чэрвеня 1870 году Дыкенс памёр ад інсульту.

Слава Дыкенса пасля смерці працягвала расці, ён пачаў лічыцца адным з найлепшых (разам з Шэкспірам) творцаў Англіі. У яго гонар названы кратэр на Меркурыі; яго творчасць пераасэнсоўваецца многімі сучаснымі пісьменнікамі. У якасці прыкладу можна назваць раман “Прывід аўтара” (Ghost Writer) сучаснага аўстралійскага пісьменніка і навукоўца Джона Харвуда, які перайграе сюжэт “Вялікіх спадзяванняў”, надаючы твору новы вусцішны сэнс.

Чытайце таксама

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

Уладзімір Садоўскі

Уладзімір Садоўскі

Інжынер, краязнаўца, пісьменнік.

Фрэнсіс Брэт Гарт

Фрэнсіс Брэт Гарт

Амерыканскі празаік, вядомы па творах пра каліфарнійскіх золаташукальнікаў

Мая Сарышвілі

Мая Сарышвілі

Грузінская паэтка

2179