№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Руноскэ Акутагава (芥川 龍之介)

1892 - 1927

Руноскэ Акутагава
Нарадзіўся 1 сакавіка 1892 году ў год Дракона, дзень Дракона, месяц Дракона, таму яго і назвалі Руноскэ (іерогліф імя "ру" азначае "дракон").

На дзевятым месяцы жыцця маці Руноскэ страціла розум, і хлопчыка аддалі на выхаванне ў бяздзетную сям'ю яе старэйшага брата, начальніка будаўнічага аддзелу Такійскай прэфектуры Акутагавы Маціякі. Так Руноскэ змяніў прозвішча Нінхара на Акутагава.

Руноскэ выдатна вучыўся, з малых гадоў самастойна засвойваў японскую і кітайскую класіку. У адзінаццаць гадоў ён ужо рэдагаваў рукапісны часопіс.

Чытаў Акутагава заўсёды шмат. Яшчэ да паступлення ў Такійскі імператарскі універсітэт (1913) на аддзяленне англійскай літаратуры Акутагава добра ведаў еўрапейскую і сусветную літаратуру. Тады яму найбольш падабаліся Франс, Ібсэн, Бадлер, Стрынберг, Бергсон... Дарэчы, эстэтычна Акутагава фармаваўся ў пару, калі маладая буржуазная Японія інтэнсіўна капіявала ўсё еўрапейекае: ад формы галаўных убораў чыгуначнікаў да еўрапейскіх літаратурных стыляў. Усё, чаго еўрапейская літаратурная традыцыя дасягнула за стагоддзі літаратурнага развою, абрынулася на Японію амаль у адзін момант: і рамантызм, і сентыменталізм, і рэалізм, і натуралізм, і першыя дэкадэнцкія і мадэрновыя вопыты. I ўсё гэта трэба было як мага хутчэй засвоіць, каб з улікам усяго вопыту еўрапейскай літаратуры зарыентавацца ў кірунках уласнага шляху.

Першыя свае апавяданні Акутагава напісаў, калі яшчэ вучыўся ва універсітэце. Яны адраэу былі заўважаныя крытыкай. Асаблівы поспех зведала апавяданне "Брама Расёмон", надрукаванае ў адным з буйнейшых японскіх штомесячнікаў "Тайкоку бангаку". "Браму Расёмон" ухваліў і Coсэкі Нацума, які ўжо тады лічыўся класікам японскай літаратуры.

Пасля заканчэння універсітэта Акутагава нейкі час працаваў выкладчыкам у ваенна-марской школе. Працу сваю ён не любіў (як і ўсё, што замінала літаратурнай дзейнасці), але яму патрэбны быў хоць які сталы заробак.

Праз некалькі гадоў службы ў ваенна-марской школе (Акутагава тады ўжо быў жанаты) ён атрымаў запрашэнне на працу ў буйную газету "Ocaка майніці". Акутагава прыняў запрашэнне, хоць нельга сказаць, што журналістыка яго надта вабіла.

З газетай "Осака майніці" звязаная і адзіная ў жыцці Акутагавы замежная вандроўка. Па заданні рэдакцыі ў 1921 годзе ён выправіўся ў Кітай і Карэю, каб напісаць серыю нарысаў. А ўвогуле ён жыў звыклым жыццём літаратурнага мэтра: у пэўныя дні прымаў у сваім кабінеце "Цёкодо" ("Храм чыстай рэчкі") літаратурную моладзь, наведваў шматлікія банкеты, збіраў карціны і антыкварыят, сварыўся з выдаўцамі за ганарары, ездзіў з лекцыямі па краіне.

Акутагава пісаў хутка і шмат. У дваццаць сем гадоў ён ужо быў аўтарам трох зборнікаў апавяданняў, кожны з якіх меў шумны поспех. У 1925 годзе ягонай кнігай распачалася шматтомная серыя "Збор сучасных твораў".

Такая інтэнсіўнасць літаратурнай працы не найлепшым чынам адбівалася на фізічным стане, псіхіцы. Да таго ж Акутагаву палохала, што ён атрымаў у нядобрую спадчыну ад маці псіхічную хваробу, якая зрабіла яе вар'яткай. Але інакш ён жыць не мог – мастацтва, літаратура былі для яго і сэнсам, і апраўданнем жыцця. Пра гэта яго знакамітыя словы: "Чалавечае жыццё не каштуе і аднаго радка Бадлера".

Ён працягваў апантана працаваць. У апошні год жыцця (1927) ім напісаныя такія кульмінацыйныя творы, як сатырычная ўтопія "Капы" і эгабелетрыстычная аповесць "Жыццё ідыёта".

Сатырычная ўтопія "Капы" была надрукаваная ў штомесячніку "Кайдэо". Тут Акутагава ўпершыню ўзяў за аб'ект аналізу не асобу, а грамадства. He жадаючы звязваць сябе канкрэтнымі дэталямі сучаснага сацыяльна-палітычнага жыцця Японіі, ён перанёс дзеянне свайго аповеду ў фантастычную краіну вадзянікоў ("капаў"), "Я засяліў свет майго аповеду звышнатуральнымі істотамі. Болей за тое, у адной з гэтых істотаў я намаляваў самога сябе".

"Капы" – бліскучы гратэск на тагачасную Японію (зрэшты, не толькі на Японію) і таленавіты псіхааналіз неўрозаў і комплексаў самога аўтара.

Апошні твор Акутагавы – "Жыццё ідыёта". Там ёсць такія радкі: "Няўжо не знойдзецца нікога, хто б задушыў мяне, пакуль я сплю?"

4 чэрвеня 1927 году, ва ўзросце трыццаці пяці гадоў, Руноскэ Акутагава прыняў смяротную дозу вераналу.

Трохі раней ён напісаў: "Шэкспір, Гётэ, Цікамацу Мондзаэмон непазбежна гінуць, але лона, што іх спарадзіла, – вялікі народ – ніколі не згіне. Усякае мастацтва, як бы ні мянялася яго форма, нараджаецца з нетраў народа".
 

Падрыхтаваў Валянцін Акудовіч

Чытайце таксама

Сюзана Кларк

Сюзана Кларк

Ангельская пісьменніца, лаўрэатка прэмій за раманы

Мікіта Славінскі

Мікіта Славінскі

Аўтар твора "Запіскі доктара Брылеўскага"

Сулейман Дыяманка

Сулейман Дыяманка

Сенегальска-французскі паэт, слэмер, спалучае паэзію і музыку

Ціт Макцый Плаўт

Ціт Макцый Плаўт

Значных рымскіх камедыёграфаў, першы рымскі аўтар, ад якога захаваліся цэлыя творы

1478