№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Герберт Ўэлс (Herbert Wells)

1866 - 1946

Герберт Ўэлс
Ангельскі пісьменнік, вядомы сваёй працай у жанры навуковай фантастыкі. Пладавіты аўтар і ў многіх іншых жанрах, такіх як сучасныя раманы, гісторыя, палітыка і сацыяльныя каментары. Ўэлса, як і Жуля Верна, называюць “бацькам навуковай фантастыкі”.

Ўэлс адкрыта прытрымліваўся сацыялістычных поглядаў і спачуваў пацыфістам, хоць і падтрымліваў Першую сусветную вайну, калі да яе ішла падрыхтоўка. Яго пазнейшыя працы рабіліся ўсё больш палітызаванымі і маралізатарскімі. У перыяд 1900–1920 гг. у яго раманах было менш навуковай фантастыкі, яны прысвечаныя жыццю нізоў сярэдняга класа (“Гісторыя містэра Полі”), перадавым жанчынам і суфражысткам (“Эн Вероніка”).

Герберт Джордж Ўэлс нарадзіўся ў Этлас-хаўз, у доме 47 на Хай-стрыт у Бромлі, графства Кент, 21 верасня 1866 году. У сям’і яго называлі “Берці”, ён быў чацвертым і апошнім дзіцем Джозэфа Ўэлса (былога сямейнага садоўніка, на той час крамніка і аматара крыкету) і яго жонкі Сары Ніл (былой сямейнай служанцы). Сям’я належала да нізоў сярэдняга класа.

Вызначальным інцыдэнтам у жыцці маладога Ўэлса стала аварыя, якая здарылася ў 1874 годзе і прыкавала яго да ложка са зламанай нагой. Каб прабавіць час, ён пачаў чытаць кнігі з мясцовай бібліятэкі, якія яму прыносіў бацька.

Маці і бацька Ўэлса ніколі дужа добра не ладзілі міжсобку, і калі яна вярнулася да працы, адной з умоваў было тое, што месца для мужа і дзяцей не будзе. Ўэлс бываў у яе ў перыяды, калі не мог знайсці працы. На шчасце для Ўэлса, у доме была цудоўная бібліятэка, у якую ён акунаўся і чытаў шмат класічнай літаратуры, у тым ліку “Рэспубліку” Платона, і “Утопію” Мора.

У 1883 Ўэлс ўгаварыў бацькоў адправіць яго вучыцца і выкладаць малодшым класам у Мідхерсцкай сярэдняй школе. Налета Ўэлс атрымаў стыпендыю для навучання ў Настаўніцкай навуковай вучэльні ў Лондане і вывучаў біялогію пад кіраўніцтвам Томаса Генры Хакслі.

Неўзабаве Ўэлс далучыўся да дыскусійнага клуба школы. У гэтыя гады ён пачаў цікавіцца магчымасцю рэфармавання грамадства. Упершыню звярнуўшыся да гэтага пытання праз “Рэспубліку” Платона, ён хутка перайшоў да сучасных ідэй сацыялізму ў форме, якую прапаноўвала нядаўна створанае Фабіянскае таварыства і свабодныя лекцыі, чытаныя ў Келмскат-хаўз, у доме Ўільяма Морыса. Ён таксама быў адным з заснавальнікаў Science School Journal, школьнага часопіса, які дазваляў яму выказаць свае погляды на літаратуру і грамадства, а таксама спрабаваў свае сілы ў мастацкай літаратуры: першую версію свайго рамана “Машына часу” апублікавалі ў гэтым часопісе пад назвай “Вечныя арганаўты”.

У 1891 Ўэлс ажаніўся са сваёй кузінай Ізабэль Мэры Ўэлс, але пакінуў яе ў 1894 годзе дзеля адной са студэнтак, Эмі Кэтрын Робінс, з якой узяў шлюб у 1895 годзе. З Эмі ў яго былі два сыны: Джордж Філіп (якога называлі Джып) і Фрэнк Рычард. Ўэлс быў дыябетыкам і ў 1934 годзе стаў адным з заснавальнікаў арганізацыі, што цяпер вядомая як Дыябетыкі Аб’яднанага Каралеўства, галоўнай дабрачыннай арганізацыі людзей, якія пакутуюць на дыябет, у Вялікабрытаніі.

Прычыны смерці Ўэлса нявысветленыя. Ён памёр 13 жніўня 1946 г. у сваім доме №13 на Гановер-тэрас, Рэгентс-парк, Лондан. У некаторых паведамленнях прычынай смерці называюць дыябет або рак печані. У сваім прадмове да выдання 1941 г. “Вайны ў паветры” Ўэлс заявіў, што яго эпітафіяй варта зрабіць фразу: “Я ж вам казаў. Вы дурні малёваныя”, – але яго жаданне не было задаволенае, бо яго крэміравалі ў крэматорыі Голдэрс-Грын 16 жніўня 1946 году і прах пазней рассеялі над морам. Сіняя мемарыяльная дошка ў яго гонар была ўсталяваная ў ягоным доме на Рэгентс-парк.

Чытайце таксама

Кусуяма Масао

Кусуяма Масао

Японскі тэатральны крытык, рэдактар, дзіцячы пісьменнік

Жоржы ды Сэна

Жоржы ды Сэна

Партугальскі празаік, паэт, драматург, крытык, эсэіст, перакладчык

Арына Глінская

Арына Глінская

Беларуская паэтка, мастацтвазнаўца

Курт Вoнэгут

Курт Вoнэгут

Амерыканскі пісьменнік, сатырык, мастак, пісаў і ў рэчышчы навуковай фантастыкі

1194