Чарлз Букоўскі (Charles Bukowski)
1920 - 1994
Пасля заканчэння сярэдняй школы Букоўскі год правучыўся ў гарадcкім каледжы Лос-Анджэлеса на факультэце ангельскай мовы і журналістыкі, спадзеючыся стаць пісьменнікам. У 1941 годзе Чарлз сыходзіць з дому, пасля таго як бацька, прачытаўшы яго апавяданні, літаральна выкідвае рэчы сына на двор.
Першае апавяданне Букоўскі было надрукаванае ў 1944 г., праз два гады наступнае. Але Букоўскі расчароўваецца ў пісьменніцкай дзейнасці і амаль дзесяць гадоў нічога не піша. У 1955 Бук трапляе ў клініку з дыягназам “крываточная язва”, прычына якой — празмернае ўжыванне алкаголю. Яго выратоўваюць ад смерці, але забараняюць піць. Забарону Букоўскі ігнаруе.
Пасля выпіскі з клінікі ён зноў пачынае пісаць, у асноўным вершы. Яго першы паэтычны зборнік «Кветка, кулак і пажадлівае выццё» (Flower, Fist and Bestial Wail) накладам 200 асобнікаў пабачыў свет у 1960 годзе, затым «Вершы на доўгую дыстанцыю для гульцоў, што прайграліся» (Longshot Poems for Broke Players) — у 1962 г. Першы зборнік апавяданняў «Усе сракі ў свеце і мая» (All Assholes In The World And Mine) з’явіўся ў 1966 годзе.
Асноўныя паэтычныя зборнікі Букоўскі, якія зацікавілі яго крытыкаў і чытачоў, былі надрукаваныя ў выдавецтве Loujon Press. У пачатку 1960-х Loujon Press таксама выдаваў літаратурны часопіс The Outsider, дзе друкаваліся творы Джэка Керуака, Алена Гінзберга, Генры Мілера, Ўільяма Бэроўза і іншых. У першым нумары часопіса з’яўляецца падборка вершаў і Чарлза Букоўскі. А ў 1966 па выніках апытання часопіса Бук прызнаны «Аўтсайдарам году».
З 1967 года Букоўскі вядзе калонку «Нататкі старога распусніка» (Notes of A Dirty Old Man) у газеце Open Air, а затым у Los Angeles Free Press. Гэтыя тэксты былі выдадзеныя асобнай кнігай у 1969 годзе.
У 1960—1970-х Чарлз Букоўскі робіцца надзвычай папулярным, асабліва ў Еўропе. Гэтым поспехам ён у вялікай ступені абавязаны свайму прыхільніку і выдаўцу Джону Марціну, які ў 1969 годзе прапануе выплачваць пісьменніку 100 даляраў штомесяц, каб той мог увесь час прысвячаць творчасці. Букоўскі пагаджаецца і кідае працу на пошце. Менш чым праз месяц пасля звальнення ён піша свой першы раман «Пошта» (Post Office), які ў 1971 годзе пабачыў свет у выдавецтве Марціна Black Sparrow Press.
Усе раманы Чарлза Букоўскі ў многім аўтабіяграфічныя. Яго альтэр эга Генры Чынаскі — алкаголік, валацуга і бабнік, які жыве сярод злачынцаў і адкідаў грамадства, але часам трапляе з дапамогай жанчынаў і ў высокія колы. Упершыню Чынаскі з’яўляецца ў аповесці «Прызнанні чалавека, звар’яцелага настолькі, каб жыць са звярамі» (Confessions of a Man Insane Enough to Live With Beasts), потым у раманах: вышэйзгаданая «Пошта», «Фактотум» (Factotum, 1975), «Жанчыны» (Women, 1978), «Хлеб з вяндлінай» (Ham on Rye, 1982).
Апошні зборнік вершаў, які выходзіць пры жыцці паэта, — «Вершы апошняй ночы на Зямлі» (The Last Night of the Earth Poems).
Чарлз Букоўскі памёр 9 сакавіка 1994 ад лейкеміі, у хуткім часе пасля таго, як скончыў свой апошні раман «Макулатура» (Pulp). Цырымонію пахавання правялі будысцкія манахі. На яго магільнай пліце напісана «Не спрабуй» (Don’t try).