№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

О. Генры (O. Henry)

1862 - 1910

О. Генры
Амерыканскі пісьменнік, празаік, аўтар папулярных навэлаў, гумарэсак.

Сапраўднае яго імя – Ўільям Сідні Портэр. Нарадзіўся Ўільям 11 верасня 1862 у Грынсбара, штат Паўночная Караліна. Жыццё яго было нярадасным ад самага дзяцінства. Маці памерла, калі яму было тры. Бацька, бедны правінцыйны лекар, пасля смерці жонкі запіў і неўзабаве ператварыўся ў нікчэмнага апівоша. Ва ўзросце дваццаці гадоў Ўільям пераехаў у Тэхас і пасяліўся ў г. Осціне. Змяніў мноства прафесій (рабіў аптэкарам, фермерам, гандляром і інш.), затым уладкаваўся касірам у Першы нацыянальны банк, адначасова займаючыся журналістыкай. У ліпені 1887 ажаніўся з Атол Эстэ. У 1896 годзе, падазраваны ў растраце, вымушаны быў уцячы ў Гандурас, дзе чакаў прыезду жонкі з маленькай дачкой. Але Атол памірала ад сухотаў, і ў 1897 Портэр вярнуўся ў Осцін. Праз год яго прызналі вінаватым і прысудзілі да пяці гадоў зняволення (усяго ён адбыў за кратамі тры з паловай гады).

Выконваючы ускладзеныя на яго абавязкі турэмнага фармацэўта, Портер атрымаў магчымасць заняцца літаратурай і пачаў друкавацца пад псеўданімам О. Генры (імя вядомага французскага фармацэўта). Першы свой аповед пад гэтым псеўданімам – “Калядны падарунак па-мексіканску”, надрукаваны ў 1899 у “Часопісе Маклюра” (McClure’s Magazine), – ён напісаў у турме. Гэты псеўданім часта няслушна запісваецца накшталт ірландскага прозвішча О’Генры (O’Henry).

Калі ў ліпені 1901 Портэр выйшаў на волю, у яго ўже была свая чытацкая аўдыторыя. Ён перабраўся ў Нью-Ёрк, зажыў на шырокую нагу і быў у невылазных пазыках у сваіх выдаўцоў. З гэтай прычыны самымі прадуктыўнымі былі 1904–1905 гг., калі ён пісаў па аповедзе за дзень для Sunday World, і пісаў няроўна, ахвяруючы мастацкай праўдай на карысць забаўляльнасці. Бадай, найбольш вернае ўяўленне пра творчасць О.Генры дае зборнік “Чатыры мільёны” (The Four Million, 1909), куды ўвайшлі такія любімыя чытачамі аповеды, як “Дары мудрацоў” (The Gift of the Magi), “Пакой пад дахам” (The Furnished Room), “Стралок і скарбы” (Mammon and the Archer). Дзеянне сатырычнага рамана ў навэлах “Каралі і капуста” (Cabbages and Kings, 1904) адбываецца ў Цэнтральнай Амерыцы, зборніка “Сэрдца Захаду” (The Heart of the West, 1907) – на тэхаскіх ранча, а “Голас вялікага гораду” (The Voice of the City, 1908) – у яго ўлюбёным Нью-Ёрку.

Творы О. Генры адметныя вынаходніцкай фабулай, нечаканымі развязкамі, насмешлівым гумарам. Яны ствараюць казачна-авантурную эпапею амерыканскага жыцця, поўную дакладных бытавых прыкметаў і трапных сацыяльных назіранняў. Тыповы герой О. Генры – “маленькі амерыканец” з яго правам на шчасце.

У 1907 Портэр ажаніўся ў другі раз, але на той час ён ужо быў цалкам пад уладаю алкаголя, і шлюб неўзабаве распаўся. Памёр Портэр у Нью-Ёрку 5 чэрвеня 1910 году. У зборнік “Постскрыптумы” (Postscripts), выдадзены ўжо пасля смерці О. Генры, увайшлі фельетоны, накіды і гумарыстычныя нататкі, напісаныя ім для газеты Post (Х'юстан, штат Тэхас, 1895–1896). Усяго О. Генры напісаў 273 аповеды; поўны збор яго твораў складае 18 тамоў.

Чытайце таксама

Віктар Жыбуль

Віктар Жыбуль

Беларускі паэт-авангардыст, перформер, літаратуразнаўца

Інгрыд Ноль

Інгрыд Ноль

Нямецкая аўтарка дэтэктываў і трылераў

Эдыт Сёдэргран

Эдыт Сёдэргран

Фінска-шведская паэтка Эдыт Ірэнэ Сёдэргран нарадзілася 4 красавіка 1892 году

Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў

Беларускі паэт і празаік, грамадскі і палітычны дзеяч

2523