№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эдгар Алан По (Edgar Allan Poe)

1809 - 1849

Эдгар Алан По

Амерыканскі паэт, навэліст, журналіст, філосаф, літаратурны крытык, адзін з самых значных прадстаўнікоў амерыканскага рамантызму і амерыканскай літаратуры ўвогуле, заснавальнік дэтэктыўна-фантастычнага жанру ў літаратуры.

Нарадзіўся 19 студзеня 1809 году ў Бостане ў сям’і актораў. Бацькі По Дэвід По і Элізабэт Арналд-По памерлі рана і амаль адначасова, пакінуўшы траіх дзяцей. Двухгадовага Эдгара ўзяла на выхаванне багатая бяздзетная пара Аланаў, кіруючыся тагачаснай модай на дабрачыннасць. З шасці да адзінаццаці гадоў (1815 – 1820) По жыве ў Англіі, навучаючыся спачатку ў прыватнай школе – пансіёне Дзюбура (Лондан), а потым у прыгараднай школе “Мэнар-хаўз”.

У 17 гадоў По паступае ва універсітэт Вірджыніі, адчынены за год да таго Томасам Джэферсанам, але не заканчвае яго. Пасля сваркі з айчымам По выпраўляецца ў Бостан. Надзеі палепшыць матэрыяльнае становішча публікацыяй вершаў (першы зборнік По, выдадзены ананімна, назіў назву “Тамерлан і іншыя вершы” (Tamerlane and Other Poems, 1827)) не спраўдзіліся. Ён завербаваўся ў армію пад імем Эдгара А. Пэры, 22 гадоў (насамрэч яму было толькі 18), ураджэнца Бостану, і даслужыўся да звання сяржант-маёра, найвышэйшага для малодшых камандзіраў.

У 1829 годзе зборнік вершаў По, цяпер падпісаны яго імем, выходзіць пад назвай “Аль-Арааф, Тамерлан і малыя вершы” (Al Aaraaf, Tamerlane and Minor Poems).

У 1830 годзе пад прымусам айчыма По паступае ў ваенную акадэмію Вэст-Пойнт, падпісаўшы забавязальніцтва адслужыць там поўны тэрмін – 5 гадоў. Але праз год дабіваецца свайго выключэння і з’язджае ў Нью-Ёрк.

З 1831 да 1833 году По жыве ў Балтымары ў свае цёткі Марыі Клэм, з дачкой якой Вірджыніяй (1822 – 1847) ён ажэніцца ў 1836 годзе.

За час жыцця ў Балтымары ён двойчы ўдзельнічаў у конкурсах на найлепшае апавяданне. Такія конкурсы ладзіліся, каб заахвочваць маладыя таленты і спрыяць развіццю нацыянальнай літаратуры. Апавяданне По “Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы” было адзначанае першай прэміяй на конкурсе 1833 году.

У перыяд з 1830 да 1840 году По актыўна працуе ў разнастайных часопісах у якасці літаратурнага крытыка і піша многія са сваіх найлепшых твораў. У 1840 годзе выходзіць зборнік прозы По “Гратэскі і арабескі”.

У 1846 годзе зачыняецца часопіс, дзе ён працаваў у той час, а праз год памірае ад сухотаў ягоная жонка. Стасункі з Сарай Элен Ўітмэн скончыліся разрывам праз нервовы і разумовы стан По, які ўсё пагаршаўся, да таго ж пагоршылася залежнасць По ад алкаголю. За некалькі месяцаў да смерці ён заручаецца з Сарай Эмілі Ройстэр, у якую быў закаханы ў дзяцінстве.

У верасні 1849 году По з вялікім поспехам чытаў у Рычмандзе лекцыю “Паэтычны прынцып”, адкуль выехаў, маючы 1500 даляраў. Што адбылося потым, невядома. Праз некаторы час яго знайшлі абрабаваным і ў несвядомым стане. Яго прывезлі ў Балтымар, дзе ён памёр у шпіталі 7 кастрычніка 1849 году ва ўзросце сарака гадоў.

Уплыў По на паслядоўнікаў і пазнейшую сусветную літаратуру, прысутнасць яго твораў у еўрапейскай культуры пераацаніць складана. Пры жыцці ён быў практычна невядомы на радзіме. Спачатку, дзякуючы французскім перакладам Шарля Бадлера, яго адкрыла Еўропа, і толькі потым яго творчасць ацаніла Амерыка. Дж. Б. Шоў выказаўся пра гэта наступным чынам: “По не жыў у Амерыцы, ён там памёр”.

Чытайце таксама

Жузэ Сарамагу

Жузэ Сарамагу

Партугальскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1998)

Сільвія Плат

Сільвія Плат

Амерыканская паэтка і празаік, якую лічаць адной з галоўных прадстаўніц і заснавальніц жанру “спавядальнай паэзіі”.

Алешандры Радрыгеш

Алешандры Радрыгеш

Бразільскі пісьменнік і журналіст

Анастасія Афанасьева

Анастасія Афанасьева

Украінская рускамоўная паэтка. Таксама перакладае з украінскай

1933