№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Адам Міцкевіч (Adam Mickiewicz)

1798 - 1855

Адам Міцкевіч
Адам Міцкевіч нарадзіўся на хутары Завоссе на Навагрудчыне ў сям''і збяднелага шляхціца, адваката Мікалая Міцкевіча. Міцкевічы былі паланізаванымі беларусамі, паэт называў сябе "ліцвінам", хоць творы пісаў на польскай мове. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудскай дамініканскай школе. У 1815 паступіў на фізічна-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта. Зразумеўшы, што дакладныя навукі не яго прызванне, праз год перавёўся на гістарычна-філалагічны факулътэт. Тут узнікла таемнае студэнцкае таварыства філаматаў (сяброў навукі), адным з кіраўнікоў якога стаў Міцкевіч. Першыя яго паэтычныя творы напісаныя пад уплывам філамацкіх ідэй. У паэме "Мешка, князь Навагрудскі" (1822), апавяданні "Жывіла", шэрагу вершаў упершыню з'яўляецца прывабны вобраз рамантычнага героя-барацьбiта за свабоду і шчасце народаў Літвы і Беларусі. Прафесура універсітэта палічыла творы "крамольнымі". Міцкевічу прапанавалі сціплую пасаду настаўніка Ковенскай павятовай школы.

У 1821 г. таварыства філаматаў ператварылася ў таварыства філарэтаў (сяброў дабрачыннасці). Па ініцыятыве Міцкевіча быў створаны шэраг масавых арганізацый моладзі, у якіх меркавалася рыхтаваць новыя кадры для філарэтаў. Найбольш бунтарскі твор Міцкевіча гэтага перыяду – "Ода да маладосці" (1820), з якой пазней ішлі ў бой паўстанцы 1830 г. Адначасова з вершамі-маніфестамі М. стварыў цыкл рамантычных балад, што ў 1822 увайшлі ў І том яго твораў. Сярод іх сусветна вядомыя "Люблю я!", "Рамантычнасць", "Свіцязь", "Рыбка", сюжэты якіх падказаныя беларускімі народнымі паданнямі і песнямі.

У перыяд настаўніцтва Міцкевіч пакахаў прыгажуню Марылю Верашчаку, з якой пазнаёміўся ў 1818 г. у час летнiх вакацый, калі гасцяваў у маёнтку Туганавічы непадалёк ад Навагрудка. У той час Марыля была сасватаная за графа Путкамера, за якога выйшла замуж у 1821 г. Самыя пяшчотныя лірычныя вершы Міцкевіч прысвяціў Марылі. У гэты час памерла горача любімая маці паэта. Перажываннi падарвалі яго здароўе. У 1822 г. ён быў вымушаны узяць на год адпачынак па хваробе. Жыў у Вільні. Тут ён стварыў славутую паэму "Гражына" (1823), у якой ажывае старажытная гісторыя Літвы-Беларусі. У Вільні Міцкевіча распачаў сваю шматгадовую працу над самым сваім фiласофскiм творам – паэмай "Дзяды".

Калі ў кастрычніку 1823 Міцкевіч вярнуўся з падарожжа ў Вільню, яго арыштавала следчая камісія, створаная з мэтай спыніць патрыятычны рух "польскай моладзі ў Літве". У час следства філарэты зрабілі ўсё, каб адвесці ад Міцкевіча абвінавачаннi, але ён быў высланы ў цэнтральныя раёны Расіі.

8 лістапада 1824 г. Міцкевіч прыбыў у Пецярбург за прызначэннем. У чаканні прысуду Міцкевіч сышоўся з дзекабрыстамі і атрымаў нават даручэнне зблiзіць рускіх патрыётаў з патрыётамі Польшчы, Беларусі і Літвы. Ён актыўна ўдзельнічаў у так званых "руска-польскіх перамовах" паміж дзекабрысцкім "Паўднёвым" таварыствам і "Польскім патрыятычным". Вырашэнне з прызначэннем месца высылкі зацягнулася. Міцкевіч паехаў у Крым, там напісаў паэтычны цыкл "Крымскія санэты" і шэраг вершаў.

Вясной 1826 рэдактар "Московского телеграфа" ўвёў Міцкевіча ў маскоўскае літаратурнае асяроддзе, i ён стаў частым госцем славутага салона княгіні З. Валконскай, зблiзіўся там з Баратынскім, Веневіцінавым, Вяземскім, Пагодзіным, Пушкіным. У гэты час Пушкін працаваў над "Барысам Гадуновым", і парады Міцкевіча яго вельмi цікавілі. У гэты час паэт перажыў яшчэ адну драму. У салоне Валконскай ён пазнаёміўся з К. Януш (пазней вядомая паэтка Паўлава) і вырашыў ажаніцца з ёй, але яе бацькi не далі згоды на шлюб.

Сур'ёзнай працай гэтага часу была паэма "Конрад Валенрод", якую Міцкевіч пачаў пісаць у Маскве, а скончыў у Пецярбургу.

У лютым 1829 году дзякуючы хадайніцтву В. Жукоўскага, князя Галіцына і Валконскай, Міцкевіч атрымаў дазвол выехаць за мяжу. У час падарожжа ён пазнаеміўся з Гётэ. 18 лістапада 1829 г. ён прыбыў у Рым, куды запрасіла яго на сваю вілу княгіня Валконская. Тут Міцкевіч пасябраваў з мастаком К. Бруловым, дацкім скульптарам Торвальдсэнам, амерыканскiм пiсьменнікам Дж. Ф. Куперам. Адсюль ён сачыў за развіццём рэвалюцыйных падзей у Францыі і за ходам паустання ў Варшаве. У гэты час Міцкевіч распачаў працу над галоўным сваім творам – паэмай "Пан Тадэвуш".

У 1834 г. Міцкевіч ажаніўся з Цэлінай, дачкой польскай піяністкі і кампазітара М. Шыманоўскай-Валоўскай. Распачаў працу над "Гісторыяй Польшчы", фантастычным творам "Гісторыя будучага", драмамі "Барскія канфедэраты" і "Якуб Ясінскі". Каб палепшыць матэрыяльнае становiшча сям''і, Міцкевіч чытаў лекцыі па лацінскай літаратуры ў Лазанскай акадэміі, потым у Парыжы, на кафедры Калеж дэ Франс па гісторыі літаратураў славянскіх народаў.

У 1848 г., калі хваля рэвалюцый ахапіла Францыю і Італію, Міцкевіч прыкладаў вялікія намаганні, каб стварыць у Італіі Польскі легіён, які, уліўшыся ў армію Гарыбальдзі, змагаўся супраць агульнага прыгнятальніка – Аўстрыйскай імперыі. М. адначасова пачаў выдаваць у Парыжы штодзённую палітычную газету "Трыбуна народаў", якая неўзабаве была забароненая ўладамі за крытыку Луі Напалеона. У 1854 г., калі пачалася руска-турэцкая вайна, польскія эмігранты вырашылі стварыць ваеннае фарміраванне ў Турцыі, каб ваяваць пад кіраўніцтвам ангельцаў і французаў супраць Расійскай імперыі. Па рэкамендацыі ініцыятара гэтай акцыі князя Чартарыйскага Міцкевіча накіравалі ў Стамбул пасланцам ад французскага міністэрства асветы, якое цікавiлі справы навуковых і культурных установаў у славянскіх краінах пад уладай Турцыі. Там Міцкевіч дапамагаў польскім патрыётам Чайкоўскаму (Садык Паша) і генералу У. Замойскаму, але патрабаваў, каб Польскі легіён дзейнiчаў самастойна, а не пад кiраўніцтвам іншаземцаў. Гэта збянтэжыла польскую эміграцыю, а яшчэ больш збянтэжыла тое, што Міцкевіч адначасова з Польскім легіёнам пачаў ствараць Габрэйскі легіён. У разгар гэтай справы Міцкевіч нечакана памёр у Канстанцінопалі (паводле афіцыйнай версіі, ад халеры). Але існавала меркаванне, што ён быў атручаны прыхільнікамі князя Чартарыйскага, якія лічылі, што такімi дзеяннямi Міцкевіч ганьбіць гонар Польшчы. Міцкевіч быў пахаваны на парыжскіх могілках у Манмарансі. У 1890 г. парэшткі Міцкевіч перавезеныя ў Польшчу і пахаваныя ў нішы каралеўскага палаца Вавель у Кракаве побач з Т. Касцюшкам.

І. А. Масляніцына



Біяграфія з сайта mickiewicz-museum.narod.ru

Чытайце таксама

Дан Андэрсан

Дан Андэрсан

Шведскамоўны паэт і празаік, некаторыя свае вершы сам паклаў на музыку

Жан Жыраду

Жан Жыраду

Французскі празаік, драматург і дыпламат, знакаміты стылістычнай вытанчанасцю і паэтычнай фантазіяй

Чэслаў Мілаш

Чэслаў Мілаш

Польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, юрыст і дыпламат

Эльзэ Ласкер-Шулер

Эльзэ Ласкер-Шулер

Нямецкая паэтка і празаік габрэйскага паходжання, адна з прадстаўніцаў нямецкага экспрэсіянізму.

13501