№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Помнік кнізе

12 лютага 2010

Увогуле, кніга – гэта і ёсць помнік: літаратуры, пісьменства, культуры. Аднак Кніга як культуратворца заслугоўвае і помніку самой сабе.

Напрыклад, мусульмане ўзвялі помнік Карану ў Арабскіх Эміратах (Шарджа).



А ў Туркменіі нядаўна ўсталявалі помнік кнізе Туркменбашы “Рухнама”, што ў перакладзе значыць “Духоўнае пасланне”. Гэтую кнігу, напісаную прэзідэнтам Сапармуратам Ніязавым, павінна ведаць як “Ойча наш” усё насельніцва краіны. Агромністы манумент уяўляе сабой дакладную копію кнігі. Увечары вокладка кнігі разгортваецца, і на першай старонцы з’яўляецца экран, на якім пры дапамозе праектара транслюецца дакументальны фільм пра станаўленне нацыі.



10 траўня 1933 года ў Нямеччыне адбылася масавая акцыя спальвання кніг. Сотні студэнтаў, прафесароў, супрацоўнікаў СС знішчалі ў вогнішчы кнігі “антынямецкіх” аўтараў: Зігмунда Фрэйда, Генрыха Мана, Карла Маркса і інш. Пасля паразы Нямеччыны ў вайне саюзнікі правялі акцыю знішчэння нацысцкай літаратуры. У памяць пра акцыі масавага спальвання кніг на Опернай плошчы (цяпер Бебельплац) у Берліне ў 1995 годзе быў адкрыты мемарыял работы ізраільскага скульптара Міхі Ульмана.



А ў межах выставы "Welcome to Germany, the land of ideas" тут жа на плошчы была ўсталяваная 20-метровая скульптура, якая складаецца з 17 кніг нямецкіх аўтараў.



А яшчэ ў Нямеччыне ёсць вось такі сціплы помнік Томасу Ману.



Некалькі помнікаў кнізе можна сустрэць насупраць Музею сусветнага першадрукара Іагана Гутэнберга ў Нямеччыне.



У Ізраілі ў горадзе Хайфа на тэрыторыі палітэхнічнага інстытута знаходзіцца бронзавая скульптура ў выглядзе фаліянту, з якога высыпаюцца літары алфавітаў народаў свету.



У Каталоніі ў 1994 ўсталяваны помнік работы Джоан Броса, прысвечаны Каталонскай букіністычнай гільдыі.



У культурнай сталіцы Расіі усталяваны помнік кнізе, якая ў сваю чаргу ўслаўляе сам горад словамі вялікага рускага класіка: “Люблю тебя, Петра творенье…”



Падчас кніжнага кірмашу ў польскім горадзе Леска ў 2008 годзе быў адкрыты помнік кнізе працы скульптара Анджэя Пітыньскага, які нечым нагадвае піцерскі варыянт. На закіды крытыкаў пра тое, што помнік выйшаў надта грувасткі, аўтар зазначыў, што “друкаванае слова павінна быць важкім”.



А ў Стамбуле, дзе кнігі турэцкіх паэтаў ўвекавечаны ў лавах, можна назіраць і помнік кнізе ў выглядзе клумбы.



Вось такі стос кніжак знаходзіцца перад адной з кнігарняў Пекіна.



А гэткі – у Злучаных Штатах Амерыкі.



Часам на першы план кампазіцыі помніка выходзяць літаратурныя героі. Такі падыход да скульптуры, прысвечанай кнізе, можна назіраць у горадзе Спрынгфілд, ЗША.



Падобны помнік існуе ў дворыку філалагічнага факультэта Санкт-Пецярбургскага універсітэта. “Роздум пра Маленькага прынца” работы сучаснага скульптара Арсэна Авецісяна. На стосе кніг, як на троне, сядзіць блазан і трымае ў руках цудоўную казку Экзюперы. На карэньчыку адной з кніг можна заўважыць самога Маленькага прынца.



Наогул, нездарма кажуць, што руская культура кнігацэнтрычная. У Расіі неверагодная колькасць помнікаў кнізе. Вось, напрыклад, помнік пад назвай “Кніга – крыніца ведаў” работы Аляксандра Капралава ўсталяваны каля кнігарні ў Омску.



Цікава, але ў Расіі існуе два аднолькавых помнікі кнізе, якія сімвалізуюць расійска-армянскае адзінства: у Навакузнецку і Барнауле. На адной старонцы кнігі руская азбука, а на другой армянскі альфабэт.


Навакузнецк


Барнаул

У Расіі ёсць помнік асобным кнігам вядомых пісьменнікаў. Так, існуе помнік “Истории государства Российского” Карамзіна.



Уцялеснена ў бронзе кніга Ганчарова “Абломаў”, у якой так яскрава ўвасоблены рускі нацыянальны характар.



А ў Амерыцы кнігу ўвекавечылі ў архітэктуры – у будынку бібліятэкі Канзас-сіці.



Храм ведаў уяўляе сабой вуліцу-паліцу, усцяж застаўленую кнігамі, уздоўж якой маюць асалоду шпацырваць канзаскія бібліяфілы.



Вандруючы па старонках інтэрнэту ў пошуках помнікаў кнігам, я не знайшла ніводнай згадкі пра падобны манумент у Беларусі. Буду шчаслівая, калі чытачы блогу і заўзятыя вандроўнікі па нашай радзіме выправяць мяне і дапоўняць гэты агляд звесткамі і фотаздымкамі пра “кніжную” скульптуру Беларусі.

Чытайце таксама

3443